Logo Polskiego Radia
Print

У Гайнаўцы пратэстуюць супраць маршу ў гонар "Бурага"

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 22.02.2018 16:58
  • Гайнаўка_марш_Буры.mp3
"Кожны тут у гэтых пацыфікацыях страціў сваіх блізкіх. З маёй мясцовасьці шмат вазакоў загінула. Гэта проста правакацыя… "
Вялікдзень 1944 году, Рамуальд Райс «Буры» на чале атраду жаўнераў 3-й Віленскай брыгады Арміі Краёвай, вёска Тургелі, Віленшчына (тэрыторыя сучаснай Летувы) Вялікдзень 1944 году, Рамуальд Райс «Буры» на чале атраду жаўнераў 3-й Віленскай брыгады Арміі Краёвай, вёска Тургелі, Віленшчына (тэрыторыя сучаснай Летувы) Public Domain

Гайнаўскія гарадзкія дэпутаты пратэстуюць супраць правядзеньня ў іхнім горадзе „Marszu Żołnierzy Wyklętych” (выклятых жаўнераў). "Забараніць марш няма юрыдычных падставаў, але прыняць дакумэнт, у якім мы не пагаджаемся на правядзеньне такіх маршаў, ніхто нам не забароніць", – гаварыў у мэдыях бургамістр Гайнаўкі Ежы Сірак.

І гэта па ягонай ініцыятыве была прынятая пазыцыя Гарадзкой рады з пратэстам „супраць ушаноўваньня памяці капітана Рамуальда Райса, псэўданім „Буры”, а таксама ягоных падкамандных, шляхам арганізаваньня грамадзкіх сходаў з нагоды Нацыянальнага дня выклятых жаўнераў.

У дакумэнце прадстаўлена гісторыя падзеяў з канца студзеня – пачатку лютага 1946 году, калі аддзел польскага ўзброенага падпольля пад камандаваньнем капітана Рамуальда Райса правёў пацыфікацыю 5-ці беларускіх вёсак. „Буры” адказвае таксама за сьмерць вазакоў, якія былі забітыя непадалёк вёскі Пухалы Старэ.

Падчас гэтых падзеяў загінулі 79 праваслаўных жыхароў рэгіёна. Гайнаўскія райцы прыгадваюць таксама, што, паводле Інстытута нацыянальнай памяці, які праводзіў сьледзтва па гэтай справе, акцыі аддзелу „Бурага” „нельга атаясамліваць са змаганьнем за незалежнасьць дзяржавы, бо мае яна рысы генацыду”.

У дакумэнце чытаем пра рашучае асуджэньне падзеяў 72-гадовай даўніны, а таксама пра неадабрэньне для арганізаваньня „Маршу выклятых жаўнераў” у Гайнаўцы.

На думку старшыні Гарадзкой рады Якуба Астапчука, арганізацыя маршу дзеля ўшанаваньня „Бурага” менавіта ў Гайнаўцы – гэта сваеасаблівая правакацыя.

Я.Астапчук: Такі марш можа адбыцца ў Высокамазавецкім ці ў Лапах, у любым іншым месцы, але не ў гэтым горадзе, дзе большасьць людзей – гэта праваслаўныя. Кожны тут у гэтых пацыфікацыях страціў сваіх блізкіх. З маёй мясцовасьці шмат вазакоў загінула. Гэта проста правакацыя… Я сам ня ведаю… Калі нехта ня ўмее нечым добрым адрозьніцца, тады ўсплывае нацыяналізм, рэлігійны фанатызм альбо экалёгія. У пэўным сэнсе некаторыя людзі хочуць на гэтым зрабіць капітал.

Сярод 19 прысутных гарадзкіх райцаў, 16 выказаліся за прыняцьце дакумэнта, адзін – быў супраць, адзін – устрымаўся ад голасу, адзін – падчас галасаваньня выйшаў з залі.

Галасуючы супраць, незалежны райца Мацей Баркоўскі патлумачыў, што, на ягоную думку, Гарадзкая рада на працягу году (ад мінулага маршу) не зрабіла нічога, што дазволіла б наладзіць шэсьце без ушаноўваньня „Бурага”.

М.Баркоўскі: Ёсьць жа і іншыя станоўчыя постаці з гэтага асяродзьдзя, і таму я быў супраць. Гэты год лічу проста змарнаваным Гарадзкой радай, якая не зрабіла ніякіх крокаў, каб паспрабаваць аб’яднаць нашае грамадзтва ў гэтым пытпньні, а не распальваць атмасфэру.

Падчас „III Marszu выклятых жаўнераў ”, які адбудзецца ў Гайнаўцы ў бліжэйшую суботу 24 лютага, па ініцыятыве дзеячаў мясцовага самакіраваньня заплянаваны выезд у Заляшаны – адну зь вёсак, спаленых узімку 1946 году. Там перад крыжам у памяць ахвяр „Бурага” будзе служыцца паніхіда.

У сваю чаргу ў цэнтры горада, яшчэ да шэсьця адбудзецца сустрэча „Вечная памяць”, падчас якой будуць запаленыя сьвечкі за душы забітых. Удзельнікі прачытаюць таксама ўсе прозьвішчы ахвяраў.

Паслухайце сюжэт Яраслава Іванюка

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт