Logo Polskiego Radia
Print

Варшаўскае паўстаньне: «не» Гітлеру і Сталіну (ФОТА)

PR dla Zagranicy
Viktar Korbut 01.08.2018 17:03
  • 0801 74-годзьдзе Варшаўскага паўстаньня.mp3
У сталіцы Польшчы 1 жніўня праходзяць памятныя мерапрыемствы ў сувязі з 74-й гадавінай Варшаўскага паўстаньня.
Варшава, 1 жніўня 2018 г. Урачыстасьці да 74-й гадавіны Варшаўскага паўстаньня ля помніка Польскай падпольнай дзяржаве і Арміі КраёвайВаршава, 1 жніўня 2018 г. Урачыстасьці да 74-й гадавіны Варшаўскага паўстаньня ля помніка Польскай падпольнай дзяржаве і Арміі КраёвайФота: PAP/Rafał Guz

У розных кутках Варшавы 1 жніўня зьбіраюцца вэтэраны Варшаўскага паўстаньня, гісторыкі, палітыкі, жыхары і госьці горада. Яны ўспамінаюць, як 20 тысяч салдат Арміі Краёвай 74 гады таму ўступілі ў няроўны бой зь нямецкімі акупантамі.

Паўстанцы хацелі вызваліць сталіцу краіны перад прыходам Чырвонай Арміі, якую разглядалі як акупацыйную. Змаганьне доўжылася два месяцы. Загінулі 18 тысяч паўстанцаў і 100 тысяч цывільных жыхароў Варшавы.

1 жніўня памятныя мерапрыемствы прайшлі ў розных раёнах сталіцы Польшчы.

Варшава,
Варшава, 1 жніўня 2018 г. Памятнае мерапрыемства да 74-й гадавіны Варшаўскага паўстаньня на вул. Дварковай Фота: PAP/Paweł Supernak

Былі ўскладзены кветкі ля мэмарыяльнай дошкі на будынку на вул. Фільтровай у сталічным раёне Ахота — у памяць аб падпісаньні палкоўнікам Антоніем Хрусьцелем «Манцёрам», камандуючым Варшаўскай акругі Арміі Краёвай, загаду аб пачатку паўстаньня.

Кіраўнік упраўленьня па справах вэтэранаў і рэпрэсіраваных асоб Ян Юзаф Каспшык напомніў словы Папы Рымскага Яна Паўла II, сказаныя к 50-годзьдзю паўстаньня.

Ян Юзаф Каспшык: Папа сказаў у 1994 годзе, што Варшаўскае паўстаньне нельга ацэньваць выключна ваеннымі і палітычнымі катэгорыямі. Бо Варшаўскае паўстаньне было чымсьці большым. І Ян Павал ІІ меў рацыю. Варшаўскае паўстаньне было чарговай сцэнай змаганьня добра і зла.

Ян Юзаф Каспшык дадаў, што Варшаўскае паўстаньне было барацьбой супраць гітлераўскага нямецкага вар'яцтва. Ён падкрэсьліў, што Польшча адной зь першых у сьвеце сказала «не» двум таталітарызмам — гітлераўскаму і сталінскаму.

Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда заявіў, што варшавяне недарма пачалі змаганьне зь немцамі ў жніўні 1944 года. Ён таксама адзначыў, што Варшаўскае паўстаньне было паднята ў той час, калі Чырвоная Армія падступала да Варшавы. Але саветы не падтрымалі палякаў, чакаючы, што паўстанцаў зьнішчаць немцы.

Анджэй Дуда: Паўстанцы былі гарантамі свабоднай Польшчы. Што павінна была зрабіць Чырвоная Армія? Увайсьці ў горад, заняты паўстанцамі, не захопліваць яго, а толькі далучыць? А потым што? Забіць паўстанцаў, захапіць рэшту краіны. Не было іншага выхаду.

Прэзыдэнт Польшчы 1 жніўня прымае ўдзел у штогадовай цырымоніі ля помніка Gloria Victis на вайсковых могілках на Павонзках у Варшаве. У гадзіну «W» паўстанцы, вышэйшыя ўлады дзяржавы і жыхары Варшавы аддаюць ля помніка даніну павагі героям сталіцы. А 17.00 па горадзе гучала сырэна.

Варшава,
Варшава, 1 жніўня 2018 г. Анджэй Дуда ўскладае вянок ля мэмарыяльнай дошкі ў варшаўскім раёне Воля ў памяць пра 70 палякаў, забітых немцамі Фота: PAP/Radek Pietruszka

Анджэй Дуда ўсклаў вянок ля мэмарыяльнай дошкі ў варшаўскім раёне Воля ў памяць пра 70 палякаў, забітых немцамі. Прэзыдэнт Польшчы сказаў, што ў гэтым месцы стаяў дом, у якім гітлераўцы трымалі непрацаздольнае цывільнае наесльніцтва — старых, дзяцей, цяжарных жанчын. Уначы з 10 на 11 жніўня немцы падпалілі будынак. Усе, хто ў ім быў, згарэлі.

Анджэй Дуда: Гэта месца зьяўляецца месцам пакут цывільнага насельніцтва Варшавы, адным з сымбаляў тых дзён, непраўдападобнага зьверства, зь якім немцы аднесьліся да Варшавы, да яе цывільнага насельніцтва. Мы гэта ўспамінаем і выказваем пашану — ня толькі тым, хто ваяваў у Варшаўскім паўстаньні, але таксама тым, хто пацярпеў, хто падчас і пасьля паўстаньня загінуў.

У цырымоніі на варшаўскай вул. Фільтровай выступіў вэтэран паўстаньня — прадстаўнік 4-й акругі Арміі Краёвай Варшава — Ахота Богдан Бартнікоўскі. Ён успомніў пра першыя дні баёў.

Богдан Бартнікоўскі: Я памятаю першыя гадзіны паўстаньня. Гэта быў момант вялікай радасьці. Я жыў тады за 200-300 мэтраў адсюль — на вул. Каліскай. Мы адчувалі, што нарэшце сталі свабоднымі. Вакол нас былі салдаты — не ў мундзірах, але зь бела-чырвонымі павязкамі, з арламі на шапках, фуражках, шлемах.

Богдан Бартнікоўскі расказаў, што баі ў раёне Ахота не працягваліся доўга. 9 жніўня вечарам паўстанцы мусілі адступіць.

Варшава,
Варшава, 1 жніўня 2018 г. Памятнае мерапрыемства да 74-й гадавіны Варшаўскага паўстаньня ля помніка «Макотуў, які змагаецца — 1944» Фота: PAP/Paweł Supernak

Зацятыя баі ішлі ў раёне Макотуў. 1 жніўня памятная цырымонія прайшла ля помніка «Макотуў, які змагаецца — 1944» у парку імя генэрала Густава Орліча-Дрэшэра. Сюды прыйшлі многія жыхары Варшавы. Яны выказвалі свае меркаваньні пра гістарычную падзею.

Варшавянін: Я прыйшоў сюды, бо нарадзіўся ў 1950 годзе і яшчэ памятаю Варшаву ў руінах. Гэта былі руіны пасьля Варшаўскага паўстаньня. І я адчуваю эмацыянальную сувязь з гэтым. Я нарадзіўся і гадаваўся ў раёне Макотуў, які зьяўляецца крывавай ранай на карце Варшавы.

У Макотуве адбываліся адны з найбольш упартых баёў паўстанцаў зь немцамі.

Малады варшавянін: Мяне ўражваюць людзі ў маім узросьце, якія адважыліся выступіць супраць немцаў, каб абараніць нашу краіну.

Удзельніца паўстаньня Грызэльда Студзіньская, якая цяпер жыве ў Лодзі, успамінае, што паўстанцы не сумняваліся ў тым, ці варта змагацца за свабоду. Улетку 1944 года ніхто не разважаў, ці пераможа паўстаньне, ці не.

Грызэльда Студзіньская: Мы радаваліся 63 дням свабоды пасьля пяці гадоў жудасных пакут у няволі. У нас была вялікая вера ў тое, што ў нас усё атрымаецца.

Варшава,
Варшава, 1 жніўня 2018 г. Памятнае мерапрыемства да 74-й гадавіны Варшаўскага паўстаньня ля помніка «Макотуў, які змагаецца — 1944». Зьлева — удзельніца Варшаўскага паўстаньня Барбара Гардлічка-Шайнэр Фота: PAP/Paweł Supernak

Тым часам прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі паабяцаў у два разы павялічыць падтрымку ўсім, хто змагаўся за незалежнасьць краіны.

Матэвуш Маравецкі: Падтрымку атрымаюць паўстанцы, “праклятыя салдаты”, салдаты Арміі Краёвай, салдаты, якія змагаліся за незалежнасьць, якія яшчэ жывуць. Гэтыя сродкі будуць павялічаны на 100%, каб на схіле жыцьця падтрымаць гэтых людзей.

А 21.00 на Кургане Паўстаньня на вул. Бартыцкай запальваецца Агонь Памяці. Ён будзе гарэць 63 дні — столькі прадаўжаліся баі зь нямецкімі акупантамі за вызваленьне сталіцы Польшчы.

IAR/вк

Слухайце далучаны гукавы файл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт