Logo Polskiego Radia
Print

Беларуская хрысьціянская дэмакратыя зноў без рэгістрацыі?

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 24.05.2018 14:55
  • БХД-зноў.mp3
Сёмая спроба партыі зарэгістравацца можа скончыцца безпасьпяхова.
Foto: bchd.info

24 траўня Вярхоўны суд Беларусі заняўся разглядам скаргі Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі на адмову Міністэрства юстыцыі зарэгістраваць партыю БХД. Гэта ўжо 7 спроба рэгістрацыі партыі, якая цягнецца з 2009-га года. Увесь час беларускія ўлады па надуманых прычынах адмаўляюць у рэгістрацыі партыі.

Сёньня ў Вярхоўным судзе пачаўся разгляд скаргі БХД на чарговую адмову Міністэрства юстыцыі рэгістраваць партыю. Суд ня вынес рашэньне, бо падчас разгляду аднаму з удзельнікаў працэсу стала кепска, сьведка жанчына зьнепрытомнела, абвешчаны перапынак. Больш падрабязна распавядае сустаршыня арганізацыйнага камітэту БХД Віталь Рымашэўскі.

Віталь Рымашэўскі: Зараз павінен аднавіцца пасьля перапынку разгляд у Вярхоўным судзе нашай скаргі на не рэгістрацыю. Мінюст абвінаваціў нас у падачы несапраўдных зьвестак. Мы выклікалі з рэгіёнаў людзей, якім Мінюст закідвае несапраўднасьць дадзеных. Жанчына зь Віцебскай вобласьці страціла прытомнасьць у судзе. Давялося ёй выклікаць хуткую дапамогу. Людзі проста шакаваныя нахабнымі і незаконнымі дзеяньнямі Міністэрства юстыцыі, калі прыходзіць чалавек, пацьвярджае свой удзел і сяброўства ў БХД, а яго абвінавачваюць у падробках ды несапраўдных дадзеных. Міністэрства юстыцыі дэманструе вялізарную некампэтэнтнасьць. Калі ў краіне такі Мінюст, гэта кепска сьведчыць пра краіну.

Актывісты арганізацыі згадваюць, што гэта ўжо восьмая спроба зарэгістраваць партыю. Усе папярэднія скончыліся адмовамі. Міністэрства юстыцыі выконвае палітычны загад: не рэгістрацыя новых палітычных структур у Беларусі. Гаворыць адказны сакратар БХД Дзяніс Садоўскі.

Дзяніс Садоўскі: 3 2009-га года БХД спрабуе зарэгістраваць партыю. Гэта ўжо 7 спроба і адмова з боку Мінюста ў рэгістрацыі. 7 раз мы яе абскарджваем у Вярхоўным судзе. Агулам моладзевыя й рэгіянальныя арганізацыі ды структуры пад назвай БХД мы спрабавалі зарэгістраваць больш за 30 разоў у розных формах, на жалі, ніводная зь іх не скончылася пазытыўна. Відавочна тут палітычнае рашэньне. Наша пазыцыя па шматлікіх унутраных ды міжнародных пытаньняў не падабаецца сёньняшняй уладзе. Гэта тое, што мы ўвесь час кажам пра палітычных вязьняў, наша пазыцыя па атамнай электрастанцыяй. Мы не такая структура, якой сёньняшняя ўлада можа кіраваць.

Прадстаўнікі БХД заявілі, што яны не маюць ілюзій адносна рашэньня суда. Найбольш верагодны сцэнар – адмова. Разам з тым яны не зьбіраюцца здавацца, яны будуць працягваць працэс рэгістрацыі. Гаворыць Віталь Рымашэўскі.

Віталь Рымашэўскі: Вэрдыкт будзе адмоўны, я абсалютна перакананы. Мы будзем працягваць падаваць на рэгістрацыю. Спачатку ў якасьці грамадзкага аб’яднаньня, шэраг рэгіянальных структур і таксама Хрысьціянска-сацыяльны рух.

Першыя намаганьні да рэгістрацыі Беларуска хрысьціянскай дэмакратыі ў якасьці партыі былі зьдзейсьнены ў 2009-м годзе. Беларускія ўлады 7 разоў адмаўлялі партыі ў рэгістрацыі. Актывісты БХД кажуць, што чарговая адмова для іх нічога ня зьменіць. Яны будуць змагацца да перамогі.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт