Logo Polskiego Radia
Print

Закончыліся 23 Зімовыя алімпійскія гульні ў Пхёнчхане

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 26.02.2018 12:21
Гэтая алімпіяда не была выдатнай ні для польскіх, ні для беларускіх спартоўцаў.
Foto: youtube

Закончыліся 23 Зімовыя алімпійскія гульні ў Пхёнчхане. Абвесьціў гэта ўчора прэзыдэнт Міжнароднага алімпійскага камітэта Томас Бах. Гэтая алімпіяда не была выдатнай ні для польскіх, ні для беларускіх спартоўцаў.

Польская нацыянальная каманда заняла 20 месца, беларусы - на 15-тым.

Польшча заваявала адну бронзу і адно золата, Беларусь здабыла два золата і адно срэбра.

Самую лепшую каманду на зімую алімпіяду-2018 падрыхтавала Нарвэгія.

Прадстаўнікі гэтай краіны заваявалі ў цэлым 39 мэдалёў, у тым ліку 14 залатых і 14 срэбных ды 11 бронзавых. На другім месцы апынулася Нямеччына – 4 залатых, 10 срэбных і 7 бронзавых мэдалёў, а на трэцім – Канада з 11 залатымі, 8 срэбнымі і 10 бронзавымі ўзнагародамі.

Для Польшчы золата здабыў на вялікім трампліне скакун Каміль Стох, а бронзу нацыянальная каманда скакуноў. Пра ўдзел «бела-чырвоных» у Паўднёвай Карэі старшыня Польскага алімпійскага камітэту Анджэй Красьніцкі казаў:

А.Красьніцкі: Хацелася б больш. Ванкувэр і Сочы павялічылі наш апэтыт, але перад алімпійскімі гульнямі мы ведалі, што ў лыжных скакуноў ёсьць шанцы на мэдалі, а кожны іншы мэдаль быў бы вялікім сюрпрызам. Сёлетні вынік паказвае ўзровень польскага зімовага спорту. Ня будзем хаваць, што Польшча не зьяўляецца магутнасьцю ў гэтым спорце. Надвор’е ў краіне, разьвіцьцё інфраструктуры, шмат іншых чыньнікаў вырашаюць пра такія, а ня іншыя вынікі ў гэтым спорце і ўзровень на фоне іншых дзяржаваў.

У сваю чаргу Белта паведаміла, што пасьля трох мэдалёў Пхёнчхана-2018 у актыве зборнай Беларусі ў сувэрэннай гісторыі краіны ўжо 18 мэдалёў зімовых алімпійскіх гульняў.

Мэдалі заваявалі прадстаўнікі фрыстайлу і біятлёну. Пачын зрабіла Ганна Гуськова, якая заваявала свой першы – і адразу залаты – алімпійскі мэдаль у лыжнай акрабатыцы. Затым сваё важкае слова сказала трохразовая алімпійская чэмпіёнка Сочы-2014 Дар'я Домрачава, заваяваўшы срэбра ў мас-старце. У эстафэтных гонках Надзея Скардзіна, Ірына Крыўко, Дынара Алімбекава і Дарʼя Домрачава сэнсацыйна выйгралі жаночую эстафэту, абышоўшы ўсіх саперніц і заваёўваючы другое золата для Беларусі.

У Пхёнчхане сваю кар’еру закончылі спартовыя зоркі: нарвэская лыжніца Марыт Б’ёрген – 5 мэдалёў на гэтай алімпіядзе, 15 агулам, у гэтым 8 залатых. Б’ёрген зьяўляецца лідэрам па колькасьці перамог сярод жанчын і мужчын. Кар'еру завершыла алімпійская чэмпіёнка ў хуткасным спуску, уладальніца 4 Кубкаў сьвету, амэрыканка Ліндсі Вон (Lidsey Vonn). Гэта былі таксама апошнія алімпійскія гульні для польскай лыжнай гоншчыцы Юстыны Кавальчык – найлепшага польскага спартоўца ў гісторыі зімовых алімпійскіх гульняў. Кавальчык здабыла агулам у сваёй спартовай кар’еры пяць алімпійскіх мэдалёў. Удзел у Пхёнчхане закончыла без мэдалю.

Адныя зоркі гаснуць, іншыя нараджаюцца, так як чэшка Эстэр Ледэцка, кажа карэспандэнт Польскага радыё ў Пхёнчхане Тамаш Гараздоўскі.

Т.Гарадзкоўскі: За цэлую гісторыю зімовых гульняў не было асобы, якая заваявала б два залатыя мэдалі, пры чым у дзьвюх розных спаборніцтвах. Іншым спартоўцам не хапае часу салідна падрыхтавацца да аднае дысцыпліны, а тут раптам дзяўчына перамагае і на лыжах, і на снаўбордзе.

Зімовыя алімпійскія гульні ў Пхёнчане закончыліся. У іх удзельнічалі таксама спартоўцы з Паўночнай Карэі. Аднак грамадзяне гэтай краіны не маглі заўзець за сваіх, бо СМІ Паўночнай Карэі не паказалі ні хвіліны спаборніцтваў, якія праходзілі ў Паўднёвай Карэі. Паведамляе карэспандэнт ПР Тамаш Саевіч.

Т.Саевіч: Паўночнакарэйскае тэлебачаньне пераважна некалькі дзён пасьля паказвае спаборніцтвы алімпійскіх гульняў з 2004 году, калі гаспадарамі гульняў былі Атэны. Выключэньнем былі зімовыя гульні ў 2010 годзе ў Ванкувэры. На Алімпійскія гульні ў Пхёнчхане акрэдытацыі атрымала больш за 20 журналістаў з Паўночнай Карэі, але вынікаў іх працы дарэмна шукаць у паўночнакарэйскіх СМІ. Тэлестанцыі не паказалі ні аднаго спаборніцтва, нават з удзелам сваіх спартоўцаў, а пра візыт афіцыйнай дэлегацыі Паўночнай Карэі паведамілі толькі здымкамі. Магчыма, што праблемай можа быць права рэтрансьляцыі, а таксама, магчыма, што Пхэньян з ацэнкай гульняў чакаў да іх завяршэньня і цяпер абмяркоўвае, як казаць пра часовае пацяпленьне ў адносінах паміж дзьвюма карэйскімі дзяржавамі.

Чарговыя зімовыя алімпійскія гульні пройдуць праз чатыры гады, у 2022 годзе ў Пэкіне.

яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт