Logo Polskiego Radia
Print

Мэр Джэрзі-Сіці разгарнуў трансатлянтычную вайну на словы

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 07.05.2018 15:58
  • помнік_джэрзі-сіці.mp3
Абвастраецца канфлікт паміж уладамі амэрыканскага горада Джэрзі-Сіці і польскай дыяспарай у ЗША.
wikipedia.org/By Colin Knowles from Vancouver - View of New York skyline from Exchange Place, Jersey City, CC BY-SA 2.0

Мэр Стывэн Фалап не згаджаецца на сустрэчу з прадстаўнікамі Камітэта Катынскага помніка, а польская меншасьць у Амэрыцы рыхтуецца да пратэстаў.

Нагадаем, на пачатку мінулага тыдня мэр Джэрзі-Сіці ў Твітэры паведаміў, што помнік ахвярам Катынскага расстрэлу 1940 г. будзе зьняты з плошчы ў цэнтры горада Exchange Plaza. На гэтым месцы паўстане парк. На некалькі месяцаў помнік будзе перанесены ў Дэпартамэнт гарадзкіх работ, а затым ён будзе ўсталяваны на беразе ракі Гудзон.

Аб гэтых плянах гарадзкія ўлады не паведамілі раней, не пракансультавалі з арганізацыямі польскай нацменшасьці ў ЗША, што выклікала шырокі рэзананс ня толькі сярод іх, а таксама ў Польшчы.

Палякі з Джэрзі-Сіці і Нью-Ёрку не пагаджаюцца на дэмантаж помніка і заяўляюць пра дзьве маштабныя акцыі ў яго абарону, - паведамляе карэспандэнтка Польскага радыё ў Нью-Ёрку Малгажата Калужа.

М.Калужа: Мы, як этнічная меншасьць, павінны зрабіць усё, каб пра нас ведалі, – кажа Славамір Плята, паляк, юрыст, які балятуецца на выбарах у амэрыканскі Сэнат ад штата Нью-Ёрк. Па яго ініцыятыве 13 траўня пад Катынскім помнікам заплянаваны пратэст польскай дыяспары. Славамір Плята ўжо наняў аўтобусы, якія прывязуць палякаў з Нью-Ёрку ў Джэрзі-Сіці. У сваю чаргу грамадзкая арганізацыя «Камітэт Катынскага помніка» склікае пікет ля ратушы ў Джэрзі-Сіці. «Я спадзяюся, што гарадзкія ўлады нам дазволяць правесьці пратэст, але можа быць і так, што дазвол мы атрымаем напрыканцы месяца», – кажа кіраўнік Камітэта Кшыштаф Новак. Гарадзкія ўлады ня толькі адмаўляюцца ад перамоваў з польскай дыяспарай, але таксама спрабуюць перашкодзіць дэманстрацыям.

У справу ўцягнутыя і найвышэйшыя ўлады Польшчы. Канцылярыя Прэзыдэнта заяўляе, што знаходзіцца ў пастаянным кантакце з польскімі дыпляматычнымі прадстаўніцтвамі ў Нью-Ёрку і ў Вашынгтоне, якія назіраюць за справай.

У пятніцу кіраўнік Кабінэту прэзыдэнта Анджэя Дуды Кшыштаф Шчэрскі сказаў, што прэзыдэнт спадзяецца на пагадненьне ў справе Катынскага помніка ў Джэрзі- Сіці.

К.Шчэрскі: Наш прэзыдэнт эмацыйна зьвязаны з гэтым помнікам. Ён уручыў аўтару помніка самую высокую дзяржаўную ўзнагароду Ордэн Белага арла. Да таго ж, прэзыдэнт лічыць, што ў такой краіне, як ЗША, дзе з вялікай павагай ставяцца да нацыянальных герояў, у прыватнасьці да тых, хто ахвяраваў дзеля радзімы сваім жыцьцём, немагчыма ўявіць, што да гэтага помніка ня будуць ставіцца з належнай пашанай.

Сёньня міністар замежных спраў Яцэк Чапутовіч адзначыў, што Польшча вырашыла прыняць рашучыя меры супраць плянаў пераносу помніка ў Джэрзі-Сіці. Яцэк Чапутовіч сказаў, што Варшава зробіць у гэтай справе ўсё магчымае.

Я. Чапутовіч: Мы прадпрынялі пэўныя юрыдычныя крокі. Справа ў тым, каб у тэрміновым парадку спыніць перанос гэтага помніка. Паглядзім, у якой ступені нашыя захады будуць пасьпяховымі, таму што гэта муніцыпальныя ўлады, незалежныя ад дзяржаўнай адміністрацыі. Таму ўзьдзеяньне амэрыканскіх дзяржаўных установаў можа аказацца абмежаваным.

У справе Катынскага помніка выказаліся ня толькі прадстаўнікі МЗС. Міністар унутраных спраў Марыюш Блашчак лічыць дзеяньні ўладаў Джэрсі-Сіці антыпольскімі.

Да таго ж мэр Джэрсі-Сіці Стывэн Фалап абразіў старшыню Вышэйшай палаты польскага парлямэнту Станіслава Карчэўскага, які першым ад польскіх уладаў спрабаваў абараняць помнік. Фалап беспадстаўна напаў на Карчэўскага, называючы яго антысэмітам, белым нацыяналістам і асобай, якая абвяргае Галакост.

Нягледзячы на тое, што амбасадар Польшчы ў ЗША зьвярнуўся да мэра Джэрзі-Сіці з патрабаваньнем прынесьці прабачэньні трэцяй асобе ў Польшчы, гэта значыць, старшыні Сэнату Карчэўскаму, у суботу Стывэн Фалап ізноў праз сацыяльныя сеткі пацьвердзіў, што на «сто працэнтаў помнік будзе перанесены». Напісаў таксама: «Вядучыя прадстаўнікі польскага ўраду зьвярнуліся да мяне. Я ня буду сустракацца з людзьмі, якія хочуць перапісаць гісторыю пра ўдзел сваёй краіны ў Галакосьце. Адзінымі, каму я буду адказваць на пытаньні, зьяўляюцца жыхары Джэрзі-Сіці».

Станіслаў Карчэўскі паведаміў, што з юрыстамі ён разглядае магчымыя юрыдычныя крокі ў сувязі з выказваньнямі Фалапа.

Прапанова пераносу помніка ахвярам савецкага расстрэлу 1940 году ў Катыні ў адным з амэрыканскіх гарадоў выклікала трансатлянтыцкую вайну на словы. Які яна прынясе вынік, будзем паведамляць па ходзе падзей.

яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт