Logo Polskiego Radia
Print

Расейскі бок выразіў згоду на прыезд польскіх пракурораў у Смаленск

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 31.07.2018 12:05
Такім чынам назіраецца невялікі прарыў у стаўленьні расейскіх сьледчых.
Foto: PRSA/W.Pac

Сайт wPolityce.pl піша, што Сьледчы камітэт Расейскай Фэдэрацыі выразіў згоду на прыезд у Смаленск польскіх пракурораў ды экспэртаў на агляд абломкаў польскага ўрадавага самалёта Ту-154М. Такім чынам назіраецца невялікі прарыў у стаўленьні расейскіх сьледчых, якія раней нават не адказвалі на польскія запыты. Канешне, можа быць так, што ўпусьцяць палякаў на лётнішча, дазволяць кароткі час нешта паглядзець, а пазьней – адпраўляйцеся назад. А сьвету аб’явяць, што палякі мелі свабодны доступ да абломкаў.

Аўтар артыкулу Марэк Пыза нагадвае, што частка чальцоў падкамісіі расьсьледаваньня смаленскай катастрофы даўно выказвалі жаданьне паехаць у Расею на агляд абломкаў самалёта, але яны не маглі атрымаць згоду ад кіраўніка падкамісіі Антоні Мацярэвіча. Ён паступае паводле прынцыпу «граем за вышэйшую стаўку, нават калі гэтая гульня асуджаная на паразу». Таму падкамісія зьвярнулася да расейцаў з просьбай правесьці рэканструкцыю разьбітай машыны. Канешне, добра было б такую рэканструкцыю правесьці, але вядома было, што расейцы ня згодзяцца.

Калі так сталася, падкамісія выдала вострую заяву, у якой сьцьвярджаецца, што Расейская Фэдэрацыя паступае падобным чынам, як Савецкі Саюз па пытаньні катынскага злачынства, а таксама гаворыцца пра дзейнасьць, падобную да правакацыі.

Марэк Пыза піша, што ў дакумэнце, прысланым з Масквы ў польскае МЗС, ёсьць інфармацыя пра магчымасьць прыезду польскіх прадстаўнікоў у Расею з мэтаю правесьці агляд абломкаў самалёта, які разьбіўся 10 красавіка 2010 году. Пра гэтую прапанову падкамісія не паведамляла, а менавіта яе вынікам зьяўляецца плянаваны візыт пракурораў у Смаленск. Пракуратура вядзе ўласнае сьледзтва па справе катастрофы. Часта чальцоў падкамісіі, якая дзейнічае пры Міністэрстве нацыянальнай абароны, хацела б супрацоўнічаць з пракурорамі, а не спаборнічаць. У некаторых пытаньнях патрэбныя мудрасьць, развага і кемлівасьць, а не крык, які ніяк не прыблізіць нас да праўды пра катастрофу.

wPolityce.pl/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт