Logo Polskiego Radia
Print

У Гданьску аднаўляюць суднабудаўнічы завод

PR dla Zagranicy
Viktar Korbut 01.09.2018 11:00
У прэзэнтацыі праекта «Гданьская вэрф 4.0. Новы пачатак» прыняў удзел прэм'ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі.
ГданьскГданьскФота: PAP/Marcin Gadomski

У Гданьску прадставілі праект аднаўленьня суднабудаўнічага завода — «Гданьская вэрф 4.0. Новы пачатак». На востраве Оструў былі абвешчаны асноўныя пляны па далейшым разьвіцьці суднабудаўнічага завода.

У прэзэнтацыі прыняў удзел прэм'ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі, які сказаў, што сёньня нішто не перашкаджае далейшаму разьвіцьцю вэрфі.

Матэвуш Маравецкі: Мы можам абвесьціць сьвету і гэтаму гораду, што Гданьская вэрф уваходзіць у чарговы этап свайго жыцця. Гданьская вэрф — гэта калыска «Салідарнасьці», якая была нежаданым дзіцем Трэцяй Рэспублікі, але цяпер яна здабыла шанс на чарговы этап свайго развіцьця.

Праект пад назвай «Гданьская вэрф 4.0. Новы пачатак» прадугледжвае разьвіцьцё суднабудаўнічай прамысловасьці на востраве Оструў.

У ажыцьцяўленьні праекта прымаюць удзел АТ «Агенцтва разьвіцьця прамысловасьці», ТАА «Паморская спэцыяльная эканамічная зона» і АТ «Гданьская суднавэрф». Супрацоўніцтва паміж імі прадугледжвае паскарэньне мадэрнізацыі і аднаўленьне суднабудаўнічай вытворчасьці, прыцягненьне новых інвэстараў.

У ліпені 2018 года АТ «Агенцтва разьвіцьця прамысловасьці» набыло большую частку акцый АТ «Гданьскі суднабудаўнічы завод» ва ўкраінскага інвэстара і такім чынам стала 100-працэнтным уладальнікам прадпрыемства.

Мадэрнізаваная частка вэрфі цяпер складаецца з вытворчых цэхаў плошчай 16,5 тысячы квадратных мэтраў, вытворча-станочных цэхаў плошчай 11 тысяч квадратных мэтраў і яшчэ 4000 квадратных мэтраў складзкіх плошчаў.

IAR/вк

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт