Logo Polskiego Radia
Print

„Польшча — гэта поле кветак сярод загонаў капусты”

PR dla Zagranicy
Viktar Korbut 13.07.2018 15:21
У Польшчы выдалі збор твораў нобэлеўскага ляўрэата, нямецкага пісьменьніка Гайнрыха Бёля.
Краявід у Апольскім ваяводзтве ПольшчыКраявід у Апольскім ваяводзтве ПольшчыФота: pixabay.com/falco/Public Domain CC0

У 1972 годзе Нобэлеўскую прэмію па літаратуры атрымаў заходненямецкі пісьменьнік Гайнрых Бёль. Цяпер у Польшчы выйшаў збор яго твораў, які сьведчыць пра асаблівыя адносіны літаратара да гэтай краіны.

Бёль шмат увагі ў сваёй творчасьці прысьвяціў апісаньню ўнутраных праблем Нямеччыны пасьля вызваленьня краіны ад нацысцкай дыктатуры. Як і любы творца, Бёль быў крытычны да рэчаіснасьці. Ён крытыкаваў царкоўную герархію за брак міласэрнасьці і канфармізм, а заходненямецкую дзяржаву за памылкі ў палітыцы і нежаданьне да канца разьлічыцца за грахі нацызму.

Дасьледчык нямецкай літаратуры і культуры Лешак Жыліньскі, прафэсар Унівэрсытэта Мікалая Капэрніка ў Торуні, піша, што сувязі Бёля з Польшчай былі нячастыя, але інтэнсіўныя. Упершыню тут, у Быдгашчы, ён пабываў яшчэ ў 1940 годзе — як салдат вэрмахта. Як цывільны чалавек наведаў Польшчу ўжо ў 1956 годзе. У той час паміж ФРН і ПНР не было афіцыйных кантактаў, бо ФРН не прызнавала перадачу Польшчы часткі нямецкіх зямель (у Польшчы іх называюць “вернутымі землямі”). Калі Бёль прыехаў у ПНР, яго цікавіла як каталіцкае грамадзтва існуе ва ўмовах сацыялістычнай дзяржавы. Пасьля гэтага візыту ён напісаў у нямецкай прэсе: “Польшча — гэта поле, усланае кветкамі сярод загонаў, засеяных качанамі капусты”. “Загонамі капусты” Бёль апісаў сацыялістычных суседзяў Польшчы, дзе жыцьцё ішло трохі іншым чынам.

У 1976 годзе Бёль разам з Гюнтэрам Грасам зьвярнуўся да ўлад ПНР, якія прасьледавалі рабочых, што пратэставалі супраць павышэньня цэн. Бёль тады напісаў: “Ніякі сацыяліст ня можа прыняць пакараньня рабочых, якія бастуюць”.

У 1970-я гады Гайнрых Бёль узначальваў міжнародны ПЭН клюб і ў гэты час падтрымліваў польскіх інтэлектуалаў, якіх прасьледвалі на радзіме, а ў пачатку 1980-х гадоў падтрымліваў прафсаюз “Салідарнасьць”.

Gazeta Wyborсzа/вк

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт