Logo Polskiego Radia
Print

У польскім Сэнаце дыскутуюць пра рэфэрэндум

PR dla Zagranicy
Viktar Korbut 25.07.2018 14:57
  • 0725 Сэнат пра рэфэрэндум.mp3
Абмяркоўваецца прапанова прэзыдэнта Анджая Дуды аб правядзеньні 10-11 лістапада рэфэрэндуму па ўнясеньні зьмяненьняў у канстытуцыю.
Сьпікер Сэната Польшчы Станіслаў КарчэўскіСьпікер Сэната Польшчы Станіслаў КарчэўскіФота: PAP/Marcin Obara

25 ліпеня падчас дэбатаў у Сэнаце намесьнік кіраўніка канцылярыі прэзыдэнта Павал Муха сказаў, што кансультатыўны рэфэрэндум па пытаньні ўнясеньня зьмяненьняў у канстытуцыю апраўданы ў інтарэсах рэспублікі. Ён выказаў надзею на тое, што сэнатары падтрымаюць праект кіраўніка дзяржавы.

Павал Муха дадаў, што калі грамадзяне на рэфэрэндуме падтрымаюць ініцыятыву прэзыдэнта, то ў такім выпадку трэба будзе падрыхтаваць праект паправак у канстытуцыю або прыняць новую канстытуцыю.

Аднак могуць узьнікнуць розныя складанасьці. Пра адну зь іх гаварыў беспартыйны сэнатар Ян Філіп Лібіцкі.

Ян Філіп Лібіцкі: Можа так аказацца, што яўка грамадзян на рэфэрэндум будзе замалая, каб прызнаць, што ён адбыўся. Але я магу патрымаць прапанову аб правядзеньні рэфэрэндуму, калі хтосьці гатоў сутыкнуцца з такой праблемай.

Да 16 жніўня прэм’ер-міністар Польшчы павінен вызначыць дату правядзеньня выбараў у мясцовыя самакіраваньні. На думку сэнатара ад партыі “Грамадзянская плятформа” Яна Рулеўскага, гэта можа паўплываць і на дату правядзеньня рэфэрэндуму.

Ян Рулеўскі: Існуе юрыдычная, арганізацыйная, інфраструктурная пагроза правядзеньня ў тыя або бліжэйшыя да іх дні мясцовых выбараў. Я хацеў бы мець гарантыю таго, што і выбары, і рэфэрэндум пройдуць спакойна.

Сэнатар ад партыі “Права і справядлівасьць” Анджай Паёнк прапанаваў перасунуць дату правядзеньня выбараў.

Анджай Паёнк: Давайце, калі гэта магчыма, правядзём спачатку добра рэфэрэндум. А пазьней — выбары. Напомню, што перанос выбараў з траўня на восень ужо быў у 1998 годзе. І ўсё гэта было згодна з канстытуцыяй.

Прэзыдэнт Польшчы прапануе правесьці рэфэрэндум 10 і 11 лістапада. Мяркуецца, што палякі адкажуць на 10 пытаньняў. Яны датычаць, у прыватнасьці, зьмен у мадэлі кіраваньня краінай, сыстэмы выбараў дэпутатаў парлямэнта, замацаваньня ў канстытуцыі членства Польшчы ў НАТА і Эўрапейскім зьвязе.

Намесьнік кіраўніка канцылярыі прэзыдэнта Павал Муха растлумачыў, чаму прэзыдэнт прапанаваў менавіта 10 і 11 лістапада для правядзеньня галасаваньня.

Павал Муха: Цяжка прыдумаць лепшы спосаб сьвяткаваньня сотай гадавіны аднаўленьня незалежнасьці, чым даць магчымасьць палякам сувэрэнную магчымасьць выказацца пра кірункі, у якіх павінна ісьці Рэспубліка Польшча. З мэтай даць магчымасьць як мага большай колькасьці грамадзян выказацца на рэфэрэндуме, датай яго правядзеньня прапанаваны дні 10 і 11 лістапада 2018 года, ці двухдзённы рэфэрэндум.

24 ліпеня заканадаўчая камісія Сэната рэкамэндавала адхіліць прапанову Анджая Дуды аб правядзеньні рэфэрэндуму. За адхіленьне прапановы прэзыдэнта прагаласавалі 4 сэнатары, 2 выказаліся супраць, 6 устрымаліся.

24 ліпеня адбылося пасяджэньне сэнацкага клюба партыі “Права і справядлівасьць”, на якім абмяркоўвалася ініцыятыва кіраўніка дзяржавы. Сьпікер Сэната Станіслаў Карчэўскі паведаміў, што сэнатары ад партыі “Права і справядлівасьць” ня будуць галасаваць супраць прапановы прэзыдэнта.

Дазвол на правядзеньне рэферэндуму Сэнат дасьць у тым выпадку, калі за гэта выкажацца абсалютная большасьць яго членаў пры ўдзеле у галасаваньні больш як паловы сэнатараў.

IAR/вк

Слухайце далучаны гукавы файл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт