Logo Polskiego Radia
Print

Польскі міністар наведвае Іерусалім

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 28.05.2018 16:29
  • Польскі міністар.mp3
Візыт прысьвечаны паляпшэньню двухбаковых адносін ды паглыбленьню навуковай супрацы.
Foto: PAP/Leszek Szymański

Віцэ-прэм’ер і міністар навукі ды вышэйшай адукацыі Польшчы Яраслаў Говін знаходзіцца з афіцыйным візытам у Ізраілі. Тэмай візыту зьяўляецца паглыбленьне двухбаковага супрацоўніцтва ў галіне адукацыі ды навукі. Разам з тым бакі таксама абмяркоўвалі стан польска-ізраільскіх стасункаў. Больш падрабязна пра хаду візыту перадае з Іерусаліма карэспандэнтка Польскага радыё Катажына Інграм.

Катажына Інграм: Галоўнай тэмай размоваў Яраслава Говіна ў Палестыне былі польска-ізраільскія стасункі. Польскі міністар прадставіў становішча ўраду, нагоды ўнясеньня паправак у закон пра Інстытут нацыянальнай памяці. Таксама ўчора Яраслаў Говін сустрэўся з ізраільскім міністрам навукі Афірам Акунісам. Тут таксама абмяркоўваўся новы закон пра ІНП, апроч таго ішла размова пра навукова-тэхнічнае супрацоўніцтва паміж Польшчай ды Ізраілем. Міністар Акуніс заявіў, што ягоны ўрад пачакае вынікаў разгляду паправак Канстытуцыйным судзе. Рашэньне што далей Іерусалім абяцае прыняць разам з Польшчай. Ізраільскія палітыкі спадзяюцца, што пасьля вэрдыкту Канстытуцыйнага суда прынятыя папраўкі будуць ліквідаваныя. Міністар возьме ўдзел у міжнароднай навуковай канфэрэнцыі прысьвечаную 70 гадавіне паўстаньня ізраільскай дзяржавы.

Справа ў тым, што нядаўна ўнесеныя папраўкі ў польскі закон пра Інстытут нацыянальнай памяці выклікалі вострую крытыку з боку Іерусаліма. Нэгатыўная рэакцыя габрэйскай дзяржавы зьвязана з тым, што папраўкі ўвялі грашовыя пакараньні ды арышт для людзей, якія прыпісваюць Польшчы су адказнасьць за гітлераўскія злачынствы падчас ІІ Усясьветнай вайны. Папраўкі падпісаў польскі прэзыдэнт, а цяпер іх законнасьць правярае Канстытуцыйны Суд Польшчы. Гэтага рашэньня чакаюць з нецярпеньнем у Іерусаліме. Гаворыць ізраільскі міністар навукі, тэхналёгіі ды космасу Афір Акуніс.

Афір Акуніс: Мне здаецца, што папраўкі сталі вялікай памылкай у зьвязку з тым, якую рэакцыю яны выклікалі ў нашай краіне. Зразумела, што цяпер закон больш не ў рука ўраду ці парлямэнту, а Канстытуцыйнага суда. Я спадзяюся, што ў выніку вывучэньня ды абмеркаваньня прынятага закону, судзьдзі адменіць гэтыя артыкулы.

У сваю чаргу польскі міністар заявіў, што такая вострая рэакцыя на папраўкі вынікае з непаразуменьня.

Яраслаў Говін: Калі Канстытуцыйны суд прадставіць адназначнае тлумачэньне, у якім будзе пазначана, што няма ніякай пагрозы для свабоды слова ці свабоды сьведчаньня для сьведак Галакосту, я думаю, што гэта супакоіць ізраільскі бок і дазволіць нам вярнуцца на той высокі ўзровень добрых адносін, якія панавалі паміж Польшчай ды Ізраілем з моманту распаду камуністычнай сыстэмы.

Польскі віцэ-прэм’ер падпісаў дамову пра навукова-тэхнічнае супрацоўніцтва Польшчы ды Ізраілю. Сёньня міністар Говін наведаў Інстытут Яд Вашэм. Гэта асаблівае месца зазначыў міністар.

Яраслаў Говін: Выканаўцы Галакосту спрабавалі пазбавіць сваіх ахвяр ня толькі жыцьця, алеі чалавечнасьці. У гэтым музэі зьдзейсьнены цуд – адраджэньня чалавечнасьці. Гэтае месца вяртае веру ў чалавека, нягледзячы на ўсё тое зло ды няшчасьце, што здарылася.

Польскі віцэ-прэм’ер сустрэўся з старшынём інстытуту Аўнарам Шалевым. Таксама Яраслаў Говін усклаў кветкі ў месцы памяці ды ўпісаўся ў кнігу гасьцей. Прадстаўнікі інстытуту паведамілі, што за дапамогу габрэям падчас вайны больш за 6600 палякаў атрымалі ўзнагароду ад Інстытута.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт