Logo Polskiego Radia
Print

Цэнтральная Эўропа памятае пра вайну ў Грузіі 2008 года

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 07.08.2018 15:55
  • вайна ў Грузіі-2008.mp3
Тбілісі наведалі міністры замежных спраў Польшчы, Летувы ды Латвіі, каб выказаць сваю салідарнасьць.
Foto: PAP/Jacek Turczyk

Дзесяць гадоў таму пачалася расейска-грузінская вайна за Паўднёвую Асэтыю.

Першыя сутыкненьні мелі месца ўначы з 7 на 8 жніўня 2008-га года. Па загадзе тагачаснага прэзыдэнта Міхаіла Саакашвілі грузінская армія ўвайшла на тэрыторыю збунтаванай рэспублікі, каб вярнуць яе пад свой кантроль. У адказ Расея пачала вайну супраць Грузіі. Вайна доўжылася 9 дзён, але яе наступствы адчувальныя па сёньня.

Кіраўнік грузінскай дыпляматыі Давід Залькаліяні нагадаў, што праз дзесяць гадоў пасьля вайны пятая частка Грузіі пад акупацыяй, а выкраданьні людзей застаюцца штодзённай практыкай.

Давід Залкаліяні: Тое, што цяпер адбываецца ў Грузіі, ніяк нельга назваць мірам.

Сёньня месцы тых падзей наведала міжнародная дэлегацыя міністраў замежных спраў Польшчы, Летувы ды Латвіі, а таксама віцэ-прэм’ер Ўкраіны. Палітыкі прыляцелі ў Тбілісі напярэдадні 10 гадавіны выбуху расейска-грузінскай вайны. Больш падрабязна пра хаду візыту з Грузіі перадае карэспандэнт Польскага радыё Войцех Цэгельскі.

Войцех Цэгельскі: Раніцай палітыкі наведалі мяжу паміж Грузіяй ды непрызнанай у сьвеце рэспублікай Паўднёвай Асэтыі. Менавіта гэтая рэспубліка разам з Абхазіяй пры падтрымцы Расеі дзесяць гадоў таму аддзяліліся ад Грузіі. Міністры наведалі могілкі, дзе ўшанавалі памяць жаўнераў, якія загінулі ў той вайне. Палітыкі заявілі, што гатовыя далей падтрымліваць грузінскія рэформы, у тым ліку зьмены ў войску, адміністрацыі ды барацьбу з карупцыяй.

Таксама прадстаўнікі цэнтральна-эўрапейскіх краін казалі пра неабходнасьць шанаваньня міжнароднага права. Міністар замежных спраў Латвіі Эдгарс Рынкевічс зазначыў, што нельга дапусьціць, каб сьвет забыў пра тую вайну.

Эдгарс Рынкевічс: Калі мы перастанем націскаць на тое, каб ішлі абмяркаваньні ў Радзе Бясьпекі ААН, АБСЭ, Рады Эўропы, калі мы ня будзем націскаць, каб ЭЗ ды НАТО вялі тут актыўную ды пасьлядоўную палітыку, грузінская справа зьнікне.

Міністар замежных спраў Летувы Лінас Лінкевічус зазначыў, што Грузія можа разьлічваць на іх падтрымку.

Лінас Лінкевічус: Дадзены візыт – гэта дэманстрацыя салідарнасьці ды падтрымкі абранага Грузіяй шляху інтэграцыі ў эўра-атлянтычныя структуры: НАТО ды Эўразьвяз. Гэты шлях доўгі ды складаны, патрабуе церпялівасьці ды матывацыі. Пры гэтым, я не сумняваюся, што гэта станецца, бо ў гэтай справе ў Грузіі пануе адзінства. Усе палітычныя сілы хочуць інтэграцыі.

Супольная паездка палітыкаў 4 краін у Грузію нагадвае пра прыезд 10 гадоў таму ў Тбілісі прэзыдэнтаў 4 згаданых дзяржаў, каб выказаць падтрымку Грузіі падчас вайны. Адным з ініцыятараў таго візыту быў тагачасны польскі прэзыдэнт Лех Качыньскі. Гэта была рэакцыя на агрэсіўную палітыку Масквы, зазначыў міністар замежных спраў Польшчы Яцэк Чапутовіч.

Яцэк Чапутовіч: Вялікі сябар Грузіі, памерлы прэзыдэнт Лех Качыньскі рашыўся арганізаваць той візыт. Тагачасныя лідары ведалі, што для грузінаў вялікае значэньне маюць словы “змаганьне за незалежнасьць”, “сапраўдныя каштоўнасьці”, “свабода”. Расея далей вядзе агрэсіўную палітыку ў рэгіёне. З боку Крамля ня бачна жаданьня й волі завершыць пачатыя канфлікты. Цяперашняя палітыка Масквы – гэта сур’ёзная пагроза для бясьпекі ва ўсім сьвеце й для парадку ў Эўропе.

У сваю чаргу Масква далей трымаецца мовы пагрозаў. Прэм’ер-міністар Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў папярэдзіў, што ўступленьне Грузіі ў НАТО можа справакаваць “жудасны канфлікт”.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт