Logo Polskiego Radia
Print

Музэй Войска Польскага арганізаваў гістарычны пікнік

PR dla Zagranicy
Viktar Korbut 23.04.2018 14:07
  • Пікнік у Музэі Войска Польскага.mp3
Наведвальнікам прадставілі ўнікальныя экспанаты ад Х ст. да нашых дзён.
Joymaster&Reytan/Wikipedia/domena publiczna

У мінулыя выхадныя Музэй Войска Польскага ў Варшаве арыгінальна адзначыў 98-годзьдзе з дня свайго заснаваньня. Быў арганізаваны гістарычны пікнік для наведвальнікаў. А таксама паказаны розныя віды ўзбраеньня арміі са старажытнасьці да нашых дзён. Экспазыцыю можна было наведаць бясплатна.

Калі ў 1918 годзе Польшча была абвешчана незалежнай дзяржавай, перад ёю адразу паўстала пагроза заваяваньня. Дзякуючы стварэньню моцнай арміі ўдалося захаваць маладую краіну.

А Музэй Войска Польскага быў заснаваны яшчэ калі ішла вайна – 22 красавіка 1920 году. Ініцыятыва адкрыцьця музэю належала кіраўніку дзяржавы і ўзброеных сіл маршалу Юзафу Пілсудскаму.

Адам Булава, дырэктар Музэю Войска Польскага: Музэй узьнік у той момант, калі Польшча вяла вайну з бальшавіцкай Расеяй, калі Войска Польскае пачынала паход на Кіеў.

Спадар Булава падкрэсьліў, што перамога Войска Польскага над бальшавікамі ўратавала ад заваяваньня Савецкай Расеяй усёй Эўропу.

Урачыстасьці да 98-годзьдзя музэю пачаліся ў палявым катэдральным касьцёле Войска Польскага. Сьвятую імшу вёў ксёндз палкоўнік Зьбігнеў Кэмпа. У сваёй казані ён падкрэсьліў значэньне дзейнасьці супрацоўнікаў музэю:

Зьбігнеў Кэмпа: Ваша праца несумненна зьяўляецца службай Бацькаўшчыне. Яна мае пэўныя рысы ахвярнасьці. Вы з пачуцьцём адказнасьці берацеся за розныя пачынаньні. І таму, працуючы далей, успрымайце вашу працу як службу – службу Бацькаўшчыне.

Пасьля імшы ўдзельнікі ўрачыстасьцей усклалі кветкі да помніка Юзафу Пілсудскаму.

Сьвята прадоўжылася на тэрыторыі музэю. На пікнік прыехалі клюбы гістарычнай рэканструкцыі з усёй Польшчы. Яны праводзілі бясплатныя заняткі для наведвальнікаў.

Сэбаст’ян Варлікоўскі, прэс-сакратар Музэю Войска Польскага: У нашым музэі можна ўбачыць усё тое, што цікавіць аматараў ваеннай гісторыі і ўвогуле гісторыі Польшчы – ад дзясятага стагодзьдзя да сучаснасьці. Гэта і першыя віды ўзбраеньня, шлемы, гусарскія крылы, карабіны дзевятнаццатага і дваццатага стагодзьдзяў, і таксама сучаснае ўзбраеньне.

Падчас пікніку можна было ўбачыць, напрыклад, бронемашыну пэрыяду Варшаўскага паўстаньня FAI 202.

Сэбаст’ян Варлікоўскі: Сярод прадстаўленых на пікніку я б адзначыў танк “Шэрман” з часоў Другой сусьветнай вайны, гарматы, марціры пэрыяду Першай сусьветнай вайны. На выстаўках прадстаўлены экспанаты дзевятнаццатага – дваццатага стагодзьдзяў, а таксама ранейшых часоў. Уваходзячы ў наш музэй, можна адчуць сябе на сапраўдным цудоўным шпацыры па гісторыі.

Пікнік на тэрыторыі Музэю Войска Польскага прыцягнуў увагу многіх гараджан і гасьцей сталіцы. Варшавяне прыходзілі сем’ямі. Для хлопцаў магчымасьць убачыць ваенную тэхніку была вялікай удачай.

Хлопчык, наведвальнік пікніку: Мне падабаюцца танкі, машыны і гарматы. Яшчэ хачу паглядзець на вайсковыя самалёты.

Пікнік ля Музэю Войска Польскага працягваўся да васьмі гадзін вечара нядзелі. У музэі захоўваецца чвэрць мільёна прадметаў, якія дазваляюць рэгулярна абнаўляць экспазыцыю. Музэй зьбіраецца і надалей арганізоўваць сьвяты, якія прапагандуюць гістарычныя веды і выхоўваюць патрыятызм.

Віктар Корбут.

Слухайце, калі ласка, далучаны гукавы файл.

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт