Logo Polskiego Radia
Print

Неўзабаве палякі будуць абіраць мясцовую ўладу

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 27.09.2018 15:51
  • палякі будуць абіраць.mp3
Пры канцы кастрычніка ў Польшчы пройдуць выбары ў органы мясцовага самакіраваньня.

Палякі будуць абіраць мэраў гарадоў, мястэчак, а таксама мясцовых дэпутатаў. Сярод іх 106 мэраў буйных гарадоў, 823 бургамістры ды 1547 кіраўнікоў меншых мястэчак. Усяго выбары пройдуць у амаль 27 тысяч акругаў.

Мясцовыя выбары ў Польшчы праводзяцца даўно. Доўгі час выбіралі ў асноўным мясцовых дэпутатаў. З 2002 году мясцовыя выбары тычацца таксама кіраўнікоў гарадоў, мястэчак ды нават вёсак. Галасаваньне праходзіць раз на чатыры гады.

Летась польскі ўрад прызначыў дату мясцовых выбараў на 21-га кастрычніка – першы тур галасаваньня, 4-га лістапада – другі. Выбарчая кампанія пачалася 14-га жніўня. Зарэгістравана 191 тысяча кандыдатаў, якія вылучаюцца выбарчымі камітэтамі па па выбарчых сьпісах.

На днях дзяржаўная выбарчая камісія Польшчы правяла лёсаваньне выбарчых сьпісаў, надаючы ім нумарацыю. Старшыня ДВК Войцех Гэрмэліньскі паведаміў, што ў лёсаваньні ўдзельнічалі 10 выбарчых камітэтаў.

Войцех Хэрмэліньскі: Пад нумарам тры будзе выбарчы сьпіс партыі «Зялёныя». Нумар шэсьць – выбарчы камітэт партыя «Разам». Пад нумарам два будзе выбарчы сьпіс Польская сялянскай партыі, а пад нумарам дзесяць – партыі «Права і Справядлівасьць». Нумар сем – Нацыянальны рух Польскай рэспублікі. Нумар адзін – выбарчы сьпіс «Беспартыйныя мясцовыя актывісты». Васьмёрку атрымаў выбарчы сьпіс руху «Кукіз-15», а дзевятку выбарчы сьпіс «Свабода для самакіраваньня». Нумар чатыры выбарчы сьпіс кааліцыя «Грамадзянская плятформа Сучасная – грамадзкая кааліцыя». Пяты нумар атрымалі Сацыял-дэмакратычны зьвяз ды левыя сілы разам.

Найбольш інтэнсіўная выбарчая барацьба назіраецца ў Варшаве. У сталіцы за пасаду мэра горада змагаюцца кандыдаты двух найбольш папулярных палітычных партый: Грамадзянскай плятформы, якая выставіла Рафала Тшаскоўскага, і «Права і справядлівасьць», якую прадстаўляе Патрык Які. Сацыялягічныя апытаньні сьведчаць, што за кандыдата «Плятформы» гатовыя галасаваць каля 40% варшавян, а за кандыдата «ПіС» – 35-37%.

Кандыдат «Плятформы» агітуе жыхароў сталіцы падтрымаць яго сучаснымі інвэстыцыйнымі праектамі. Рафал Тшаскоўскі агучыў пляны будаўніцтва ў Варшаве Цэнтра рэалізацыі сучасных тэхналёгій. Вакол яго паўстаў бы абшар новых тэхналёгій пад назвай «Інтэлігентная Варшава».

Рафал Тшаскоўскі: Гораду патрэбныя такія тэхналёгіі. Напрыклад, праграма ў тэлефоне, якая б дапамагала хутчэй знайсьці месца, каб запаркаваць. Таксама патрэбныя розныя прылады, якія дазволяць больш эфэктыўна выкарыстоўваць энэргію. Таксама адна «разумная картка», якая дазволіць жыхарам карыстацца з большасьці паслуг, што прапануе горад. Такія тэхналёгія вельмі патрэбныя, а мы спадзяемся стварыць абшар, куды фірму пачнуць усё больш інвэставаць.

У сваю чаргу каманда другога кандыдата кажа пра тое, што будзе змагацца з крымінальнымі афэрамі ў сталіцы, у першую чаргу зьвязаныя з прыватызацыяй камунальнай маёмасьці. Таксама яны крытыкуюць Рафала Тшаскоўскага за тое, што ён дае пустыя абяцаньні. З такой крытыкай выступіў Пётр Гузял, кандыдат на віцэ-мэраў камандзе Патрыка Якога.

Пётр Гузял: Мы знайшлі ягоныя шматлікія дэпутацкія абяцаньні таго, што зробіць для Кракава. Цяпер мы хацелі б, каб жыхары Варшавы даведаліся, наколькі эфэктыўны гэты палітык. Яны маюць права і павінны гэта ведаць, галасуючы на выбарах 21-га кастрычніка. Мы едзем у Кракаў сьлядамі абяцаньняў Рафала Тшаскоўскага. Мы будзем шукаць усюды, нешта думаю і знойдзем.

У іншых гарадах кампанія праходзяць не менш інтэнсіўна. Разам з тым ёсьць такія месцы, дзе выбары пройдуць на безальтэрнатыўнай аснове. Там вылучаны толькі адзін кандыдат. Гэта значыць, што людзі будуць галасаваць толькі «за» альбо «супраць» кандыдата.

Пераможцы папярэдніх мясцовых выбараў – Польская сялянская партыя – абяцае сёлета паўтарыць колішні посьпех. Пры гэтым партыя заяўляе, што гатова і да кааліцый з іншымі палітычнымі сіламі. З такой заявай выступіў адзін з дэпутатаў парлямэнцкай рэакцыі партыі Пётр Згажэльскі.

Пётр Згажэльскі: Польская сялянская партыя ідзе на мясцовыя выбары, каб служыць грамадзянам. Мы разьлічваем, што будзем мець самастойна большасьць. Калі не атрымаецца, есьць грамадзкія кандыдаты, мы будзем размаўляць пра кааліцыю зь імі. «Права і справядлівасьць» – гэта на нашу думку партыя нэгатыўна настаўленая да самакіраваньня. Яны хоча цэнтралізаваць мясцовае самакіраваньне. Мы ж выступаем за дэцэнтралізацыю дзяржавы, гэта адваротная філязофія да таго, што прапануе кіроўная партыя.

21 кастрычніка ў Польшчы пройдуць мясцовыя выбары. Прагнозы аддаюць перамогу на гэтых выбарах кандыдатам ад партыі «Права і Справядлівасьць». За яе гатовыя галасаваць 35% выбарцаў. На другім месцы кааліцыя «Грамадзянская плятформа-Сучасная» – 23%, на трэцім – колішнія лідары ПСП – 12%.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт