Logo Polskiego Radia
Print

У Польшчы адкрылі помнік ахвярам Смаленскай авіякатастрофы

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 10.04.2018 15:45
  • помнік ахвярам.mp3
10 красавіка 2010-га года пад Смаленскам разьбіўся самалёт з польскай афіцыйнай дэлегацыяй.
PAP/Paweł Supernak

Сёньня ў Польшчы ўшаноўваюць памяць ахвяраў трагедыі.

У смаленскай авіякатастрофе загінула 96 чалавек, у тым ліку прэзыдэнцкая пара: Лех і Марыя Качыньскія, прадстаўнікі Сэйму, Сэнату, дэпутаты, вышэйшае камандаваньне арміі, палітычныя ды грамадзкія дзеячы.

Сёньня ў Польшчы ладзяцца памятныя ўрачыстасьці ў гонар ахвяр той трагедыі. Так, у кракаўскай катэдры на Вавэлі прайшла ўрачыстая імша памяці з удзелам прэзыдэнта краіны Анджэя Дуды ды дачкі трагічнай памерлай прэзыдэнцкай пары – Марты Качыньскай. Каля магілы прэзыдэнцкай пары прайшла малітва ды ўрачыстае ўскладаньне кветак.

Ёсьць такія падзеі, калі зьнікаюць падзелы, такой падзеяй стала катастрофа прэзыдэнцкага лайнэра пад Смаленскам, падкрэсьліў польскі прэзыдэнт Анджэй Дуда.

Анджэй Дуда: Гэта трэба вельмі моцна зазначаць, што ёсьць такія рэчы, якія супольныя. Я лічу, што іх сьмерць і памяць пра трагедыю павінна быць супольнай справай для польскага грамадзтва.

Прэзыдэнт зазначыў, што памятаць трэба пра ўсіх загінулых, усе яны ляцелі ў Катынь з адной мэтай - ушанаваць памяць нявінных ахвяр, забітых савецкімі ўладамі ў гэтым месцы.

Анджэй Дуда: Тады мы адчулі, што можам быць разам, што ёсьць такія драматычныя й трагічныя моманты, калі падзелы зьнікаюць. Менавіта ў гэтым узвышанасьць дадзенай трагедыі.

У Варшаве памятныя ўрачыстасьці прайшлі на могілках Павонзкі, дзе пахавана 28 ахвяр смаленскай авіякатастрофы. Тут адбылося ўрачыстае ўскладаньне кветак і запальваньне зьнічак. На ўрачыстасьць прыбылі прадстаўнікі гарадзкіх уладаў, палітыкі, а таксама сваякі, якія згадвалі сваіх страчаных блізкіх.

Бацька стуардэсы Натальлі Янышка – Гжэгаж Янышка зазначыў, што часта думае пра дачку.

Гжэгаж Янышка: Час хутка ляціць, бываюць дні, калі здаецца, што гэта толькі ўчора здарылася, а іншым днём падумаеш, колькі б цяпер тым асобам было гадоў. Асабліва наша Наталка. Цяпер ёй было б каля 30-ці гадоў. Я дакладна памятаю, як выглядаў наш апошні Вялікдзень, наша апошняя сустрэча.

Час ня лечыць раны, казала ўдава генэрала Францішка Гангора Люцына.

Люцына Гангор: Нам яго не хапае. Моцна не хапае. Цяпер у мяне шасьцёра ўнукаў, мы зь імі прыходзім сюды на могілкі, хочам, каб яны памяталі дзядулю, які быў, але няма яго сярод нас, як няма бацькі й мужа. Заўсёды ён мне казаў, што ўсё будзе добра, я пайду на пэнсію ды буду мець час для Вас, для ўнукаў.

Дачка Ізэбэлі Яругі-Навацкай Барбара казала, што 8 гадоў – гэта доўгі пэрыяд і жыцьцё бярэ сваё.

Барбара Навацка: За мінулы час я пасьпела нарадзіць дзяцей, яны ўжо пайшлі ў школу. За гэты час мая мама ўсё менш, здаецца, прысутнічае ў нашым жыцьці. Гэта абсалютна зразумела, так бывае ў любога, у каго паміраюць блізкія.

Таксама сёньня ў Варшаве адбылося ўрачыстае адкрыцьцё помніка ахвярам смаленскай авіякатастрофы. Помнік усталяваны на плошчы імя Пілсудскага ў цэнтры варшаўскай сталіцы. На адкрыцьцё манумэнта прыйшло мноства людзей. Памяць пра ахвяр Смаленскай трагедыі жыве ў польскім грамадзтве.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт