Logo Polskiego Radia
Print

Польшча ставіць на разьвіцьцё тэхналёгій

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 02.03.2018 15:55
  • Польшча ставіць.mp3
У Торуні прайшла тэматычная канфэрэнцыя з удзелам урадоўцаў.
Foto: PAP/Tytus Żmijewski

Польскі ўрад шукае сваю сьцежку эканамічнага разьвіцьця ў інавацыях.

У торуньскай Вышэйшай школе мэдыйнай ды сацыяльнай культуры прайшла канфэрэнцыя «Лічбавая незалежнасьць. Польская тэхналягічная думка: ад задумы да посьпеху» з удзелам прадстаўнікоў польскага ўрада. На канфэрэнцыі выступілі прэм’ер-міністар Матэвуш Маравецкі, міністар інвэстыцый ды разьвіцьця Ежы Квеціньскі, міністар абароны Марыюш Блашчык, прадстаўнікі буйных канцэрнаў ды банкаў, дзяржаўнага фонду разьвіцьця ды прадстаўнікі польскіх стартапаў. Падчас канфэрэнцыі адбылася таксама дыскусія на тэму разьвіцьця польскіх тэхналёгій ды інавацыйнасьці.

Польскі прэм’ер зазначыў, што прыярытэтам для ўраду зьяўляецца спрыяньне фармаваньню польскага капіталу, падтрымка ашчаджаньню. Матэвуш Маравецкі зазначыў, што дзякуючы гэтаму Польшча ўжо зьдзейсьніла «малы эканамічны цуд», забясьпечыла высокія тэмпы разьвіцьця ды пазьбегла кантролю над эканомікай з боку вялікіх карпарацый.

Матэвуш Маравецкі: Таму нас так брутальна атакуюць цяпер з усіх бакоў, нягледзячы на тое, што Польшча мае добрую гісторыю. За апошнія 250 гадоў ня здарылася нічога, за што нам даводзілася б сёньня саромецца.

У сваю чаргу міністар абароны Польшчы Марыюш Блашчак зазначыў, што ўрад будзе павялічваць выдаткі на польскую армію ды абарончую здольнасьць да 2,5% ВУП у бліжэйшыя дзесяць гадоў. Пры гэтым урад зацікаўлены інвэстыцыямі ў польскія тэхналёгіі. Гэтым крокам міністар хоча падтрымаць інавацыйны патэнцыял польскіх фірмаў ды затрымаць кадры ў краіне.

Марыюш Блашчак: Ідзецца пра тое, каб выкарыстаць тэхнічную думку, чалавечы патэнцыял нашай краіны. Мы не павінны глядзець на нашу краіну, як на зборачны цэх, як на месца, дзе моладзь вучыцца, а потым мусіць зьязджаць адсюль у пошуках працы. Мы павінны стварыць умовы, каб яны маглі працаваць у Польшчы. Гэта аплоціцца.

Дзеля гэтага польскі ўрад хоча правесьці глыбокую рэформу навукі, павялічыць выдаткі на навуковыя дасьледаваньні ды ВНУ. Гэта павінна спыніць уцечку мазгоў з краіны, сказаў польскі міністар вышэйшай адукацыі Яраслаў Говін.

Яраслаў Говін: Пасьля 2004-га года, калі Польшча ўступіла ў Эўразьвяз, з краіны зьехала 30 тысяч навукоўцаў. У асноўным гэта маладыя й таленавітыя асобы. Гэта сапраўдная ўцечка мазгоў. Нам патрэбны цяпер якасныя ВНУ, разьвітыя навуковыя інстытуты й дасьледчыя, якія будуць адкрытыя на супрацу зь бізнэсам. Дзякуючы гэтаму маладая эліта Польшчы будзе бачыць сваю будучыню тут у Торуні, у Варшаве, у Кракаве, а ня недзе ў Оксфардзе, Бэрклі ці Сыднэі.

Падчас канфэрэнцыі гучалі таксама словы пра неабходнасьць мадыфікацыі польскай эканомікі. У першую чаргу ўрад Польшчы хоча адкрыць эканоміку на больш шырэйшыя групы насельніцтва, зрабіць у Польшчы капіталізм з чалавечым тварам. Гаворыць польскі прэм’ер Матэвуш Маравецкі.

Матэвуш Маравецкі: Мы мусім зьмяняць капіталізм з сыстэмы для некалькіх чалавек на сыстэму шырока адкрытую на інтарэсы працаўнікоў, прадпрымальнікаў ды мясцовых асяродзьдзяў. Гэта вельмі важна для дэмакратызацыі й легалізацыі ўлады ды эканамічнай сыстэмы. Каб людзі паверылі ў тое, што мы ім прапануем. Што гэта ня толькі на заўтра. Каб было добра толькі заўтра, нам давядзецца набраць даўгоў і добра будзе цягам двух гадоў, а потым будзе кепска. Давядзецца плаціць даўгі.

Польскі ўрад ня хоча нарошчваць запазычанасьць дзяржаўнага бюджэту. У зьвязку з гэтым стаўка робіцца на інавацыі, падтрымку сваіх тэхналёгій, якія павінны стаць польскай сьцежкай эканамічнага разьвіцьця.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт