Logo Polskiego Radia
Print

Міністар замежных спраў тлумачыць словы прэм'ера

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 20.02.2018 13:44
«Былі здраднікі сярод палякаў, і былі героі. Здараліся таксама выпадкі, што габрэі выдавалі палякаў".
Прэм'ер-міністар М. Маравецкі (з левага боку) і міністар Я. ЧапутовічПрэм'ер-міністар М. Маравецкі (з левага боку) і міністар Я. ЧапутовічPAP/Leszek Szymański

Міністар замежных спраў Польшчы Яцэк Чапутовіч удзельнічае сёньня ў пасяджэньні Рады бясьпекі ААН. Перад гэтым візытам міністар даў інтэрвію выданьню «Dziennik Gazeta Prawna». Гутарка датычыць спрэчных пытаньняў у адносінах Польшчы з Ізраілем.

Нагадаем, чарговыя пратэсты выклікала выказваньне прэм’ер-міністра Польшчы, які заявіў, што былі ня толькі палякі, якія супрацоўнічалі з нацыстамі ў часе Другой сусьветнай вайны, але таксама і габрэі.

Чапутовіч кажа, што некалькі разоў праслухаў выказваньне кіраўніка рады міністраў. Ён падкрэсьліў, што польскі закон аб ІНП, з якога ўсё пачалося, быў папраўлены не з намерам караць тых дасьледчыкаў, якія кажуць, што сярод здраднікаў былі палякі, а тых, якія кажуць, што сярод іх былі габрэі або прадстаўнікі іншых нацый.

Міністар гаворыць таксама пра палякаў, якія ў часы вайны прычыніліся да сьмерці габрэяў. «Былі здраднікі сярод палякаў, і былі героі. Здараліся таксама выпадкі, што габрэі, затрыманыя немцамі, выдавалі палякаў, якія іх хавалі».

У гэтым пункце пазыцыі Варшавы і Ерусаліму адрозьніваюцца. У нядзельнай заяве прэм’ер-міністра Біньяміна Нетаньяху напісана, што «няма падстаў для параўнаньня паводзінаў палякаў і габрэяў у часы Галакосту».

Кіраўнік польскай дыпляматыі завярае, што гісторыкі, дасьледчыкі, незалежна ад іх поглядаў, ніколі ня будуць падлягаць пакараньню за сваю дзейнасьць. На думку прадстаўнікоў ураду, з якімі размаўлялі журналісты выданьня, ізраільскі бок чакае, калі дапоўнены польскі закон увойдзе ў сілу, каб пераканацца, ці завярэньні Польшчы пацьвердзяцца.

Dziennik Gazeta Prawna/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт