Logo Polskiego Radia
Print

Францыя разьвіталася з новым нацыянальным героем

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 29.03.2018 12:04
Арно Бэльтрам абмяняў сябе на жанчыну, захопленую тэрарыстам, і загінуў.
PAP/EPA/CHRISTOPHE PETIT TESSON

У Францыі адбылася цырымонія разьвітаньня з новым нацыянальным героем Арно Бэльтрамам (Arnaud Beltrame), забітым у пятніцу тэрарыстам «Ісламскай дзяржавы» – піша «Gazeta Wyborcza». Палкоўнік жандармэрыі абмяняў сябе на апошнюю закладніцу ў краме, захопленай тэрарыстам.

Пахавальная працэсія вырушыла ад парыскага Пантэону, дзе пахаваныя самыя заслужаныя дзеячы Францыі. Такім чынам сымбалічна падкрэсьлена, што 44-гадовы палкоўнік Бэльтрам сваім учынкам даказаў, што ён увайшоў ужо ў лік вялікіх французаў.

Забітага пахавалі з праявамі самай высокай дзяржаўнай пашаны. Прэзыдэнт Эманюэль Макрон пасьмяротна прысвоіў яму званьне камандора Ганаровай легіі і выступіў з кранальнай прамовай. Казаў, між іншым, пра тое, што Бэльтрам вызначыў пэўны стандарт, даў прыклад, як трэба паступаць, як бараніць каштоўнасьці, у якія верым.

У выданьні «Rzeczpospolita» камэнтар аўтарства Паўла Коваля. Ён піша, што ніхто са знаёмых ці сваякоў Бэльтрама ня быў зьдзіўлены яго ўчынкам. Усе кажуць: «Ён такі быў». Няма лепшай рэфлексіі перад надыходам Велікодных сьвятаў. Намі страсянула чыстая праўда жыцьця аднаго чалавека. Цяпер уся сьвецкая Францыя чытае гісторыю візытаў Бэльтрама ў каталіцкім абацтве, яго веры ў Бога. Паступак паліцэйскага паказвае, на колькі Захаду патрэбная праўда, не крыкі «Айчына, айчына», не дэманстрацыі, а сьведчаньне таго, што ўчынкі павінны быць перад словамі. Эўропе патрэбная гэтая інтэгральнасьць, пра якую яна забыла, разбагацеўшы.

Малады, здаровы мужчына аддае сваё жыцьцё за іншага чалавека, сьвядома памірае так, як жыў. Ён стаў ужо ўзорам для многіх эўрапейцаў, які нагадвае, што варта ўстаць з мяккай канапы, пра што казаў калісьці папа рымскі, і што гэта самая важная тэма перад сьвятамі, а не высокія прэміі чыноўнікаў ці нешта іншае.

Gazeta Wyborcza/Rzeczpospolita/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт