Logo Polskiego Radia
Print

Польскі прэзыдэнт выступае на форуме ААН

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 26.09.2018 14:25
  • ААН.mp3
Сустрэча ў Нью-Ёрку прысьвечаная галоўным чынам праблеме зброі масавага зьнішчэньня.
Пасяджэньне на форуме ААН у Нью-Ёрку Пасяджэньне на форуме ААН у Нью-Ёрку PAP/Radek Pietruszka

Сёньня чакаецца выступ польскага прэзыдэнта на форуме Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, які праходзіць у ЗША. Анджэй Дуда прыме таксама ўдзел у пасяджэньні Рады бясьпекі ААН пад кіраўніцтвам амэрыканскага прэзыдэнта.

Прамова польскага прэзыдэнта заплянаваная на вечар варшаўскага часу – яна прагучыць прыкладна тады, калі палякі будуць ужо ісьці спаць – у Польшчы будзе каля 23 гадзіны.

Сустрэча ў Нью-Ёрку прысьвечаная галоўным чынам праблеме зброі масавага зьнішчэньня, якім чынам прадухіліць яе распаўсюджваньне. Паведамляе карэспандэнт ПР у ЗША Марэк Валкускі:

М. Валкускі: Прэзыдэнт Дональд Трамп без сумненьня будзе казаць пра пагрозы з боку Ірана ды пра перамовы з КНДР. Гэтыя тэмы закране таксама ў сваім выступе прэзыдэнт Анджэй Дуда. Польскі дзяржаўны кіраўнік будзе таксама разважаць пра ролю міжнароднага права ў прадухіленьні распаўсюду зброі масавага зьнішчэньня. У яго выступе на форуме Генэральнай асамблеі ААН будзе згаданае пытаньне міжнародных адносінаў, роўнасьць дзяржаваў, каб не было такой сытуацыі, што моцныя дзяржавы вырашаюць за слабейшых.

Пра Польшчу казаў надоечы ў сваім выступе прэзыдэнт Злучаных Штатаў Амэрыкі Дональд Трамп. Ён пахваліў палякаў за дывэрсыфікацыю паставак энэргіі ды ў чарговы раз крытыкаваў Нямеччыну за будаўніцтва газаправоду Паўночны паток 2. На форуме Арганізацыі Аб’яднаных Нацый амэрыканскі прэзыдэнт перасьцерагаў перад энэргетычным шантажам.

Д. Трамп: Калі купляем энэргію ў аднаго замежнага пастаўшчыка, то ён можа карыстацца супраць нашай дзяржавы шантажам і запужваньнем. Таму я віншую такія эўрапейскія краіны, як Польшча, з будаўніцтвам балтыйскага газаправоду. Дзякуючы яму краіна стане незалежнай ад Расеі, зможа атрымліваць сыравіну з іншых крыніц. У сваю чаргу Нямеччына стане поўнасьцю залежнай ад расейскай энэргіі, калі неадкладна не памяняе курсу.

У выступе амэрыканскага прэзыдэнта было чуваць, што Польшча зьяўляецца для яго важнай дзяржавай, – адзначае прэс-сакратар польскага прэзыдэнта Блажэй Спыхальскі.

Б. Спыхальскі: Можна было пачуць рэха апошняга візыту прэзыдэнта Анджэя Дуды ў Злучаныя Штаты. Нагадаю, галава польскай дзяржавы пабываў у Вашынгтоне каля тыдня таму. Тады адбыліся перамовы паміж амэрыканскім ды польскім лідарамі. Учора ў выступе Дональда Трампа можна было заўважыць, што ён вяртаецца да той гутаркі, калі казаў пра пытаньні бясьпекі, пра тое, на колькі важнае для нас дадзенае пытаньне. Гаворка ідзе ня толькі пра вайсковую бясьпеку, хаця з нашага пункту гледжаньня яна найбольш істотная, але таксама пра энэргетычную бясьпеку.

Таксама кіраўнік кабінэту прэзыдэнта Польшчы Кшыштаф Шчэрскі задаволены, што падчас выступленьня на форуме ААН прэзыдэнт Дональд Трамп казаў пра Польшчу ў станоўчым кантэксьце. Гэта значыць, што на міжнароднай арэне ўсё больш прыслухоўваюцца да меркаваньня Польшчы. Нагадаем, выступленьне Трампа слухалі 190 лідараў розных дзяржаў сьвету. Амэрыканскі прэзыдэнт казаў, што ён наведаў Варшаву, хваліў Польшчу за дывэрсыфікацыю крыніц паставак сыравіны. І назваў палякаў вялікім народам, які бароніць незалежнасьць і сувэрэнітэт. Акрамя Польшчы, амэрыканскі прэзыдэнт казаў таксама пра Саўдаўскую Арабію, Ізраіль ды Індыю.

К. Шчэрскі: Калі на глябальнай сустрэчы ўсіх дзяржаў сьвету адзін з важнейшых палітыкаў згадвае пра некалькі краін, сярод якіх ёсьць Польшча, то гэта вельмі істотна. Гэта важны палітычны сыгнал.

На сустрэчу ў Нью-Ёрк не прыехаў ніводзін прадстаўнік Нямеччыны. Дзякуючы гэтаму немцам не прыйшлося слухаць крытыку з вуснаў Дональда Трампа, якая датычыла будаўніцтва газаправоду Паўночны паток 2. Кшыштаф Шчэрскі нагадвае, што раней былі спадзяваньні, што на форум прыедзе высокапастаўлены палітык Нямеччыны.

К. Шчэрскі: Нямеччына ў будучым годзе будзе сябрам Рады бясьпекі, таму ўсе спадзяваліся, што нямецкі лідар прадставіць тут праграму сваёй дзяржавы. На жаль, не прыехалі ні канцлер, ні прэзыдэнт Нямеччыны. Гэта, відаць, выклікана цяжкай сытуацыяй унутры краіны, але на гэта зьвярталі ўвагу ў кулюарах.

Учора ў сядзібе ААН Анджэй Дуда сустрэўся з лідарамі Палестынскай Аўтаноміі, Ярданіі ды Альбаніі. Сёньня чакаецца сустрэча польскага прэзыдэнта з прэм’ер-міністрам Ізраіля Бэньямінам Нэтаньяху.

ІАР ПР/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт