Logo Polskiego Radia
Print

У Варшаве пачынаецца фэстываль „Каралеўскія аркады мастацтва”

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 03.08.2018 18:08
  • Фэстываль „Каралеўскія аркады мастацтва”.mp3
Мерапрыемства ладзіцца ў Аркадах Кубіцкага, разьмешчаных у садах Каралеўскага палацу ў Старым горадзе.

У Варшаве ў Каралеўскім палацы сёньня пачынаецца фэстываль „Каралеўскія аркады мастацтва”. Гэтае мерапрыемства праводзіцца ўжо дзевяты па ліку раз. На канцэрты і мастацкія сустрэч уваход бясплатны.

Фэстываль „Каралеўскія аркады мастацтва” праходзіць пад патранатам Польскага радыё. Мерапрыемства ладзіцца ў так званых Аркадах Кубіцкага, разьмешчаных у садах Каралеўскага палацу. Падчас чарговых сямі летніх выходных публіка запрашаецца на сымфанічныя канцэрты, тэатральныя паказы, музычныя падзеі, мастацкія майстэрні для дзяцей.

„Праграма фэстывалю захапляльная як з музычнага, так і тэатральнага пункту гледжаньня”, – сказаў на прэс-канфэрэнцыі мастацкі дырэктар фэстывалю „Каралеўскія аркады мастацтва” Томаш Тарашкевіч.

Дырэктар адзначыў, што ў сувязі з сотымі ўгодкамі незалежнасьці Польшчы адбудуцца сымфанічныя канцэрты з перавагай польскай клясычай і сучаснай музыкі.

У праграме заплянаваныя канцэрты знакамітых польскіх музыкаў. Выступіць Ежы Маскымюк, Томаш Радзівановіч са сваім аркестрам, піяніст Павэл Кавальскі. „Гэта прозьвішчы-фірмы”, - адзначыў мастацкі дырэктар фэстывалю.

Можна будзе паслухаць творы выбітных кампазытараў, - кажа Томаш Тарашкевіч. Такіх, як...

Т.Тарашкевіч: Караль Шыманоўскі, Ігнацы Ян Падарэўскі – адзін з аўтараў польскай незалежнасьці, Кшэсімір Дэмбскі (Krzesimir Dębski). Томаш Радзівановіч, які таксама зьяўляецца кампазытарам, ня толькі дырыжорам, а таксама Гражына Бацэвіч.

Адбудзецца таксама канцэрт на фартэпіяна знакамітага польскага піяніста Паўла Кавальскага. Музыка зайграе, у прыватнасьці, творы Моцарта і Шапэна.

У праграме „Каралеўскіх аркадаў мастацтва” заплянаваныя шматлікія пастаноўкі спэктакляў, - кажа Томаш Тарашкевіч.

Т.Тарашкевіч: Калі казаць пра тэатры, то мы запрасілі дасканалы тэатральны калектыў Лешка Мондзіка (Leszek Mądzik) „Scena plastyczna KUL” з Любліна. Наш тэатральны рэпэртуар даволі разнастайны: будуць сцэны з „Гамлета” Шэкспіра, а таксама сатырычны спэктакль „Сям'я”.

Пра «Гамлета» нічога новага ня скажам, а пра пастаноўку „Сям'я” так – спэктакль падрыхтаваў Познаньскі тэатар Circus Ferus. За 90 хвілін акторы пастараюцца адмяніць рэчаіснасьць і выпраміць будучыню сьвету, а прынамсі Польшчы, або хаця б адной сям’і. Спэктакль носіць характар кабарэ.

Фэстываль „Каралеўскія аркады мастацтва” падрыхтаваў таксама імпрэзы для дзяцей: тэатральныя пастаноўкі і музычныя сустрэчы. Дзеткі разам з музыкантамі будуць вывучаць ігру на інструмэнтах, - кажа Анджэй Мровец з Варшаўскага музыкальнага таварыства.

А.Мровец: Мы разбураем традыцыйную мадэль слуханьня музыкі. Гэта значыць, па адным баку - публіка, а па другім - музыканты. Мы запрашаем дзяцей і бацькоў на сцэну. Усе, разам з музыкамі вывучаем музыку.

У бліжэйшую суботу выступіць аркестар Sinfonia Viva пад кіраўніцтвам дырэктара Томаша Радзівановіча.

яс

Нагадаем, фэстываль „Каралеўскія аркады мастацтва” праходзяць у садах Каралеўскага палацу ў Варшаве у гэтак званых Аркадах Кубіцкага. Уступ на мерапрыемствы бясплатны, аднак колькасьць месцаў абмежаваная.

Мерапрыемства працягнецца ад 3 жніўня да 15 верасьня.

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт