Logo Polskiego Radia
Print

Расея адказвае рэпрэсіямі на санкцыі ЭЗ

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 12.03.2018 18:02
  • санкцыі ЭЗ.mp3
Эўразьвяз афіцыйна прадоўжыў дзеяньне дыпляматычных санкцый супраць Расеі.
Foto: STEPHANIE LECOCQ/PAP/EPA

Санкцыі будуць дзейнічаць да верасьня. Шэраг краін ЭЗ дамагаецца павялічэньня ціску на Расею. Масква ж адказвае рэпрэсіямі.

Рашэньне працягнуць санкцыі зацьвердзілі прадстаўнікі дзяржаў ЭЗ на сустрэчы ў Брусэлі. Раней зялёнае сьвятло на прадаўжэньне санкцый далі амбасадары краін- чальцоў ЭЗ. Больш падрабязна з Брусэлю перадае карэспандэнтка Польскага радыё Бэата Пламэцка.

Бэата Пламэцка: Гэтае рашэньне ў мінулым не выклікала пярэчаньняў. Гэтаксама было й гэтым разам. Не было ніякіх праблемаў з прадаўжэньнем санкцый: захоўваецца «чорны сьпіс» расейскіх грамадзян, якім забаронены ўезд у Эўразьвяз, а іх актывы заблякаваныя. Гэта 150 чалавек: крымскія сэпаратысты, расейскія палітыкі, блізкія супрацоўнікі прэзыдэнта Пуціна й вайскоўцы. Санкцыямі ахопленыя таксама 38 расейскіх фірм - іхнія актывы ў Эўропе будуць замарожаныя да паловы верасьня. Надалей дзейнічаюць эканамічныя санкцыі, якія ЭЗ увёў у дачыненьні да Расеі ў 2014-м годзе. Тэрмін дзеяньня - да канца ліпеня. Дагэтуль Брусэлю ўдавалася захаваць адзінства эўрапейскіх краін па пытаньні санкцый. Аднак усё часьцей чуваць галасы, што эканамічныя санкцыі трэба адмяніць. Так кажуць урады шэрагу краін ЭЗ, якія маюць добрыя стасункі з крамлёўскімі ўладамі. Іншы аргумэнт за адмену – вялікія страты, якія нясуць эўрапейскія фірмы.

Прадаўжэньне санкцый вырашылі выкарыстаць кіраўнікі краін Цэнтральнай Эўропы. Яны напісалі сумесны ліст да парлямэнтаў краін ЭЗ у справе будаўніцтва расейскага газаправода Nord Stream 2. Кіраўнікі парлямэнтаў Польшчы, Летувы, Латвіі, Украіны ды Малдовы перакананыя, што рэалізацыя дадзенага праекта павялічыць энэргетычную залежнасьць краіна ЭЗ ад Расеі. Гаворыць старшыня польскага Сэйму Марэк Кухціньскі.

Марэк Кухціньскі: Дагэтуль было так, што заявы ды пратэсты кожнай краіны паасобку былі ігнараваныя. Цяпер, калі выступіла цэлая група, наш голас мацнейшы, ён будзе пачуты. Мы кіруемся прынцыпам: супольны клопат пра бясьпеку ўсіх краін Эўразьвязу, у тым ліку й з усходняй часткі. Яшчэ ёсьць прынцып салідарнасьці ды супрацоўніцтва: роўныя з роўнымі, свабодныя са свабоднымі. Гэта фундамэнт Эўразьвязу. Мы хочам супрацоўнічаць з усімі, але мы дамагаемся, каб шанавалі нашую заклапочанасьць пра бясьпеку нашых дзяржаў, нашых грамадзян. Разам мы падтрымліваем Украіну, якая цяпер вядзе змаганьне за сваю незалежнасьць.

Прыпыньне праекта Nord Stream 2 не дазволіць Расеі спыніць транзыту газу праз Украіну ды Цэнтральную Эўропу. Аднак у Бруселі пакуль не падзяляюць заклапочанасьць краін Цэнтральнай Эўропы. Наадварот, у ЭЗ усё больш кажуць пра тое, што санкцыі, накладзеныя на Расею, каштавалі Эўразьвяз каля 30 мільярдаў эўра ды 400 тысяч працоўных месцаў.

У Расеі, якая панесла непараўнальна большыя страты чым ЭЗ (расейскі ВУП упаў на 4%, а фінансавыя страты дасягнулі 170 мільярдаў даляраў), санкцыямі пераймаюцца менш. Галоўны клопат Крамля цяпер – пераабраньне Ўладзіміра Пуціна. 18 сакавіка адбудуцца прэзыдэнцкія выбары. Напярэдадні выбараў расейскія ўлады нарошчваюць ціск на грамадзтва. У Маскве канфіскавалі дасьледаваньне пра вынікі кіраваньня Пуціна. З расейскай сталіцы перадае карэспандэнт Польскага радыё Мацей Ястжэмбскі.

Мацей Ястжэмбскі: У дакумэнце сабраныя ацэнкі прэзыдэнцкага кіраваньня Ўладзіміра Пуціна ў такіх галінах як міжнародныя адносіны, эканоміка ды сацыяльная палітыка. Гэта стала падставай для канфіскацыі, якую правялі паліцыянты з аддзелу па барацьбе з экстрэмізмам. Гэта нелегальная акцыя, заявіла апазыцыя. У Расеі пакуль афіцыйны не забаронена крытыкаваць прэзыдэнта. Аўтары дасьледаваньня заявілі, што канфіскацыя накладу не перашкодзіць ім апублікаваць рапарт. Яны абяцаюць паказаць дакумэнт у бліжэйшыя дні.

18 сакавіка ў Расеі адбудуцца выбары. Найбольш шанцаў на перамогу мае Ўладзімір Пуцін.

Якой будзе палітыка Пуціна пасьля 18 сакавіка - цяжка прадказаць. У інтэрвію амэрыканскім журналістам расейскі лідар у чарговы раз заявіў, што Расея рыхтуецца да ядзернага стрымліваньня. У Эўропе магчымы паўтор сцэнару Халоднай вайны з санкцыямі ды супрацьстаяньнем.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт