Logo Polskiego Radia
Print

Матэвуш Маравецкі сустрэўся у Бэрліне з Ангелай Мэркель

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 16.02.2018 15:17
  • Матэвуш Маравецкі сустрэўся у Бэрліне з Ангелай Мэркель.mp3
Тэмай сустрэчы была міграцыйная палітыка, сытуацыя палякаў у Нямеччыне, брэксіт і газаправод «Паўночны паток 2».
Ангела Мэркель і Матэвуш Маравецкі. 16.02.2018 БэрлінАнгела Мэркель і Матэвуш Маравецкі. 16.02.2018 Бэрлін EPA/MARKUS HEINE Dostawca: PAP/EPA.

Прэм’ер Польшчы Матэвуш Маравецкі знаходзіцца з візытам у Нямеччыне.

Паводле палітыкаў, гэта важны візыт, тым больш, што ён адбываецца ў вельмі важным моманце – набліжаюцца да канца перамовы аб новым урадзе канцлеркі Ангелы Мэркель. Вырашаецца, між іншым, хто зойме пасаду міністра замежных спраў Нямеччыны – ці гэта будзе палітык пазытыўна настроены да Польшчы, ці яго погляды ў ключавых для Польшчы справах, як, напрыклад, энэргетыка будуць падобныя да польскіх.

Сёньня кіраўнік польскага ўраду сустрэўся з канцлеркай Нямеччыны Ангелай Мэркель. Тэмай сустрэчы была міграцыйная палітыка, сытуацыя палякаў у Нямеччыне, брэксіт і газаправод «Паўночны паток 2».

Перад візытам гучалі камэнтары, што паездка Маравецкага зьяўляецца адкрыцьцём новага пэрыяду ва ўзаемадачыненьнях паміж Польшчай і Нямеччынай. Тым часам сам Маравецкі, добра ацэньвае адносіны з Германіяй і сёньня раніцай перад ад’ездам у эфіры Польскага радыё палітык сказаў, што ён не зьбіраецца «выпраўляць» адносіны, таму што такой неабходнасьці няма:

М.Маравецкі: Нашыя ўзаемадачыненьні ў сфэры эканомікі і ў іншых галінах складваюцца зусім нядрэнна, таму нам не патрэбнае цалкам новае адкрыцьцё. Тое, што нам патрэбнае, гэта добра разумець адзін аднаго. Мы як краіна, якая на многа пазьней, чым Нямеччына, уступіла ў Эўрапейскі Зьвяз, змагаемся з праблемамі іншага маштабу. Мы чакаем ад краін Заходняй Эўропы разуменьня.

Нямеччына зьяўляецца галоўным эканамічным партнэрам Польшчы. Кіраўнік Канцылярыі прэм’ер-міністра Міхал Дворчык адзначае, што эканоміка зьяўляецца фундамэнтам польска-нямецкага супрацоўніцтва.

М.Дворчык: Гэта вельмі добры і моцны фундамэнт польска-нямецкіх узаемадачыненьняў. У нас рэкордны гандлёвы абмен у памеры 100 мільярдаў эўра. І гэта дае нам падставы чакаць, што эканамічны і гандлёвы абмен прычыняецца да замацоўваньня палітычнага супрацоўніцтва.

Пасьля сёньняшняй сустрэчы з канцлеркай Нямеччыны Маравецкі сказаў, што па справе газаправоду «Паўночны паток 2» пазыцыі Польшчы і Нямеччыны разыходзяцца.

М.Маравецкі: Я ня згодны з тым, што газаправод зьяўляецца элемэнтам дывэрсыфікацыі. Гэта ж газ з адной крыніцы, толькі ён будзе падавацца іншым шляхам. Мы падкрэсьліваем рызыку, зьвязаную з перакрыцьцём транзыту праз Украіну. Аднак важна, што канцлер сказала, што немагчыма, каб гэты транзыт праз Украіну спыніўся, што гэты шлях мусіць выкарыстоўвацца.

Падчас сустрэчы Матэвуша Маравецкага з Ангелай Мэркель узьнялі таксама пытаньне адказнасьці за Галакост.

Канцлерка Нямеччыны сказала тое, што яна гаварыла ўжо раней: адказнасьць за Галакост нясе Нямеччына. «Мы хочам, каб нашыя грамадзтвы былі ў пастаянным кантакце, каб нямецка-польскае супрацоўніцтва ўзрастала», – сказала Мэркель, дадаўшы, што важна, каб маладыя людзі ведалі пра такія месцы, як канцлягер у Асьвенціме й вывучалі сапраўдную гісторыю.

Польшча нязьменна не пагаджаецца прымаць бежанцаў з Паўночнай Афрыкі і Блізкага Ўсходу. За гэта краіны Заходняй Эўропы, у тым ліку і Нямеччына, крытыкуюць Польшчу. Прэм’ер Маравецкі адзначыў, што Польшча і Нямеччына маюць іншы погляд на справу абавязковых квот па разьмеркаваньні бежанцаў.

«У нас іншы падыход, які вынікае з розных узроўняў дабрабыту нашых дзяржаваў.

Германія зьяўляецца краінай, якая можа дазволіць сабе прымаць сотні тысяч мігрантаў, аказваць ім сацыяльную дапамогу, што, як вы ведаеце, вельмі дорага каштуе. Тое, на што могуць сабе дазволіць немцы, галяндцы, датчане, ня могуць сабе дазволіць краіны, якія карпатліва выходзяць з камунізму, якія пасьля Другой сусьветнай вайны не маглі нармальна разьвіваць сваю эканоміку. Я хачу падкрэсьліць гэтае прынцыповае адрозьненьне», – такую пазыцыю Польшчы прадстаўляе Матэвуш Маравецкі.

Кіраўнік Польскага ўраду запрасіў Ангелу Мэркель у Польшчу на ўрачыстасьці з нагоды 100-ай гадавіны вяртаньня незалежнасьці Польшчы.

На заканчэньне візыту ў Бэрліне кіраўнік польскага ўраду ўсклаў кветкі да помніка забітым габрэям Эўропы.

У суботу Матэвуш Маравецкі прыме ўдзел у Канфэрэнцыі Бясьпекі ў Мюнхене.

яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт