Logo Polskiego Radia
Print

У Польшчы захоўваецца нізкае беспрацоўе

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 09.08.2018 15:58
  • нізкае беспрацоўе.mp3
Гэта вынік стабільнасьці ды росту эканомікі, але і кепскай дэмаграфіі.
Foto: pixabay.com/CC0

У бліжэйшыя гады гэта можа стаць праблемай для рынку працы ў Польшчы.

Міністэрства сям’і, працы ды сацыяльнай палітыкі Польшчы паведаміла, што беспрацоўе ў ліпені ў Польшчы склала 5,9%. Гэта значыць, што сытуацыя стабільная. У мінулым месяцы беспрацоўе было на падобным ўзроўні. Разам з тым, у параўнаньні з мінулым годам беспрацоўе ў Польшчы скарацілася на 1,1%.

Таксама ў маштабе Эўрапейскага Зьвязу Польшча можа пахваліцца добрай сытуацыяй на рынку працы. Эўрастат паведаміў, што толькі тры краіны маюць ніжэйшае беспрацоўе чым Польшча. Гэта Чэхія, Нямеччына ды Вугоршчына з паказальнікам ніжэй за 3,8% - зазначае віцэ-міністар сям’і, працы ды сацыяльнай палітыкі Польшчы Барташ Марчук.

Барташ Марчук: На дадзены момант гэта 3,7%. Гэта фантастычная інфармацыя для ўсіх палякаў, таксама для нас, адказных за рэалізацыю сацыяльнай палітыкі. Гэта ўплывае на ўсё грамадзтва, бо калі ў людзей ёсьць праца, яны пачуваюцца бясьпечна, заробкі растуць. Гэтае пачуцьцё бясьпекі ўплывае таксама і на сямейныя пляны.

Паводле падлікаў Эўрастату, беспрацоўе ў Польшчы складае 3,8%. Польскае Галоўнае статыстычнае ўпраўленьне ацэньвае беспрацоўе на 5,9%. Розьніца бярэцца з мэтодыкі падліку. Эўрапейская ўстанова лічыць беспрацоўе па эканамічнай актыўнасьці насельніцтва, а польскі бок абапіраецца на дадзеных з ведамстваў па працаўладкаваньні палякаў. Тым ня менш, абодва паказьнікі сьведчаць, што ўпершыню з 1991-га года беспрацоўе ў Польшчы так моцна скарацілася.

Барташ Марчук: У 1990 годзе быў малы ўзровень беспрацоўя, але тады толькі пачыналася фармавацца сыстэма, людзі толькі пачыналі рэгістравацца. У рэальнасьці беспрацоўе было большае. Цяперашні ўзровень 5,9% – гэта рэальная сытуацыя, на аснове дадзеных з ведамстваў.

Паводле ліпеньскіх дадзеных, цяпер у Польшчы без працы застаюцца 960 тысяч чалавек. Пры гэтым у Польшчы ўсё больш адчувальнай становіцца праблема адсутнасьці працоўных рук. Так, пры канцы першага кварталу бягучага году польскія фірмы дэкляравалі, што вольнымі застаюцца 152 тысяч працоўных месцаў. Гэта тлумачыцца тым, што сярод беспрацоўных не хапае людзей з адпаведнымі навыкамі ды кваліфікацыямі, а таксама ў Польшчы назіраецца пагаршэньне дэмаграфічнай сытуацыі.

Міністар фінансаў Тэрэса Чэрвіньска Польшчы заявіла, што ў пэрспэктыве бліжэйшых год галоўнай праблемай для разьвіцьця польскай эканомікі стане менавіта адсутнасьць працаўнікоў з-за дэмаграфічных зьменаў. Міністарка зазначыла, што ўжо цяпер урад бачыць сваю задачу ў выпраўленьні сытуацыі.

Тэрэса Чэрвіньска: Тут нам дапамагаюць такія ўрадавыя праграмы як 500+, у рамках якой выдзяляецца падтрымка для сем’яў, каб у Польшчы павялічыўся індэкс нараджальнасьці. Таксама мы думаем пра праграмы падтрымкі міграцыі звонку. У першую чаргу, гэта тычыцца палякаў з-за мяжы, якія маглі пасяліцца й працаваць у Польшчы. Таксама ідзецца пра прыцягненьне іншых высокакваліфікаваных працаўнікоў, якія маглі б зьмяніць структуру рынку працы.

Таксама міністар лічыць, што ўрад можа павялічыць прафэсійную актыўнасьць сярод моладзі ды пажылых асобаў.

Тэрэса Чэрвіньска: Таксама мы хацелі б актывізаваць да прафэсійнай дзейнасьці людзей ва ўзросьце 55+, таксама ва ўзросьце 15-24. Тут праз разьвіцьцё прафэсійна-тэхнічнай адукацыі. Гэта магло б даць прыток новых працоўных рук на рынак працы. Вядома, што ўсе гэтыя дзеяньні разьлічаныя на шмат гадоў.

Калі ўрад ня зможа зьмяніць тэндэнцыю, тады, паводле падлікаў Міністэрства фінансаў, польская эканоміка ня зможа захаваць высокі рост. Замест цяперашняга росту на ўзроўні 4,9-5,1% ВУП, у 2030 будзе ня больш за 2,7%, а ў 2040 – толькі 2%.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт