Logo Polskiego Radia
Print

Вялікае неба з Усходу па Захад

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 16.05.2018 13:30
  • з Усходу па Захад.mp3
19 траўня ў Торуні пачнецца 24 міжнародны тэатральны фэстываль «Кантакт».
Foto: www.festiwal.teatr.torun.pl

Фэстываль ладзіцца безупынна з 1991-га года. Галоўны арганізатар імпрэзы: тэатар імя Вільяма Гажыцы ў Торуні.

Сёлета галоўны пасыл фэстывалю: Ад Усходу да Захаду». Ідзецца пра сустрэчу тэатраў з Усходу ды Захаду Эўропы. У праграме паказ тэатральных пастановак з розных краін Эўропы. Сёлета ў Торунь завітаюць такія трупы як Маскоўскі тэатар дакумэнтальнай п'есы teatr.doc з пастаноўкай «Чалавек з Падольска», Летувіскі нацыянальны драматычны спэктакль, тэатры з Латвіі, Швэйцарыі, Нямеччыны й Бэльгіі.

Падчас фэстывалю будуць ладзіцца таксама розныя дадатковыя выступленьні, пэрформансы, канцэрты, сустрэчы з артыстамі. Пра фэстываль мы размаўляем з мастацкім дырэктарам торуньскага тэатру Паўлам Паштам.

Чым характарызуецца сёлетні фэстываль? Якое галоўнае пасланьне фэстывалю ў гэтым годзе?

Павал Пашта: Сёлетні фэстываль, з аднаго боку, мае сваю спэцыфіку, а, з другога боку, зьяўляецца працягам місіі ды ідэі дадзенага фэстывалю з 1991-га года, калі ён быў арганізаваны. Місія – гэта кантакты паміж Захадам і Усходам? Наш галоўны лёзунг сёлета – З Усходу па Захад. У гэтым пасланьні пазначаецца напрамак. Таксама захоўваецца неадназначнасьць. Магчыма ідзецца пра тое, што сёлета фэстываль ладзіцца ад захаду па золак і яшчэ даўжэй. Фэстывальная праграма моцна пашыраная. Будуць ня толькі спэктаклі й дыскусіі з гледачамі. Будзе яшчэ цэлая праграма з раніцы да вечара розных фэстывальных падзей. Ад Усходу па Захад – гэта таксама ключ, згодна з якім мы выбіралі пастаноўкі. У праграме спэктаклі з-за нашай усходняй мяжы: з Расеі, Летувы ды Латвіі.Таксама будуць спэктаклі з заходняга боку: зь Нямеччыны, са Швэйцарыі ды Бэльгіі.

Што прывязе ў Торунь Усход, а што Захад?

Павал Пашта: Што тычыцца Ўсходу, то ў першы ж дзень фэстывалю – 19 траўня – у нас будзе спэктакль з Вільні «Лёкіс», які зрэжысіраваў Лукаш Тваркоўскі. Рэжысёр – паляк, але ўся трупа – гэта Летувіскі нацыянальны тэатар з Вільні. Вельмі цікавая, сучасная пастаноўка на падставе навэлы Мэрымэ, якая закранае шырокую тэмы: што такое мастацтва, што такое выява ў сёньняшнім сьвеце. Наколькі моцна нас у адносінах паміж людзьмі дэтэрмінуюць выявы, якія нас бамбардуюць праз мэдыі. Апроч славутых жывых актораў, адным з удзельнікаў будзе экран. Галоўная постаць пʼесы й сёньняшняга сьвету.

Будзе таксама шэраг тэатраў з Расеі, якія пакажуць цікавыя пастаноўкі, кажа наш суразмоўца.

Павал Пашта: Вялікая трупа прыяжджае з Масквы з пастаноўкай «Беспрыданіца». Сучасная інтэрпрэтацыя Аляксандра Астроўскага ў пастаноўцы Дзьмітрыя Крымава. Таксама будзе маскоўскі тэатр.док. Гэта зусім іншы полюс сучаснага расейскага тэатру. Вельмі камэрная пастанова, якая надоечы атрымала прэмію «Залатая маска» маскоўскага фэстывалю за спэктакль «Чалавек з Падольска». Таксама будзе група з Кастрамы з прадстаўленьнем «Маруся» зьвязаная з тэмай танцаў у сучасным тэатры. Яшчэ з Усходу будуць акторы з Латвіі з «Мідэяй» ў пастаноўцы Ўладзіславса Насташэвса з расейскага тэатру ў Рызе.

З якімі прапановамі прыедуць заходнія тэатры?

Павал Пашта: З Захаду будзе сапраўднае адкрыцьцё – сучасны Марталер, новы Марталер, то бок Том Луц з Базэля са спэктаклем Леонс і Лена. З Бэльгіі прэм’ера Аляна Платэля «Рэквіем», і з Бэрліна будзе тэатра Ім. М.Горкага са спэктаклем «Па нас хаця б Космас» пра шалёнае падарожжа на Марс, уцякаючы ад нашага страшнага цяперашняга сьвету. Вельмі іранічная пастанова з элемэнтамі танца. З Мюнхэна будзе пэрформанс «Сытуацыя з выцягнутай рукой» з адным акторам на сцэне й закадравым голасам дыктара, які раскажа пра прымус і гвалт.

З праграмы фэстывалю вынікае, што заходнія ды ўсходнія трупы цікавяцца крыху рознымі рэчамі. На Ўсходзе – часта гэта чалавек у сутыкненьні зь дзяржавай, з грамадой, калектывам, на Захадзе больш унутраны сьвет чалавека, пошукі свайго месца ў атачаючым асяродзьдзі. Ці Вы бачыце некія пункты супольныя для Ўсходу і Захаду?

Павал Пашта: Задачай нашага фэстывалю зьяўляецца пошук адказаў на гэтае пытаньне. Хаця, ня думаю, што будзе адназначны канкрэтны адказ на яго. Сёньня сьвет глябальны, увесь час узаемапранікае ды мяшаецца. Таксама як старое з новым. Клясыка з сучаснасьцю. Мы таксама глядзіць на Захад і Усход, крыніцы нашай славянскай цывілізацыі, славянскай культуры, якая мяшаюцца з заходнім сьветам, з сучасным сьветам мэдыяў, культурных мяшанак. Што тычыцца супольнага? З аднаго боку, усё супольнае, вельмі падобнае. З другога боку, бачна розьніца. Яскрава яна бачна на выставе рысункаў дзяцей, якая адбудзецца на нашым фэстывалю. Дзеці з розных краін прыслалі свае рысункі на зададзеную тэму. Выразна бачна, як па-рознаму рысуюць ужо дзеці на Ўсходзе і Захадзе.

19-25 траўня ў Торуні пройдзе міжнародны тэатральны фэстываль «Кантакт». У праграме фэстывалю тэатральныя пастаноўкі труп з розных куткоў Эўропы: ад Усходу па Захад, як кажа лёзунг фэстывалю. Таксама гасьцей імпрэзы чакае вельмі насычаная фэстывальная праграма дадатковых імпрэзаў, акцый ды падзей. Горад запрашае аматараў тэатру, будзе вельмі цікава. Усе пастаноўкі ідуць з перакладам на польскую, ангельскую ды расейскую мовы.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт