Logo Polskiego Radia
Print

Польскі лідар сустракаецца з дыяспарай у ЗША

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 18.05.2018 15:39
  • Польскі лідар.mp3
Працягваецца візыт прэзыдэнта Польшчы Анджэя Дуды ў Злучаныя Штаты.
Foto: PAP/Radek Pietruszka

Пасьля Нью-Ёрку ды абмеркаваньня міжнародных справаў, прэзыдэнт паляцеў у Чыкага, дзе засяродзіўся на выключна польскіх пытаньнях. Гэта другі этап ягонага амэрыканскага візыту.

Чацьвер польскі прэзыдэнт правёў у Нью Ёрку, дзе ён выступаў на паседжаньні Рады бясьпекі ААН, зьвяртаючы ўвагу на ролю міжнароднага права ва ўтрыманьні бясьпекі ды міру ў сьвеце. У дыскусіі ўзялі ўдзел прадстаўнікі амаль 70 краін.

У пятніцу польскі прэзыдэнт прыляцеў з Нью Ёрка ў Чыкага. У праграме візыту - сустрэча з прадстаўнікамі ўладаў штата ды горада, а таксама наведваньне «польскіх» раёнаў. Справа ў тым, што ў гэтым амэрыканскім горадзе жыве найбольшая польская дыяспара.

Анджэй Дуда: Таксама я наведаю Польскі музэй, будзе сустрэча з губэрнатарам штату Ілінойс, і яшчэ з мэрам горада Чыкага.

Гэта першы візыт Анджэя Дуды ў Чыкага. Праграма візыту вельмі насычаная, заявіў прэзыдэнцкі міністар Адам Квяткоўскі. У плянах - наведаньне Польскага музэю ў Чыкага.

Адам Квяткоўскі: Гэта месца, дзе захоўваецца найбольшая калекцыя памятных рэчаў, зьвязаных з Ігнатам Падарэўскім. Таксама спадар прэзыдэнт ускладзе кветкі на Катынскіх могілках пад Катынскім помнікам, які зрабіў спадар Сэвэрын, які ў 2010-м годзе загінуў у смаленскай катастрофе.

Апроч таго, прэзыдэнт наведае польскі касьцёл Сьв. Войцеха, ускладзе кветкі каля Катынскага помніка ў Чыкага. На суботу і нядзелю заплянаваныя сустрэчы польскага лідара з дыяспарай у Чыкага. Палякі, якія жывуць у гэтым амэрыканскім горадзе, вельмі шмат чакаюць ад гэтай сустрэчы. З Чыкага перадае карэспандэнт Польскага радыё Пётр Арлоўскі.

Пётр Арлоўскі: Палякі, якія жывуць у Чыкага, кажуць, што радыя прыезду прэзыдэнта ў горад з найбольшай польскай дыяспарай у сьвеце. Яны спадзяюцца, што польскі лідар дапаможа ў вырашэньні важных для іх справаў. Чыкаская дыяспара кажа пра падвойнае ападаткаваньне пэнсій. Ідзецца пра некарысныя правілы для людзей, якія пасьля доўгіх гадоў працы ў ЗША, вырашылі вярнуцца на Радзіму. Польскія падатковыя службы налічаюць падаткі на іх амэрыканскія пэнсіі, якія прыходзяць на іх рахункі ў Польшчы. Таксама дыяспара спадзяецца на больш эфэктыўны лёбінг у справе адмены амэрыканскіх візаў для палякаў. Пры гэтым чыкаскія палякі абяцаюць вельмі гасьцінны прыём прэзыдэнту падчас суботняй сустрэчы з дыяспарай, якая адбудзецца ў парку Тысячагодзьдзя ў Чыкага. Кажуць, што на сустрэчу зьбіраюцца мінімум 8 тысяч палякаў.

Яшчэ адным важным пунктам візыту Анджэя Дуды ў Чыкага стане наведваньне вайсковай базы ў горадзе Канкакі на ўсходзе штату Ілінойс. Там разьмешчанае падразьдзяленьне амэрыканскай Нацыянальнай гвардыі. Менавіта гэтыя жаўнеры ЗША найчасьцей служылі з палякамі ў Іраку ды Аўганістане.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт