Logo Polskiego Radia
Print

Белы дом парывае дамову з Іранам

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 09.05.2018 14:49
Такім чынам ЗША парываюць міжнародную дамову, але ніякая юрыдычная адказнасьць Вашынгтону не пагражае.
photo: pixabay.com/Creative Commons CC0

Дональд Трамп прыняў рашэньне аб выхадзе ЗША зь ядзернага пагадненьня з Іранам. Амэрыканскі прэзыдэнт паўтарыў усе ранейшыя аргумэнты: што іранскі рэжым зьяўляецца вядучым спонсарам тэрарызму, абкрадае свой народ, вырабляе ракеты й паводзіць сябе «недружалюбна».

Санкцыі супраць Ірана будуць вернутыя, і ім павінны падпарадкавацца таксама не амэрыканскія фірмы.

Праціўнікі ядзернага пагадненьня з Іранам так і не знайшлі доказаў, што Тэгеран не прытрымліваецца пастановаў дакумэнту. Такім чынам ЗША парываюць міжнародную дамову, але ніякая юрыдычная адказнасьць Вашынгтону не пагражае. Найбольш пацерпіць Іран.

Адмова Трампа не азначае, што пагадненьне зусім адмяняецца. Яго падпісантамі застаюцца Кітай, Францыя, Нямеччына, Вялікабрытанія й Расея.

Эўрапейскія краіны хутчэй за ўсё будуць угаворваць Трампа, каб ЗША не накладала на эўрапейскія фірмы санкцыяў за супрацоўніцтва з Іранам. Калі намаганьні не прынясуць вынікаў, з Іранам будуць супрацоўнічаць Кітай і Расея, у якіх няма цесных сувязяў з ЗША.

Іран, хутчэй за ўсё, ня выканае патрабаваньняў ЗША, тым больш, што лічыць іх несправядлівымі. Фіяска дыпляматычнага шляху азначае ваеннае вырашэньне – ізраільска-амэрыканскія налёты на іранскія ядзерныя інстытуты. Пагражае гэта чарговай вайной на Блізкім Усходзе.

Gazeta Wyborcza/яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт