Logo Polskiego Radia
Print

Беларускую моладзь уразіла адкрытасьць польскіх чыноўнікаў (ФОТА)

PR dla Zagranicy
Viktar Korbut 31.07.2018 15:03
  • 0731 Школа Руху За Свабоду ў Варшаве.mp3
У Варшаве 25-30 ліпеня адбылася Школа Руху “За Свабоду” для беларускай моладзі “Месца Беларусі ў Эўропе”.
Удзельнікі Школы Руху “За Свабоду” для беларускай моладзі “Месца Беларусі ў Эўропе” на Замковым пляцы ў Варшаве падчас экскурсіі па горадзе. 28 ліпеня 2018 г.Удзельнікі Школы Руху “За Свабоду” для беларускай моладзі “Месца Беларусі ў Эўропе” на Замковым пляцы ў Варшаве падчас экскурсіі па горадзе. 28 ліпеня 2018 г.Фота: Віктар Корбут/radyjo.net

У Варшаве 25-30 ліпеня адбылася Школа Руху “За Свабоду” для беларускай моладзі “Месца Беларусі ў Эўропе”. Суарганізатарам яе выступіў фонд “Беларускі дом у Варшаве”.

Каля 30 маладых беларусаў наведалі розныя ўстановы польскай дзяржавы, сустрэліся з палітыкамі і журналістамі.

Школа Руху “За Свабоду” ўжо ня першы раз праходзіць у Польшчы.

Сёлета адна зь першых сустрэч беларускай моладзі ў Варшаве адбылася са сьпікерам Сэната Польшчы Станіславам Карчэўскім. 26 ліпеня ён прыняў удзельнікаў школы ў парлямэнце. Гаварылі ня толькі пра палітыку.

Алесь Зарэмбюк, сустаршыня фонда “Беларускі дом у Варшаве”: Размаўлялі пра эўрапейскую будучыню і ўсё, што з гэтым зьвязана — экалёгію, аднаўляльную энэргетыку, гарадзкія ровары, сонечныя батарэі.

Удзельнікі
Удзельнікі Школы Руху “За Свабоду” для беларускай моладзі “Месца Беларусі ў Эўропе” ў Сэнаце Польшчы. 26 ліпеня 2018 г. Фота: K. Czerwińska/Kancelaria Senatu/senat.gov.pl

Сьпікер Сэната пажадаў на разьвітаньне, каб польска-беларускія і эўрапейска-беларускія адносіны паляпшаліся.

У польскай сталіцы беларусаў таксама чакалі сустрэчы з прадстаўнікамі адміністрацыі варшаўскага раёна “Бяляны”, галоўных палітычных партый краіны “Права і справядлівасьць” і “Грамадзянская плятформа”.

Юрый Губарэвіч, старшыня Руху “За Свабоду”: Слухачы школы, мяркуючы па пытаньнях, якія яны задавалі, добра ведаюць, як павінны працаваць дэмакратычныя мэханізмы. Многія ведаюць пра праблемы сучаснай Польшчы. Пыталі пра тое, чаму ў Польшчы адбываюцца шматтысячныя пратэсты. На гэта атрымалі адказ, што гэта добра, што яны адбываюцца і ніхто іх не разганяе. Гэта адрозьнівае сытуацыю ў дэмакратычнай Польшчы ад Беларусі. Удзельнікі школы атрымалі веды па пытаньні, наколькі рэальна грамадзтва можа ўплываць на пазыцыю ўлад. Я думаю, іх гэта будзе натхняць такім жа чынам арганізоўваць сваё жыцьцё і ў Беларусі.

Удзельнікі
Удзельнікі Школы Руху “За Свабоду” для беларускай моладзі “Месца Беларусі ў Эўропе” ў пасольстве Нідэрляндаў у Варшаве. Фота: Алесь Зарэмбюк/facebook.com/zarembiuk

Выступалі перад беларусамі і іх суайчыньнікі — экспэрты Рыгор Астапеня, Аляксандар Фядута і інш. Выступленьне апошняга зацікавіла аднаго з удзельнікаў школы — Кірыла Марыкіна з Горадні.

Кірыл — зямляк Фядуты, мае сярэднюю музычную адукацыю, працуе настаўнікам музыкі, але ў пэрспэктыве плянуе атрымаць вышэйшую адукацыю па паліталёгіі — магчыма, у маскоўскай Вышэйшай школе эканомікі. Удзел у варшаўскай школе даў магчымасьць Кірылу лепш асэнсаваць свае пляны на будучыню.

Кірыл Марыкін: Мяне ўразіла адкрытасьць, зь якой нас прымалі ў розных ведамствах Польшчы. Мы схадзілі і да сьпікера Сэната, нас прынялі і ў канцылярыі прэзыдэнта, і ў Міністэрстве адукацыі. Гэта было непраўдападобна. Я з такім не сутыкаўся ў Беларусі.

Арганізатары
Арганізатары Школы Руху “За Свабоду” для беларускай моладзі “Месца Беларусі ў Эўропе” ў Сэнаце Польшчы: зьлева направа Алесь Зарэмбюк, Юрый Губарэвіч; справа — сьпікер Сэната Станіслаў Карчэўскі. 26 ліпеня 2018 г. Фота: K. Czerwińska/Kancelaria Senatu/senat.gov.pl

Адным з самых маладых удзельнікаў Школы Руху “За Свабоду” была Анастасія Кірык з Кобрына. Яна толькі скончыла школу. І зьбіраецца вучыцца на праграміста ў Польшчы, у Бялай Падляскай. Аднак ужо цяпер займаецца грамадзкай дзейнасьцю ў Беларусі. І разумее, якія праблемы перад ёй могуць узьнікнуць у будучыні. Польскі вопыт, спадзяецца дзяўчына, дапаможа ёй знайсьці адказы на многія пытаньні.

Анастасія Кірык: Я зьяўляюся валянтэрам у берасьцейскай культурна-асьветнай арганізацыі “Дзедзіч”. Я цікаўлюся і беларускай культурай, і палітыкай. Пляную займацца актыўнай грамадзкай дзейнасьцю ў Беларусі і ведаю, што праз гэта могуць узьнікнуць праблемы з вучобай. Таму і выбрала месцам навучаньня Польшчу. Але сваё жыцьцё пляную зьвязаць зь Беларусьсю. Падчас навучаньня ў школе Руху “За Свабоду” ў мяне зьявіліся сьветлыя думкі, як мне далей працаваць у сваёй арганізацыі.

Юрый Губарэвіч па выніках школы бачыць сэнс у арганізацыі наступных беларуска-польскіх адукацыйных мерапрыемстваў.

Юрый Губарэвіч: Самая галоўнае праблема — гэта апатыя і нявер’е беларусаў, у т. л. моладзі ў тое, што сытуацыя ў Беларусі можа зьмяніцца. Удзел у варшаўскай школе дае магчымасьць параўнаць той стан, у якім цяпер знаходзяцца Беларусь і дэмакратычная краіна Польшча. Я мяркую, што гэта параўнаньне прывядзе маладых людзей да пэўных думак і да актыўнай працы на карысьць перамен у Беларусі.

Удзельнікі
Удзельнікі Школы Руху “За Свабоду” для беларускай моладзі “Месца Беларусі ў Эўропе” на экскурсіі па Варшаве. 28 ліпеня 2018 г. Фота: Віктар Корбут/radyjo.net

Алесь Зарэмбюк упэўнены, што слухачы варшаўскай школы стануць прыкметнымі асобамі ў грамадзкім жыцьці Беларусі.

Алесь Зарэмбюк: Нягледзячы на меркаваньне, што беларуская грамадзянская супольнасьць нібы маргінальная, тыя групы беларусаў, якія да нас прыяжджаюць, руйнуюць гэты стэрэатып. Мы сустракаем тут адукаваных, цікавых рознабаковых асоб, якія бачаць будучыню Беларусі ў Эўропе. Гэта дае надзею і стымул, каб працягваць рабіць такія адукацыйныя праекты.

Удзельнікі школы ўжо вярнуліся ў Беларусь. Ці змогуць яны паўплываць на сытуацыю ў сваёй краіне, мы даведаемся ў бліжэйшы час.

Віктар Корбут

Слухайце далучаны гукавы файл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт