Logo Polskiego Radia
Print

"Сярэбраныя вусны": неіснуючая дзяржава, Бураціна, ілжывая сьвядомасьць...

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 06.04.2018 13:50
  • Сярэбраныя вусны.mp3
У Польшчы выбраныя самыя забаўныя і нечаканыя выказваньні вядучых палітыкаў.
В. Вашчыкоўскі на ўручэньні статуэтакВ. Вашчыкоўскі на ўручэньні статуэтакPAP/Jacek Turczyk

Кожны год Польскае радыё ладзіць плебісцыт, у якім слухачы выбіраюць самыя цікавыя выказваньні палітыкаў у мінулым годзе. Сёлета на ім перамагла цытата былога міністра замежных спраў Вітальда Вашчыкоўскага.

Плебісцыт называецца «Сярэбраныя вусны». Яго ладзяць журналісты Трэцяй праграмы Польскага радыё, выбіраючы самыя забаўныя або нечаканыя выказваньні прадстаўнікоў палітычнай сцэны. Кожны раз у галасаваньні прымае ўдзел па дзесяць палітыкаў са сваімі цытатамі. У гэтым годзе слухачам і карыстальнікам інтэрнэту найбольш падабалася выказваньне былога міністра замежных спраў Польшчы Вітальда Вашчыкоўскага, якое прагучала 10 студзеня мінулага году падчас брыфінгу на тэму сустрэч з прадстаўнікамі ААН у Нью-Ёрку.

В. Вашчыкоўскі: Ёсьць нагода правесьці амаль 20 сустрэч з рознымі міністрамі, зь некаторымі, напрыклад, на Караібах, упершыню за ўсю гісторыю нашай дыпляматыі. Напрыклад, з такімі краінамі, як Сан-Эскабар або Бэліз. А кожная з гэтых краін – гэта адзін голас у Парлямэнцкай асамблеі тут, у ААН.

Учора адбылася ўрачыстая цырымонія ўручэньня статуэтак палітыкам, якія перамаглі ў плебісцыце. Вітальд Вашчыкоўскі на цырымонію прыйшоў, узнагароду атрымаў. Паводле яго словаў, для яго стала нечаканасьцю тое, якое цытаваньне яго аўтарства найбольш запомнілі людзі. Ён адзначыў, што кожны палітык імкнецца, каб яго памяталі дзякуючы гутарцы з журналісткай Трэцяй праграмы ПР Бэатай Міхневіч, аднак у яго выпадку стала інакш.

В. Вашчыкоўскі: Кожны палітык стараецца, каб яго запрасілі на інтэрвію да Бэаты Міхневіч, дзе ён зможа прадставіць свае погляды, крыху папіярыцца. Я стараўся рознымі спосабамі – распавядаў і пра антыракетны шчыт у Польшчы, і пра амэрыканскія войскі, і пра міністраў ці прэзыдэнтаў, якія наведвалі Польшчу, і пра перамогу ў ААН. Нішто не прайшло. І тады я сказаў магічныя словы Сан-Эскабар...

Пазьней міністар тлумачыў, што ён пераблытаў назвы дзяржаў, маючы на ўвазе краіну ў Карыбскім моры, якая складаецца з дзьвюх выспаў – Сэнт-Кітс і Нэвіс.

В. Вашчыкоўскі: Я павінен запатэнтаваць гэтую назву. Яна пачынае ўжо жыць уласным жыцьцём на цішотках, на шкарпэтках. Гэтае выказваньне прагучала з маіх вуснаў, паколькі ёсьць Сэнт Крыстабаль (ангельская назва, цяпер Сэнт-Кітс –рэд.). Гэта адна з выспаў дзяржавы Сэнт-Кітс і Нэвіс. А, паколькі гэта маленькая дзяржава, малавядомая, то я памыліўся.

Былы міністар жартаваў, што ён ужо працуе над чарговым выказваньнем, якое можа расьсьмяшыць слухачоў. А ўсьмешка на тварах – гэта галоўная задача плебісцыту, – адзначае яго ініцыятарка і арганізатар, журналістка Бэата Міхневіч.

Б. Міхневіч: Мы хочам з іх спусьціць паветра, паказаць іншае аблічча палітыкаў – іх крыху забаўны твар, часам высакамерны, але перш за ўсё мы хочам паказаць, што палітык – гэта таксама чалавек.

Другое месца ў конкурсе палітычных выказваньняў заняў старшыня парлямэнцкай фракцыі партыі «Грамадзянская плятформа» Славамір Нойман, які зьвяртаўся да палітыкаў ПіС з такімі словамі.

С. Нойман: Вы ўсе – урад Бурацін, кожны дзень вашы насы ўсё даўжэйшыя. Вы сябе паводзіце так, быццам бы ўсіх вас вычасаў з аднаго палена сталяр Джузэпэ. Ваша задача – хлусіць, хлусіць раніцай, хлусіць днём, хлусіць вечарам, можа цемрашалы ў гэта павераць. А ўнізе, у першым радзе, сядзіць ваш майстар Джузэпэ. Ён вас усіх зрабіў.

Майстар, пра якога казаў Нойман, гэта, канешне, старшыня партыі «Права і справядлівасьць» Яраслаў Качыньскі, які, дарэчы, заняў трэцяе месца ў плебісцыце. Такімі словамі ён зьвяртаўся да старшыні «Грамадзянскай плятформы» Гжэгажа Схэтыны.

Я. Качыньскі: Я мяркую, хаця я не ўпэўнены, але я дапускаю, што вы самі верыце ў тое, што гаворыце. Гэтая рэч апісаная ўжо ў сацыялёгіі, у палітычнай філязофіі. Ужо даўно была апісаная зьява ў ідэалёгіі – «ілжывае ўсьведамленьне».

Падчас уручэньня статуэтак «Сярэбраныя вусны» пераможца Вітальд Вашчыкоўскі прыгадаў пра рашэньне кіраўніцтва партыі «Права і справядлівасьць» аб вяртаньні ў дзяржбюджэт грашовых прэмій, якія міністры атрымалі ў мінулым годзе. У тым ліку міністар Вашчыкоўскі павінен вярнуць звыш 70 тыс. злотых. Гэтыя грошы пойдуць на дабрачынныя мэты, і сваю статуэтку былы міністар таксама вырашыў аддаць на дабрачыннасьць.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт