Logo Polskiego Radia
Print

Польскі міністар мог бы спытаць у Трасьцянцы пра расстрэльны сьпіс

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 29.06.2018 12:09
У Трасьцянцы могуць быць пахаваныя польскія афіцэры, забітыя НКУС.
фота: У. Пац/Польскае Радыё

Выданьне «Rzeczpospolita» піша пра адкрыцьцё ў Благоўшчыне каля былой вёскі Трасьцянец пад Менскам мэмарыялу ў памяць аб ахвярах нямецкага канцлягера, які працаваў падчас Вялікай Айчыннай Вайны. Паводле падлікаў гісторыкаў, немцы забілі там каля 200 тыс. чалавек, якіх прывозілі на цягніках з Польшчы, Аўстрыі, Нямеччыны і былой Чэхаславаччыны. Пераважна габрэяў, але ня толькі. Там забівалі таксама савецкіх ваеннапалонных і мясцовых жыхароў.

Беларускія СМІ пісалі, што на адкрыцьці музэю будзе сам Аляксандар Лукашэнка, а таксама прэзыдэнты Нямеччыны і Аўстрыі Франк-Вальтэр Штайнмаер і Аляксандр Ван дэр Бэлен. Некалькі дзён таму СМІ паведамлялі, што на ўрачыстасьць запрошаны прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда, але ня возьме ўдзелу. Па невядомых прычынах замест яго павінен быў прыбыць кіраўнік кабінэту прэзыдэнта Кшыштаф Шчэрскі.

Пры нагодзе польскі міністар мог бы спытаць беларусаў, у тым ліку Лукашэнку, пра гэтак званы беларускі катынскі сьпіс, паколькі ў Трасьцянцы могуць быць пахаваныя польскі афіцэры, забітыя НКУС. Беларускія ўлады здаўна сьцьвярджаюць, што такога сьпісу ў іх няма. На гэтым месцы шмат гадоў была звалка, якую закрылі толькі нядаўна. На думку гісторыка Ігара Мельнікава, у Трасьцянцы спачываюць таксама ахвяры сталінскіх рэпрэсій. Паводле падлікаў вядомага дасьледчыка сталінскіх рэпрэсій Ігара Кузьняцова, у Трасьцянцы НКУС забіла напрыканцы 30-ых - пачатку 40-ых гг. каля 20 тыс. асобаў. Улады прыкладаюць шмат намаганьняў, каб прыхаваць гэтыя факты.

Rzeczpospolita/нг

/
/
/
Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт