Logo Polskiego Radia
Print

Беларуска-беларуская вайна пад вясёлкавым сьцягам

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 25.05.2018 15:19
Усё пачалося з таго, што брытанская амбасада вывесіла вясёлкавы сьцяг 17 траўня.
www.pixabay.com/CC0 Creative Commons

Пра беларуска-беларускую вайну пад вясёлкавым сьцягам піша «Rzeczpospolita». Усё пачалося 17 траўня, у Міжнародны дзень барацьбы з гамафобіяй, трансфобіяй і біфобіяй. Тады амбасада Вялікабрытаніі ў Менску вывесіла вясёлкавы сьцяг. Відаць, дыпляматы хацелі нагадаць такім чынам, што Беларусь займае адно з апошніх месцаў у Эўропе, калі гаворка ідзе пра талерантнасьць да іншых сэксуальных арыентацый.

Падзея выклікала нэрвовую рэакцыю. МУС выдала адмысловую заяву, у якой выразіла шкадаваньне і тлумачыла адносіны дзяржавы да сэксуальных мяншыняў. У заяве напісана, што Беларусь падтрымлівае традыцыйны саюз мужчыны і жанчыны, які зьяўляецца адзіным спосабам падаўжэньня роду.

Беларускія праваабаронцы асудзілі гэтую заяву, на іх думку, маралізатарства не ўваходзіць у кампэтэнцыі міністэрства. Брытанская амбасада вырашыла не прымаць удзелу ў дыскусіі, але пра гэта напісалі ўсе важнейшыя брытанскія СМІ. Гэтага не было ў плянах кіраўніка беларускага МЗС Уладзімера Макея, які некалькі дзён таму зьвярнуўся да ЭЗ з просьбаю адмяніць санкцыі (эмбарга на продаж Беларусі ўзбраеньня і забарона ўезду ў ЭЗ некаторых чыноўнікаў, якіх падазраюць у саўдзел у зьнікненьні апазыцыянэраў).

Сярод вышэйшых дзяржчыноўнікаў Беларусі хутчэй не здараюцца адкрытыя канфлікты, а цяпер, відаць, такі канфлікт мае месца. Макей адкрыта заявіў, што кожны чыноўнік або палітычны дзеяч павінен думаць пра наступствы сваіх заяў. На што міністар унутраных спраў Ігар Шуневіч адказаў, што Беларусь павінна абараняцца ад варожых ідэалёгій.

Rzeczpospolita/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт