Logo Polskiego Radia
Print

Сьпікер Сэната: «Польшча можа быць для Беларусі акном у Эўропу»

PR dla Zagranicy
Viktar Korbut 30.07.2018 15:45
  • 0730 С. Карчэўскі ў РБ.mp3
Станіслаў Карчэўскі падчас візыту ў Беларусь заявіў, што краіны маюць «нявыкарыстаны патэнцыял».
Горадня, касьцёл Знаходжаньня Сьв. Крыжа. 28 ліпеня 2018 г. Справа налева: Анджаліка Борыс, Станіслаў КарчэўскіГорадня, касьцёл Знаходжаньня Сьв. Крыжа. 28 ліпеня 2018 г. Справа налева: Анджаліка Борыс, Станіслаў КарчэўскіФота: PAP/Leszek Szymański

На мінулым тыдні сьпікер Сэната Польшчы Станіслаў Карчэўскі наведаў Горадню і Менск. У Горадні ён удзельнічаў ва ўрачыстасьцях у сувязі з 30-годзьдзем Саюза палякаў на Беларусі. У Менску сустрэўся са старшынёй Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Міхаілам Мясьніковічам.

Падчас візыту ў Беларусь Станіслаў Карчэўскі правёў перагаворы і ў Горадні, і ў Менску з высокапастаўленымі чыноўнікамі. Гаворка ішла перш за ўсё пра эканамічнае супрацоўніцтва. У інтэрвію Польскаму радыё сьпікер Сэната Польшчы пракамэнтаваў візыт у Беларусь.

Горадня,
Горадня, 28 ліпеня 2018 г. Касьцёл Знаходжаньня Сьв. Крыжа. Урачыстасьці да 30-годзьдзя Саюза палякаў на Беларусі з удзелам Станіслава Карчэўскага. Фота: PAP/Leszek Szymański

Станіслаў Карчэўскі: Мы даўно чакалі гэтых размоў. Яны вельмі патрэбны. Яны паказваць, што існуе дэфіцыт спатканьняў, хаця яны вельмі інтэнсіўныя. Існуе патрэба ў яшчэ большым дыялёгу. Мы размаўлялі пра наша супрацоўніцтва, пра эканамічнае, гандлёвае, турыстычнае, навуковае супрацоўніцтва. Мы закранулі ўсе праблемы, якія нас аб’ядноўваюць. Разьдзяляе, але таксама аб’ядноўвае нас граніца. Нас, Польшчу і Беларусь, яднае вельмі багатая супольная гісторыя. І мы гэта ўсе ўсьведамляем. І гэтыя размовы вядуць да таго, каб мы шукалі кірункі нашага супрацоўніцтва ў будучыні.

Мы дакладна маем велізарны капітал, велізарны патэнцыял, і гэты патэнцыял нявыкарыстаны. Польшча павінна шырока адчыняць браму для Беларусі, якая хоча гэтага і выразна гаварыла пра гэта. Пра гэта гаварыў і спадар старшыня [Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь]. Пра гэта гаварылася і ў іншых размовах, якія я праводзіў, напрыклад, са спадаром губэрнатарам [старшынёй выканкама] Гарадзенскай вобласьці. Ён казаў, што яны хочуць у Эўропу, хочуць супрацоўнічаць з Эўрапейскім зьвязам. Хочуць супрацоўнічаць таксама з Польшчай. І Польшча зьяўляецца тым месцам, якое можа адчыняць дзьверы, быць акном для Беларусі ў супрацоўніцтве з Эўропай.

Гэта вельмі важная дэклярацыя з пункта гледжаньня і бясьпекі, і міжнародных адносін, і я сьцьвярджаю, што вельмі сур’ёзная. Існуе патрэба больш інтэнсіўнага разьвіцьця гэтага супрацоўніцтва.

Дадатковым плюсам і Беларусі, і Польшчы зьяўляецца дыяспара, хаця я не люблю гэты тэрмін. І палякі, якія жывуць у Беларусі, і беларусы, якія жывуць у Польшчы. Мы разам можам будаваць мост, па якім можа разьвівацца тое супрацоўніцтва, пра якое я казаў — эканамічнае, гандлёвае, навуковае, культурнае.

Мы рыхтуемся адначасова да візыту спадара старшыні беларускага сэната [Савета Рэспублікі] Мясьніковіча, майго калегі. Гэты візыт адбудзецца або ў кастрычніку, або ў лістападзе — у залежнасьці ад магчымасьці арганізацыі рэгіянальнага форуму і абмену паміж урадамі. Мы хацелі б гэта аб’яднаць. І я думаю, што гэта добрая ідэя, і, як я сказаў, гэты візыт адбудзецца або ў кастрычніку, або ў лістападзе.

Станіслаў Карчэўскі падчас сустрэч зь беларускімі ўладамі падымаў пытаньне магчымасьці аднаўленьня легальнай дзейнасьці Саюза палякаў на Беларусі. Ён адзначыў, што гэта пытаньне закранаецца ўвесь час — пры кожнай сустрэчы з прадстаўнікамі афіцыйнага Менска.

Станіслаў Карчэўскі: Я думаю, што мы зрабілі нейкі крок уперад. Мы ня вырашылі праблем. Але наша прысутнасьць, наша размова і дыялёг, я веру, прывядуць да гэтага. І Саюз палякаў на Беларусі, які мае капітальнае значэньне і велізарныя дасягненьні, які прывёў да кансалідацыі польскіх асяродкаў у Беларусі, зьяўляецца вялікай каштоўнасьцю. Вялікай каштоўнасьцю зьяўляецца тое, што тут, у Беларусі, многа дзяцей вывучаюць польскую мову. І многа дзяцей польскага паходжаньня хочуць пазьней вучыцца і часткова працаваць у Польшчы. Гэта вялікі неацэнны капітал. І мы павінны клапаціцца пра гэты капітал. Я думаю, што існуе ўсё большае разуменьне зь беларускага боку, з боку беларускіх улад. Беларускія ўлады бачаць нашу рашучасьць. І бачаць, што мы не адступім. І будзем змагацца разам за тое, каб Саюз [палякаў на Беларусі] быў легалізаваны ўладамі Беларусі.

Станіслава
Станіслава Карчэўскага вітаюць гарадзенскія палякі. 28 ліпеня 2018 г. Фота: PAP/Leszek Szymański

Знаходзячыся ў Горадні, Станіслаў Карчэўскі зьвярнуў увагу на магчымасьці вывучэньня беларускімі палякамі роднай мовы, а таксама на тое, якія пэрспэктывы можа мець беларуская моладзь з польскімі каранямі ў Польшчы.

Станіслаў Карчэўскі: Палякі [ў Беларусі] чакаюць, каб мы зь імі часьцей супрацоўнічалі, сустракаліся, размаўлялі. Мы ставім на моладзь, на дзяцей. Мы хочам, каб як мага больш беларусаў польскага паходжаньня вывучалі польскую мову. Тут, у адной са школ, вучыцца аж 1700 беларусаў польскага паходжаньня. Вывучаюць польскую мову, гісторыю, здаюць выпускныя экзамены па-польску. Вельмі часта выбіраюць месцам свайго далейшага навучаньня Польшчу. Гэта нас збліжае і надзвычай кансалідуе. Мы будуем супольнасьць палякаў — палякаў, якія жывуць у Польшчы і за граніцай. Я ўдзячны тым, хто ствараў Саюз палякаў на Беларусі, стварае і разбудоўвае цяпер, асабліва прысутнай тут пані Анджаліцы Борыс, якая зьяўляецца ўстановай, робіць так многа для польскай супольнасьці, для нашай нацыянальнай спадчыны. Я надзвычай ёй удзячны і вельмі рад, што магу прысутнічаць на гэтых урачыстасьцях і асабіста падзякаваць ёй за ўсё тое, што яна зрабіла.

Станіслаў Карчэўскі падчас перагавораў зь беларускімі ўладамі асаблівую ўвагу надаў тэме набору вучняў у польскія школы ў Беларусі.

Станіслаў Карчэўскі: Можна сказаць, што мы дасягнулі поўнага посьпеху, бо мы маем гарантыі з боку ўлад, што ўсе дзеці, якія падалі сёлета заяўкі на навучаньне ў першых клясах, будуць прыняты ў школы. Мы атрымалі сёньня такое абяцаньне. І я ўпэўнены, што яно будзе выканана.

вк

Слухайце далучаны гукавы файл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт