Logo Polskiego Radia
Print

Другі дзень Зьезду палякаў замежжа

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 21.09.2018 16:02
  • II дзень Зьезд.mp3
У польскай сталіцы працягваецца сустрэча палякаў замежжа.
Foto: PAP/Paweł Supernak

Сёньня з прадстаўнікамі дыяспары сустракаліся прэзыдэнт ды вышэйшае кіраўніцтва краіны. Абмяркоўваўся таксама ўклад палякаў у сусьветную навуку ды культуру.

У Варшаве праходзіць другі дзень V Cусьветнага зьезду палякаў замежжа. На сустрэчу прыехала 600 прадстаўнікоў польскай дыяспары з 40 краін сьвету. З дэлегатамі зьезду сустрэліся старшыні Сэйму ды Сэнату. Апроч таго, іх прыняў прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда, які падзякаваў палякам замежжа за іх актыўнасьць на карысьць Бацькаўшчыны.

Анджэй Дуда: Дзякую за тое, што Вы ёсьць супольнасьцю, за тое, што Вы нас прадстаўляеце навонкі, сваёй штодзённай працай, дзейнасьцю, жыцьцём сьведчыце пра Польшчу, пра палякаў. Вельмі часта – гэта выдатнае сьведчаньне. Многія з Вас дасягнулі посьпеху за межамі Польшчы, дзякуючы ім вы сьведчыце пра нас усіх. Многія з Вас нарадзіліся за мяжой, але надалей пачуваецеся палякамі. Дзякуй вялікі за гэта Вам, бацькам, школам, якія навучылі польскай гісторыі ды мове, сьвятарам.

Падчас сустрэчы ў польскім парлямэнце старшыня Сэнату Станіслаў Карчэўскі агучыў пляны ўраду стварыць у Сэйме пасаду прадстаўніка палякаў замежжа. Таксама палітык распавёў пра пляны павялічыць падтрымку моўных і моладзевых праграм для маладзейшага пакаленьня польскай эміграцыі.

Станіслаў Карчэўскі: Я магу сказаць, што мы будзем гэтым займацца, ужо ёсьць адпаведнае палітычнае рашэньне. Неўзабаве пачнуцца працы па гэтым пытаньні. Спадзяюся, што падчас бліжэйшых выбараў, вы будзеце галасаваць за свайго прадстаўніка. Таксама мы хочам інтэнсыфікаваць супрацоўніцтва ў моўнай галіне, каб як мага больш маладых людзей прыяжджалі ў Польшчу, пабачылі краіну, палюбілі яе. За апошні год такая дапамога закранула амаль 10 тысяч чалавек. Мы хочам, каб цягам вакацый Польшчу наведала некалькі дзясяткаў тысяч чалавек, моладзі.

У праграме Зьезду былі ня толькі сустрэчы з палітыкамі. У шэрагу месцаў польскай сталіцы праходзяць тэматычныя канфэрэнцыі, прысьвечаныя эміграцыйным арганізацыям, сьвятарству, польскай адукацыі за межамі краіны.

Таксама абмяркоўваўся ўклад палякаў у сусьветную навуку. Палякі павінны ім ганарыцца, зазначыла выкладоўца з Польскага ўнівэрсытэту на чужыне ў Лёндане Ёана Пылат. Пра гэта мала ведаюць людзей у Польшчы, што сумна, дадала навуковец.

Ёана Пылат: Вельмі часта пра многіх з тых людзей мы не памятаем. Не таму, што іх дасягненьні былі невялікія, а таму, што сёньня іх няма ў нашай грамадзкай ды навуковай прасторы, бо яны вельмі часта застаюцца ў эміграцыі, зьмянілі прозьвішча ды мянялі грамадзянства. Добры прыклад - інжынэр Ежы Радліньскі, канструктар авіяцыйных мэханізмаў, альбо прафэсар Зыгмунт Елёнак, канструктар радыёпрымача.

У рамках Зьезду ў Сэнаце Польшчы адкрылася выстава "Польскія шляхі да незалежнасьці. Вялікія палякі ў эміграцыі ў XIX стагодзьдзі". Значны ўплыў на здабыцьцё незалежнасьці ды нацыянальнае адраджэньне мела дыяспара, заявіла намесьніца старшыні Рады палякаў замежжа Гэлена Мізіняк.

Гэлена Мізіняк: Мы сьвядомыя таго, што наш народ пачаў жыць сваім жыцьцё, стаў сувэрэнным і вольным. Да гэтага моцна прычынілася польская дыяспара, якія змагаліся за незалежнасьць.

У Варшаве праходзіць V Зьезд палякаў замежжа. Мерапрыемства адбываецца ў юбілейны год – сотую гадавіну адраджэньня незалежнасьці Польшчы. Удзел у ім бяруць 600 дэлегатаў з 40 краін сьвету.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт