Logo Polskiego Radia
Print

Пералому ў Хельсінкі не адбылося

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 16.07.2018 18:33
  • Пуцін_Трамп_Хельсінкі_2018.mp3
У сталіцы Фінляндыі сустрэліся прэзыдэнты ЗША і Расеі.
Дональд Трамп і Ўладзімер Пуцін, Хельсінкі, 16.07.2018Дональд Трамп і Ўладзімер Пуцін, Хельсінкі, 16.07.2018EPA/ANATOLY MALTSEV

У сталіцы Фінляндыі ў Хельсінкі сустрэліся сёньня прэзыдэнты Дональд Трамп і Ўладзімер Пуцін. Аднадзённы саміт ЗША і Расеі выклікае шмат дыскусій ў Эўропе і меркаваньні, што пасьля яе ЗША злагодзяць палітыку ў дачыненьні да Расеі. Гэта чацьвёртая ў гісторыі сустрэча лідэраў ЗША і Расеі ў сталіцы Фінляндыі і першая поўнафарматная ад часу захопу Крыму.

Сустрэча пачалася з больш чым гадзінным спазьненьнем у сувязі са спозьненай пасадкай самлёта Пуціна. Палітыкі сустракаліся ў прэзыдэнцкім палацы галавы Фінляндыі ў Хельсінкі.

Трамп і Пуцін спачатку размаўлялі толькі ўдваіх, твар у твар, з дапамогай перакладчыкаў. Пасьля сустрэчы Дональд Трамп сказаў журналістам, што гэта “добры старт” ва ўзаемных адносінах.

Потым да прэзыдэнтаў далучыліся іншыя чальцы дэлегацыі. Пасьля сустрэчы Дональд Трамп і Ўладзімер Пуцін выступілі на супольнай прэс-канфэрэнцыі.

Падводзячы вынікі перагавораў з амерыканскім прэзыдэнтам Уладзімірам Пуціным падкрэсьліў, што Масква і Вашынгтон павінны ўзяць на сябе асноўны цяжар барацьбы з тэрарызмам, незаконным абаротам наркотыкамі і прадухіленьне распаўсюджваньня зброі масавага зьнішчэньня. Кіраўнік Расеі заявіў, што толькі разам можна вырашаць глябальныя праблемы.

У.Пуцін: Сёньняшнія перамовы адлюстроўваюць нашае агульнае жаданьне з прэзыдэнтам Трампам выправіць нэгатыўную сытуацыю ў двухбаковых адносінах. Зрабіць першыя крокі па іх аздараўленьні й вяртаць нашых адносін на ранейшы ўзровень.

Па словах Пуціна, перамовы з Дональдам Трампам былі здавальняючыя для расейскага боку. Прэзыдэнт Расеі падкрэсьліў, што перамовы былі сканцэнтраваны на найбольш важных пытаньнях у двухбаковых адносінах, але і міжнародныя пытаньні, у тым ліку канфлікту ў Сырыі, Украіне і ўмяшальніцтве расейскіх службаў ва ўнутраныя справы іншых дзяржаў.

Адзначым, што сустрэча амэрыканскага прэзыдэнта з расейскім кіраўніком адбылася неўзабаве пасьля таго, як амэрыканская пракуратура абвінаваціла дванаццаць афіцэраў расейскай ваеннай выведкі ва ўмяшальніцтве ў амэрыканскія прэзыдэнцкія выбары два гады таму. Расейскія хакеры ўзламаліся ў кампутарную сыстэму Дэмакратычнай партыі. Прыцягнуць расейцаў да адказнасьці запатрабаваў пракурор Робэрт Мюлер, які дасьледуе справу ўмяшальніцтва, а таксама сувязі людзей з атачэньня Трампа з прадстаўнікамі Крамля. Трамп перад сустрэчай заявіў, што ён ня думаў аб тым, каб зьвяртацца да Пуціна за экстрадыцыю агентаў расейскай ваеннай выведкі.

Пасьля сустрэчы з Пуціным Трамп сказаў, што адносіны ЗША і Расеі былі вельмі дрэнныя, але сустрэча гэта зьмяніла. Амэрыканскі прэзыдэнт дадаў, што адрозьненьні паміж краінамі відавочныя, але патрэбны дыялёг.

Д.Трамп: З першых дзён нашай дзяржавы, амэрыканскія лідэры ведалі, што дыпляматыя і ўзаемадзеяньне гэта значна лепш, чым канфлікт. Прадуктыўны дыялёг добры ня толькі для Злучаных Штатаў і Расеі, але гэта добра для ўсяго сьвету.

Частка амэрыканскіх камэнтатараў лічыць, што саміт у Хельсінкі на самой справе азначае спыненьне з боку ЗША ізаляцыі Масквы, якая вялася пасьля захопу Крыму і ваеннага ўмяшальніцтва ва ўсходняй Украіне.

Чаму якраз для сустрэчы былі выбраныя Хельсінкі. Аб гэтым карэспандэнт ПР Войцех Цэгельскі.

В.Цэгельскі: Фінляндыя не ўпершыну зьяўляецца месцам сустрэчы амэрыканскіх і расейскіх кіраўнікоў. Гэта таму, што Фінляндыя ў час Другой сусьветнай вайны захавала нейтралітэт і не увайшла ў канфлікт па ніякім баку. Фінляндыя таксама не зьяўляецца чальцом NATO, тым ня менш пасьля захопу Крыму цесна супрацоўнічае з Альянсам. Сёньняшняя сустрэча прэзыдэнтаў Расеі і ЗША зьяўляецца чацьвёртай па ліку ў гісторыі. Першая адбылася ў 1975 годзе. Амэрыканскі прэзыдэнт Джэральд Форд і савецкі лідэр Леанід Брэжнеў абмяркоўвалі, перш за ўсё, адлігу ў "халоднай вайне", хаця без канкрэтных вынікаў. 15 гадоў пазьней, перад развалам Савецкага Саюзу Міхаіл Гарбачоў сустрэўся ў Хельсінкі з Джорджам Бушам старэйшым. Размова тычылася Іраку, які якраз напаў на Кувэйт. Найдаўжэйшай і найбольш цёплай была сустрэча Барыса Ельцына і Біла Клінтана ў 1997 годзе. Яна тычылася падрыхтоўкі пагадненьня аб спыненьні гонкі ўзбраеньняў, супрацоўніцтва ў рамках групы G-7 і пашырэньня NATO, якое адбылося два гады пазьней.

Дагэтуль грамадзяне Фінляндыі ганарыліся тым фактам, што якраз іх краіна зьяўляецца нейтральным месцам сустрэч прэзыдэнтаў ЗША і Расеі. Аднак гэтым разам бальшыня фінаў не задаволена сустрэчай Трампа q Пуціна ў Хельсінкі. Паводле апошніх апытаньняў 83% фінаў выступае супраць палітыкі амэрыканскага прэзыдэнта, а 76% – супраць лідэра Расеі.

У нядзелю, на пярэдадні сустрэчы ў Хельсінкі 1,5 тысячы чалавек прадэманстравалі супраць абодвух палітыкаў. Але быў таксама невялікі пікет фінскіх нацыяналістаў у падтрымку Трампа. «У пэўным сэнсе, мне падабаецца Трамп. Менавіта ён распачаў хвалю нацыянальнай палітыкі, зьвязаную з простымі людзьмі. Я думаю, што ён выдатны чалавек, і мы павінны сьвяткаваць яго прыбыцьцё ў Хельсінкі», – сказаў адзін з моладзевых членаў партыі «Праўдзівыя фіны».

Улады Фінляндыі з увагу на бясьпеку вярнулі ў пятніцу памежны кантроль.

яс

tags:
Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт