Logo Polskiego Radia
Print

Туалет – ня места для прэзыдэнцкай газэты

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 04.06.2018 15:43
  • У Туркмэністане.mp3
У Туркмэністане зьявіліся кантралёры, якія правяраюць, чым падціраюцца людзі ў прыбіральнях.
Foto: screen z parahat.info

Улады Туркмэністану незадаволеныя тым, што замест туалетнай паперы выкарыстоўваюцца газэты з выявай прэзыдэнта Бэрдымухамэдава. Таму ў краіне зьявіліся спэцыяльныя каманды кантралёраў, якія правяраюць, чым падціраюцца людзі ў прыбіральнях.

На постсавецкай прасторы ёсьць адна непаўторная краіна. Гэта Туркмэністан, які вылучаецца сваёй дэспатычнасьцю нават паводле мераў СНД, дзе ў большасьці выпадкаў транзыт з камунізму спыніўся на стадыі дыктатур, нязьменных прэзыдэнтаў ды квазідэмакратый. У Туркмэністане неабмежаванасьць улады была найбольшай. Тут з 1993-го ўсталяваўся рэжым неабмежаванай улады аднаго чалавека.

Тутэйшыя кіраўнікі вельмі «ўраджайныя» на рознага кшталту забароны. Папярэдні «бацька народу» Туркмэнбашы праславіўся тым, што забараніў мужчынам мець бараду ды доўгія валасы, а ўсім грамадзянам мець залатыя зубы. Ліквідаваў опэру, балет ды цырк – маўляў, у іх няма патрэбы. Замяніў назвы месяцаў, замест вуліц у Ашхабадзе ўвёў нумары, а Дзень дыні зрабіў нацыянальным сьвятам.

Ягоны наступца Гурбангулы Бэрдымухамэдаў працягвае дадзеную традыцыю. Так, Аркадаг (афіцыйны тытул туркмэнскага прэзыдэнта, які азначае «заступнік») забараніў чыноўнікам езьдзіць адпачываць за мяжу, асабіста вызначае колеры й фасон адзежы для міністраў, студэнтаў, артыстаў ды музыкаў. Тое ж тычыцца колераў фасадаў, шкла ды фіранак адміністрацыйных будынкаў. Ураду загадана біць яму паклоны.

Што тычыцца звычайных туркмэнаў, цяпер ім давядзецца пільнавацца, з чым яны ходзяць у прыбіральні. Туалетная папера ў краіне дарагая, замест яе людзі карысталіся газэтамі. Тым больш, што ў Туркмэністане дзейнічае абавязковая падпіска на адзіную дзяржаўную штодзёнку. Аднак дадзенае выданьне поўніцца прэзыдэнцкімі партрэтамі. Улады занепакоіліся, што павальна адбываецца ганьбаваньне Заступніка. Участковым загадана хадзіць па дамах ды правяраць туалеты грамадзян, якая папера там выкарыстоўваецца. Больш за тое, пад нагляд трапілі й сьметнікі. Ці там выпадкам не стракацяць запэцканыя фэкаліямі прэзыдэнцкія партрэты?

Дадзенае новаўвядзеньне мы папрасілі пракамэнтаваць палітоляга Паўла Ўсава. Чым тлумачыцца такая асаблівасьць туркмэнаў? Ці гэты іхны рэкорд дэспатызму доўга застанецца непабіты?

Слухайце размову ў далучаным файле

Размаўляў Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт