Logo Polskiego Radia
Print

На выбарах у Вугоршчыне перамагае Фідэс

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 09.04.2018 14:30
Трэці раз запар кіраваць гэтай краінай будзе прадстаўнік правых сілаў Віктар Орбан.
Foto: PAP/EPA/ZSOLT SZIGETVARY

Тэму асьвятляе штодзёнка «Dziennik Gazeta Prawna».

Сёньня а 6 раніцы Нацыянальнае выбарчае бюро Вугоршчыны паведаміла вынікі парлямэнцкіх выбараў пасьля падліку 98,85% галасоў. Рашучую перамогу на выбарах атрымала кааліцыя Фідэш і Хрысьцянска-дэмакратычнай народнай партыі. Яны здабылі 133 месцы ў парлямэнце, што азначае канстытуцыйную большасьць. У трэці раз запар (усяго ў чацьвёрты) прэм’ерам Вугоршчыны будзе Віктар Орбан.

Другое месца на выбарах заняла ўльтраправая партыя Ёбік, якая атрымала 26 месцаў у парлямэнце. 20 мандатаў здабыла кааліцыя Вугорскай сацыялістычнай партыі ды партыі «Дыялёг», 9 месцаў – Дэмакратычныя кааліцыя, 8 – аб’яднаньне «Палітыка можа быць іншай», яшчэ па аднаму мандату атрымалі прадстаўнік партыі «Разам», незалежны кандыдат і прадстаўнік нямецкай меншасьці. Апошні – упершыню, піша выданьне. Яўка на выбарах склала 69%.

Перамога на выбарах – гэта посьпех Орбана. Аднак застаецца шмат пытаньняў, што далей, бо партыя не прадставіла перадвыбарчай праграмы, піша выданьне. Верагодна нічога ня зьменіцца ў замежнай палітыцы Вугоршчыны. Будапэшт будзе імкнуцца да супрацоўніцтва з Брусэлем, адначасова захоўваць стрыманасьць у некаторых справах. У першую чаргу па пытаньнях прыёму ўцекачоў ды мігрантаў. Унутры краіны чакаецца прыняцьце законаў, скіраваных супраць НДА, у рамках змаганьня з Фондам Сораса, піша польская штодзёнка.

юл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт