Logo Polskiego Radia
Print

«Абудзілася Беларусь да дзяржаўнага жыцьця»…

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 21.02.2018 15:55
  • дыктоўка.mp3
20 лютага ў Беларускім доме ў Варшаве прайшла Нацыянальная дыктоўка.
Foto: Y.Likhtarovich

Акцыя ладзілася для ўсіх неабыякавых да беларушчыны і беларускай мовы.

Нацыянальная дыктоўка стала ўжо традыцыя за апошнія гады ў Беларусі. Усё часьцей цяпер да яе далучаецца і дыяспара. Напярэдадні Дня Роднай мовы Беларускі дом у Варшаве зладзіў Нацыянальную дыктоўку, каб з падтрымаць традыцыю, салідарызавацца з Беларусьсю. Гаворыць сустаршыня Беларускага дома Ўлад Кобец.

Улад Кобец: Нацыянальнай дыктоўкай мы распачынаем маратон прысьвечаны сьвяткаваньню 100 год абвяшчэньня беларускай народнай рэспублікі. Маратон будзе доўжыцца цэлы год і скончыцца 11-га лістапада, калі мы будзем разам з палякамі сьвяткаваць дзень Незалежнасьці Польшчы. Гэтак мы беларусы Варшавы хочам салідарызавацца з беларусамі ў Беларусі.

Арганізатары падрыхтавалі для ўдзельнікаў сюрпрыз. Дыктоўка пісалася паводле аднаго са знакавых тэкстаў БНР, распавядае вядучая імпрэзы паэтка Валярына Кустава.

/

Валярына Кустава: Дыктоўка – гэта акт салідарнасьці. Ён больш важны, на маю думку, на замежжы, чым у самой Беларусі. Гэта годны ўчынак. Можна выйсьці на плошчу, можна падпісаць пэтыцыю, а можна напісаць Нацыянальную дыктоўку. Гэта будзе таксама грамадзянскі ўчынак. Сёлета мы падрыхтавалі на дыктоўку знакавы тэкст – Другая Ўстаўная грамата БНР.

Удзельнікаў дыктоўкі прывітаў дырэктар Цэнтра ўсходніх дасьледаваньняў Варшаўскага ўнівэрсытэта ды кіраўнік праграмы імя Каліноўскага Ян Маліцкі.

Ян Маліцкі: Шаноўнае спадарства, для мяне вялікі гонар сёньня да вас прамаўляць гэтыя словы. Спадзяюся, што сьвяткаваньне 100 гадовых угодкаў традыцыі новай беларускай дзяржаўнасьці прычыніцца да яшчэ большай салідарнасьці паміж супольнасьцямі нашай Эўропы, паміж Польшчай і Беларусьсю. Усяго добрага! Жыве Беларусь!

Спэцыяльным госьцем дыктоўкі быў сябра Рады БНР, віцэ-дырэктар «Белсату» Аляксей Дзікавіцкі. Ён зазначыў, што вітае кожны крок да пашырэньня ведаў пра БНР, якая ёсьць спробай беларусаў збудаваць сваю дзяржаву. Гэтым трэба ганарыцца.

Аляксей Дзікавіцкі: Кожная імпрэза, якая пашырае веды пра Беларускую народную рэспубліку вельмі правільная. Сёлета 100 год абвяшчэньня незалежнасьці сьвяткуе Польшча ды Летува. У іх атрымалася адваяваць сваю дзяржаву. У беларусаў таксама была спроба сваёй незалежнасьці. На жаль яна не атрымалася тады. Але дзякуючы гэтаму нас успрымаюць як іншыя эўрапейскія народы, што мелі сілы і здольнасьці заявіць пра сваю незалежнасьць. Мы сталі ў шэраг з нашымі суседзямі. Нам няма чаго саромецца, нягледзячы на тое, што ў нас тады не атрымалася.

Падчас дыктоўкі адбылася віктарына і конкурс на веданьне беларускай мовы і фактаў з гісторыі БНР. Пераможца дыктоўкі, асоба, якая найменш зрабіла памылак, атрымала том раней ніколі не апублікаваных сцэнараў да фільмаў клясыка беларускай літаратуры Ўладзіміра Караткевіча.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт