Logo Polskiego Radia
Print

Пасьля 75 год Польшча вярнула "архіў Айса"

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 06.08.2018 17:21
  • Польшча вярнула "архіў Айса".mp3
Гэта важны доказ ролі, якую адыгралі польскія дыпляматы ў ратаваньні габрэяў ад Галакосту.

IAR

Інфармацыю пацьвердзіла польская амбасада ў Швайцарыі і Міністэрства культуры Польшчы.

Больш за год польскі бок вёў перамовы з швайцарцамі ў справе вяртаньня так званага «архіву Айса». Гэта збор 120 аб’ектаў, сярод якіх перапіска польскай амбасады ў Бэрне з часоў ІІ Сусьветнай вайны, фальшывыя парагвайскія пашпарты, якія ўратавалі жыцьці сотні габрэяў, здымкі асобаў, якія падавалі заявы на атрыманьне пашпартоў.

Архіў названы ад імя цюрыхскага купца рабіна Хаіма Айса, які разам з польскім амбасадарам Аляксандрам Ладосем, консулам Стэфанам Рыневічам, актывістам сіянісцкага руху Ібрагімам Зільбэршэйнам арганізавалі акцыю па ўратаваньні габрэяў ад Галакосту. Справа ў тым, што атрыманьне габрэямі пашпартоў трэціх краін павялічвала іх шанцы выжыць, дазваляла пазьбегнуць высылкі ў канцлягер. Усяго было выдадзена пашпартоў больш чым 2200 чалавек.

Дадзены архіў паказвае значную ролю, якую адыгралі польскія дыпляматы ў ратаваньні габрэяў у Швайцарыі.

Пра справу вяртаньня архіва распавёў Польскаму радыё амбасадар Польшчы ў Швайцарыі Якуб Кумах.

Якуб Кумах: Гэты архіў знайшоў наш ганаровы консул Маркус Блехнэра, які сам ёсьць нашчадкам уратаваных ад Галакоста, які пачаў вельмі актыўна дзейнічаць, каб ушанаваць памяць Аляксандра Ладося ды ягоных дыпляматаў. Гэта тагачасны амбасадар, а ягоныя супрацоўнікі ажыцьцяўлялі акцыю ратаваньня габрэяў, дзякуючы фальшаваньні пашпартоў дзяржаў Лацінскай Амэрыкі. Як толькі мы даведаліся пра існаваньне гэтага архіва, мы паспрабавалі пераканаць уладальнікаў – нашчадкаў Хаіма Айса – перадаць яго ў Польшчу. Дадзены архіў паказвае адміністрацыйны працэс польскай дзяржавы. Там шмат здымкаў нашых грамадзян, многія зь іх маглі ня выжыць. Там ёсьць здымкі, якія не былі выкарыстаныя. Ідзецца пра ўнікальныя, а магчыма нават адзіныя здымкі ахвяр генацыду. Гэта лёс людзей, якія жылі ў нашай краіне. Таму іх месца ў Польшчы, ва ўстановах памяці Генацыду ды музэях, якія паказваюць колішняе жыцьцё габрэяў.

Швайцарскі бок пачуў аргумэнты польскіх дыпляматаў, кажа амбасадар.

Якуб Кумах: Наш консул змог пераканаць уладальнікаў, каб яны перадалі архіў. Гэта вялізарны вычын. Архіў складаецца больш чым са 120 архіўных адзінак. Сярод іх, вельмі важныя 8 парагвайскіх пашпартоў, якія былі падробленыя консулам па асабістай просьбе Айса, таксама некалькі соцень здымкаў асобаў, якія падавалі заявы на атрыманьне такіх пашпартоў. Некаторыя здымкі былі выразаныя з сямейных фотаальбомаў. Гэта паказвае, наколькі вялікая была рашучасьць тых людзей. Таксама там ёсьць сьпіс асобаў, якім Хаім Айс імкнуўся дапамагчы такім спосабам.

Як выглядала тая дапамога?

Якуб Кумах: У першую чаргу, ён зьбіраў праз габрэйскія арганізацыі дадзеныя людзей, іх пашпартныя зьвесткі ды здымкі, якія потым перадаваў польскаму пасольству. У сваю чаргу амбасада адказвала за працэс вырабу пашпартоў. Усе факты нам не да канца вядомыя. Таксама як і паўстаў сам архіў. Хутчэй за ўсё, яго знайшлі ў ягонай кватэры пасьля гвалтоўнай сьмерці ў лістападзе 1944-га года. Ён быў старым чалавекам і памёр ад інфаркту.

Колькі чалавек змаглі ўратаваць польскія дыпляматы ў Швайцарыі?

Якуб Кумах: Парагвайскія пашпарты былі выпісаныя для 2200 чалавек. Думаю, што 700-800 чалавек зь іх змаглі перажыць тую вайну. Адкуль былі тыя людзі? Па-першае, гэта былі асобы, якія належалі да габрэйскіх альбо сіянісцкіх арганізацый. Яны ішлі праз Сусьветны кангрэс габрэяў і Ібрагіма Зыльбэршайма. Па-другое, гэта былі асобы з рэлігійных арганізацый, тады яны ішлі праз Хайма Айса. Ён, у сваю чаргу, будучы глыбока веруючым чалавекам, ратаваў ня толькі рэлігійных габрэяў. У ягоным сьпісе былі асобы з апазыцыйных арганізацый, супрацьлеглых яму палітычных поглядаў. Цяжка казаць пра нейкі канкрэтны профіль. Найчасьцей гэта была моладзь, чальцы грамадзкіх ды рэлігійных арганізацый, а таксама людзі, якіх раілі аўтарытэтныя асобы з гетаў.

Вяртаньне архіва ў Польшчу плянуецца на пачатку будучага года. Дакумэнты трапяць у Музэй Аўшвіц-Біркенаў.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт