Logo Polskiego Radia
Print

Наркотыкі ўсё часьцей становяцца прычынай ДТЗ

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 13.03.2018 13:29
Пад уплывам наркотыкаў кіроўца езьдзіць надта ліха, агрэсіўна.
pixabay.com/Public Domain CC0

У Польшчы зьмяншаецца колькасьць дарожна-транспартных здарэньняў, выкліканых кіроўцамі пад уплывам алькагольных напояў, затое павялічваецца лічба ДТЗ, прычынай якіх становяцца наркотыкі – паведамляе «Rzeczpospolita».

Колькасьць ДТЗ, за якіх адказваюць п’яныя кіроўцы, упала за апошні год на 5,3%, менш таксама было забітых і параненых у выніку аварый. Затое больш кіроўцаў знаходзяцца пад уплывам забароненых наркатычных рэчываў, пераважна амфэтаміну, какаіну ды экстазі. Галоўная камэндатура паліцыі прадставіла статыстычныя дадзеныя. Гаворка ідзе як правіла пра маладых і вельмі маладых людзей. На вечарынках цяпер модна ня піць алькаголь, а карыстацца наркотыкамі. Гэта праблема таксама даступнасьці, паколькі спайсы можна купіць ужо па 10 злотых.

Летась кіроўцы пад кайфам выклікалі 56 ДТЗ, у выніку загінулі 23 асобы, 79 было паранена. Годам раней было 45 ДТЗ. На думку адмыслоўцаў, рост вынікае з таго, што маладыя людзі часта не разумеюць, на колькі небясьпечна вадзіць машыну пад узьдзеяньнем наркотыкаў. Грамадзтва ўжо ў сваёй бальшыні засвоіла, што алькаголь замінае здольнасьці хутка рэагаваць, але няма такой сьвядомасьці пра наркатычныя рэчывы.

Некалькі гадоў таму Нацыянальны офіс па барацьбе з наркаманіяй правёў апытаньне сярод кіроўцаў. Аказалася, што многія ня бачылі небясьпекі ў спажываньні наркотыкаў і вядзеньні пазьней машыны. Прафэсійныя кіроўцы нават казалі часам, што амфэтамін паляпшае канцэнтрацыю, пабуджае, не дае заснуць. Але праблема ў тым, што пад уплывам наркотыкаў кіроўца езьдзіць надта ліха, агрэсіўна, а калі сродак перастане дзейнічаць, назіраецца рэзкае падзеньне канцэнтрацыі.

Узровень алькаголю ў крыві лёгка праверыць, з наркотыкамі справа больш складаная, няма выразнай мяжы. Спэцыяліст павінен выдаць экспэртызу, ці наркотык меў уплыў на паводзіны кіроўцы, а калі так, то які. Дарожна-транспартная інспэкцыя правярае на месцы, ці кіроўца знаходзіцца пад уплывам наркатычных сродкаў. Аналізы праводзяцца ня толькі тады, калі здарыцца ДТЗ, але таксама тады, калі паводзіны кіроўцы выклікаюць падазрэньне. Адмысловы апарат на працягу некалькіх сэкундаў дае адказ, ці ў сьліне чалавека ёсьць сьляды наркотыка – 16 самых папулярных рэчываў. На жаль, у гэтым сьпісе няма спайсаў, паколькі іх склад часта мяняецца.

Rzeczpospolita/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт