Logo Polskiego Radia
Print

Польшча вітае пачатак перамоўнага працэсу аб далучэньні Македоніі да ЭЗ

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 28.06.2018 13:51
  • Македонія.mp3
Прэм’ер-міністар Матэвуш Маравецкі прыняў у Варшаве прэм'ера Македоніі Зарана Заева.
Прэм'ер-міністар Македоніі Заран ЗаеўПрэм'ер-міністар Македоніі Заран ЗаеўPAP/EPA/FLORIAN WIESER

Некаторыя краіны выходзяць з Эўрапейскага Зьвязу, як, напрыклад, Вялікабрытанія, а іншыя імкнуцца ў яго ўступіць. Асабліва прывабнай зьяўляецца Эўрапейская супольнасьць для невялікіх краін, эканоміка якіх разьвіваецца, а прыналежнасьць да ЭЗ дасьць ёй новы штуршок, каб ісьці наперад. Такой краінай зьяўляецца Македонія.

Польшча поўнасьцю падтрымлівае Македонію ў перамоўным працэсе, які датычыць уваходу гэтай краіны ў NATO і Эўрапейскі Зьвяз. Пра гэта казаў прэм’ер-міністар Матэвуш Маравецкі, які прыняў у польскай сталіцы старшыню Рады міністраў Македоніі Зарана Заева. Польскі прэм’ер павіншаваў македонскага палітыка з вырашэньнем канфлікту з Грэцыяй, які датычыў назвы дзяржавы. І казаў таксама пра імкненьне Македоніі стаць сябрам ЭЗ і NATO.

М. Маравецкі: Я павіншаваў госьця з нагоды выражэньня згоды на працэс далучэньня Македоніі да Эўрапейскага Зьвязу. Згоду выразілі ўсе сяброўскія краіны ЭЗ. Польшча поўнасьцю падтрымлівае Македонію ў гэтым працэсе, а таксама ў яе жаданьні стаць чальцом NATO. Я спадзяюся, што гэта адбудзецца хутка, і што такім чынам павысіцца ўзровень бясьпекі на Балканах.

Два дні таму падчас сустрэчы міністраў па эўрапейскіх пытаньнях у Люксэмбургу дзяржавы-сябры ЭЗ выразілі згоду на пачатак перамоваў аб уваходзе Македоніі і Альбаніі ў супольнасьць. Пры гэтым міністры адзначылі, што абедзьве краіны павінны далей уводзіць грунтоўныя рэформы. Ад Македоніі Эўразьвяз чакае рэформаў у галіне сыстэмы правасудзьдзя і дзяржаўнай адміністрацыі, а таксама барацьбы з карупцыяй.

Прэм’ер-міністар Заран Заеў падзякаваў Польшчы за падтрымку і павіншаваў з нагоды сотай гадавіны незалежнасьці польскай дзяржавы.

З. Заеў: Я хачу перадаць палякам сардэчныя віншаваньні ад імя грамадзян і ўладаў Македоніі з нагоды сотай гадавіны незалежнасьці Польшчы. Вялікае дзякуй за вашу падтрымку нашых мараў, датычных уваходу ў NATO і Эўразьвяз. Згода на пачатак працэсу далучэньня да ЭЗ і NATO павышае бясьпеку ня толькі на тэрыторыі Балканаў, але таксама ва ўсёй Эўропе. Нам гэта прынясе таксама эканамічныя плюсы, дзякуючы пэрспэктыве далучэньня да ЭЗ у нас значна вырасла колькасьць замежных інвэстыцый. Мы хацелі б таксама пашырыць эканамічнае супрацоўніцтва з Польшчаю. Дарэчы, у чэрвені было адкрытае прамое авіяспалучэньне Варшава-Скоп’е. Мы можам супрацоўнічаць у галіне вытворчасьці электрычных аўтобусаў, трактароў. Важнае таксама супрацоўніцтва ў вайсковай галіне з Польшчай.

Пачатак перамоўнага працэсу паміж Македоніяй і Эўразьвязам быў магчымы дзякуючы дасягненьню кампрамісу па пытаньні назвы дзяржавы. Канфлікт паміж Грэцыяй ды Македоніяй цягнуўся доўгі час. Грэкі лічаць, што Македонія – гэта гістарычная назва часткі тэрыторыі Грэцыі, таму яны рашуча выступалі супраць таго, каб так называлася іншая дзяржава. Некаторыя лічылі, што македонцы могуць мець прэтэнзіі да часткі правінцый Грэцыі пад такой жа назваю. І вось, 12 чэрвеня, здаецца, удалося дасягнуць трывалы кампраміс. Працэс зьменаў працягнецца да канца году, цяпер афіцыйна македонцы будуць называць сваю дзяржаву Рэспубліка Паўночная Македонія (Република Северна Македонија).

Здавалася б, назва дзяржавы – гэта адносна малаістотная справа, але канфлікт паміж дзьвюма краінамі сьведчаць аб тым, што гэта вельмі важна, – адзначае палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч.

В. Карбалевіч: Канфлікт паказвае, наколькі вялікая роля палітычнай сымболікі ў сёньняшнім грамадзкім, публічным жыцьці, а нават у міжнароднай палітыцы. Здавалася, б спрачацца за назву даволі недарэчна, але аказваецца, што назва мае вялікае значэньне.

На шчасьце, канфлікт паміж Грэцыяй ды Македоніяй удалося вырашыць, цяпер Рэспубліка Паўночнай Македоніі можа без перашкод пачаць працэс далучэньня да Эўразьвязу. Двухмільённай краіне прыналежнасьць да ЭЗ можа прынесьці шмат карысьці, між іншым, ад свабоднага руху тавараў і людзей. Дарэчы, турызм – вельмі важная галіна македонскай эканомікі. За год краіна прымае каля пяцісот тысяч турыстаў.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт