Logo Polskiego Radia
Print

Эўропа бярэцца за рамонт мастоў

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 17.08.2018 17:11
  • Эўропа бярэцца.mp3
Гэта рэакцыя на нядаўнюю катастрофу ў Італіі.
Foto: Italian Red Cross Press Office Dostawca: PAP/EPA.

Аўторкавая катастрофа ў італьянскай Генуі, у якой загінула 39 чалавек, змусіла ўрады іншых эўрапейскіх краін прыгледзецца стану сваёй інфраструктуры. Клопаты з мастамі ёсьць і ў Польшчы, а таксама Беларусі.

У Італіі на днях здарылася будаўнічая катастрофа. У Генуі разваліўся 200 мэтровы фрагмэнт мосту на аўтамагістралі А10. Загінула 39 чалавек, а 16 параненых. Пад заваламі могуць быць яшчэ дзесяць ці больш чалавек. Больш падрабязна з Рыму перадае карэспандэнт Польскага радыё Пётр Кавальчук.

Пётр Кавальчук: Сьледчы з пракуратуры заявілі, што пад руінамі могуць знаходзіцца яшчэ 20 чалавек. Гэтыя разьлікі грунтуюцца на заяўках аб зьніклых асобах, якія павінны былі ехаць па гэтай дарозе. Таксама дагэтуль не вядома колькі было машын на 200 мэтровым фрагмэнце мосту ў момант яго распаду. З апошніх падлікаў вынікае, што там магло быць 35 аўтамабіляў. Пракурор дадаў, што пакуль зарана казаць пра канкрэтныя прычыны ды вінаватых у здарэньні. Іншай думкі прытрымліваецца ўрад, якія заяўляе, што ўсяму вінаватыя прыватныя фірмы, якія кіравалі аўтамагістральлю.

Катастрофа выклікала шок у італьянскім грамадзтве. Міністар унутраных спраў Італіі Матэа Сальвіні заявіў, што недапушчальна, каб людзі так гінулі ў Італіі ў 2018-м годзе. Палітык запатрабаваў, каб фірмы, якія займаліся ўтрыманьнем дарогі, выплацілі паў мільярда эўра на дапамогу ахвярам ды ліквідацыю наступстваў катастрофы.

Матэа Сальвіні: Урад учора прызначыў на неадкладную дапамогу 5 мільёнаў эўра. На месцы фірм, я б паклаў на стол яшчэ паў мільярда, каб дапамагчы сем'ям ахвяр, гораду ды жыхарам Генуі.

У сваю чаргу віцэ-прэм’ер Італіі Луіджы Ды Маё заявіў, што фірмам, якія ўтрымлівалі аўтамагістраль, нельга давяраць. Ён заклікае пазбавіць іх канцэсіі.

Луіджы Ды Маё: Мы ведаем, што фірма не выканала свае абавязкі па ўтрыманьні дарогі. Па гэтай прычыне, мы патрабуем пазбавіць іх ліцэнзіі. Нельга плаціць за праезд, а потым згінуць на дарозе.

Таксама італьянскі ўрад заявіў, што не выключае нацыяналізацыі ўсіх італьянскіх аўтамагістраляў. Праўда не вядома, ці гэта дапаможа. У Беларусі дарогамі займаецца выключна дзяржава, але гэта не ратуе ад памылак. Летась у Беларусі патрэскаўся мост праз Прыпяць, на шчасьце абышлося без ахвяр, але рух па мосьце цалкам спынілі. На рамонт чакаюць дзясяткі мастоў ды эстакад, у адной толькі Берасьцейскай вобласьці іх 40 штук.

Асноўнай прычынай італьянскай трагедыі называецца адсутнасьць плянаваных рамонтаў і нядбайнасьць пра інфраструктуру. Аднак, сёньня гэта ня толькі праблема італьянцаў. Клопаты са станам дарог маюць немцы, якія ўжо не першы год плянуюць увесьці аплаты за праезд па магістралях, каб мець сродкі на рамонты. У Баўгарыі ўлады заявілі пра тое, што бяруцца за агляд стану мастоў, пільныя рамонты патрэбна правесьці на 200 аб’ектах. У Польшчы з 339 мастоў адна траціна гадамі заставалася без аніякіх рамонтаў. Улады абвясьцілі набор заявак на рамонт у будову новых мастоў.

Польскае міністэрства інвэстыцый ды разьвіцьця пачала набор заявак на «маставую праграму», у рамках якой дзяржава фінансуе 80% коштаў праект. Пра гэта распавёў міністар інвэстыцый ды разьвіцьця Польшчы Ежы Квеціньскі.

Ежы Квеціньскі: Я хацеў бы, каб ня менш за 20 ці нават 30 такіх аб’ектаў у рамках праграмы трапіла пад рэалізацыю. Усё будзе залежыць ад даступнасьці сродкаў. Пакуль мы маем 2,3 мільярды злотых у бюджэце, узгодненых кіраўніком ураду ды міністрам фінансаў.

Апошнія выпадкі паказваюць, што пабудаваць дарожную інфраструктуру – гэта адна справа. Яшчэ больш важна потым утрымліваць яе ў добрым стане падчас эксплёатацыі.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт