Logo Polskiego Radia
Print

Дэлегацыя польскіх праведнікаў народаў сьвету адправілася ў Ізраіль

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 12.03.2018 14:26
  • Ізраіль.mp3
Сусьветная гісторыя габрэйскага народа цесна зьвязаная з гісторыяй польскай нацыі.
Удзельнікі польскай дэлегацыі ў ІзраіліУдзельнікі польскай дэлегацыі ў ІзраіліPAP/Adam Guz

Польска-ізраільскія адносіны даволі нечакана пахіснуліся апошнім часам з-за зьменаў у польскім заканадаўстве. Цяпер высокапастаўленыя польскія чыноўнікі, а таксама асобы, зьвязаныя нейкім чынам з гісторыяй ізраільскай дзяржавы, стараюцца вярнуць добрыя ўзаемадачыненьні.

Сусьветная гісторыя габрэйскага народа цесна зьвязаная з гісторыяй польскай нацыі. Яны жылі разам каля 1000 гадоў, паколькі палякі дазвалялі габрэям пасяляцца ў сябе тады, калі іншыя народы ўводзілі забароны і абмежаваньні на пасяленьне. У 19-ым стагодзьдзі на польскіх землях пражывала каля 4/5 усіх габрэяў нашай плянэты. Перад Другой сусьветнай вайной у некаторых польскіх мястэчках габрэі складалі нават каля паловы жыхароў. Вайна дыямэтральна зьмяніла становішча, паколькі вялікая лічба асоб габрэйскага паходжаньня была зьнішчаная нямецкімі акупантамі, многія зьехалі з краіны.

Нядаўна ў Польшчы былі ўведзеныя папраўкі ў закон аб Інстытуце нацыянальнай памяці, у выніку якіх цяпер, калі хтосьці ўскладвае на палякаў адказнасьць за злачынствы нямецкіх нацыстаў, яму пагражае пакараньне да трох гадоў турмы. Ізраіль быў моцна абураны гэтым законам, паколькі там многія мяркуюць, што ў Польшчы квітнее антысэмітызм, а палякі часта выдавалі габрэяў немцам. Жыхары Польшчы былі шчыра зьдзіўленыя, што на сьвеце існуе нэгатыўны погляд на палякаў у гэтай сфэры.

Пасьля вайны, калі была створаная габрэйская дзяржава, ізраільцяне пачалі старанна зьберагаць зьвесткі пра людзей, якія ратавалі габрэяў, даючы ім прытулак або даючы магчымасьць зьехаць у бясьпечную краіну. Такія асобы атрымліваюць званьне «праведнікаў народаў сьвету». У Польшчы такое званьне атрымалі звыш 6700 чалавек. Гэта найбольш з усіх краін. Для параўнаньня: у Нямеччыне толькі 600 чалавек ратавалі габрэяў і за гэта былі названыя праведнікамі. Дарэчы, толькі ў Польшчы фашысты ўвялі сьмяротнае пакараньне за ўтойваньне інфармацыі пра габрэяў.

Надоечы група польскіх праведнікаў народаў сьвету і вэтэраны змаганьня за незалежнасьць польскай дзяржавы адправіліся з візытам у Ізраіль. Паломніцтва пачалося з наведваньня Санктуарыя Стэла Марыс у Хайфе і ўскладаньня кветак да памятнай дошкі сьвятой Эдыты Штэйн. Гэта ўраджэнка Вроцлава, габрэйка, якая загінула ў канцлягеры Аўшвіц.

Удзельнікаў паломніцтва суправаджаюць прадстаўнікі вышэйшых польскіх уладаў, сярод якіх – віцэ-міністар замежных спраў Ян Дзедзічак. Ён выразіў спадзяваньне, што паломніцтва станоўча паўплывае на адносіны Польшчы ды Ізраіля, асабліва важным момантам зьяўляецца візыт у Яд Вашэм – дзяржаўным інстытуце, прысьвечаным ахвярам Галакосту.

Ян Дзедзічак: Прысутнасьць праведнікаў народаў сьвету, палякаў, якія атрымалі такое званьне, упісваецца ў сумесную гісторыю двух народаў. Гэта вельмі важны аспэкт. Нельга забываць, што палякаў, якія ратавалі габрэяў, у вялікай ступені натхняла хрысьціянства. Цяпер польскія праведнікі прыяжджаюць на сьвятую зямлю, у краіну тых людзей, за каго яны рызыкавалі жыцьцём.

У сваю чаргу ўпаўнаважаная польскага ўраду па пытаньнях міжнароднага дыялёгу Анна Марыя Андэрс адзначыла, што ўдзел у падарожжы на сьвятую зямлю жаўнераў, якія змагаліся ў рамках арміі генэрала Андэрса, гэта важны гістарычны момант. Яна нагадала, што каля трох тысяч палякаў габрэйскага паходжаньня засталося ў Палестыне, каб будаваць дзяржаву Ізраіль.

А.М. Андэрс: Некалькі тыдняў таму ізраільскае выданьне «Jerusalem Post» напісала пра антысэмітызм у арміі Андэрса. І таму вельмі важна паказаць, што гэтага антысэмітызму не было.

У паломніцтве ўдзельнічаюць вэтэраны Другога польскага корпусу, дэлегацыя праведнікаў народаў сьвету, вэтэраны Арміі Краёвай, Мужыцкіх батальёнаў, сыбіракі ды колішнія дзеячы антыкамуністычнай апазыцыі Польшчы. Яны наведаюць, у прыватнасьці, Ерусалім, магілы польскіх жаўнераў у Рамле, а таксама інстытут Яд Вашэм. Удзельнікі візыту ўскладуць кветкі на магіле прэм’ер-міністра Ізраіля Мэнахэма Бэгіна, які быў жаўнерам Другога польскага корпусу. Пяцідзённае паломніцтва наладзіла дзяржаўнае Ведамства па пытаньнях вэтэранаў і рэпрэсаваных асоб.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт