Logo Polskiego Radia
Print

Польшча актывізуе сваю дзейнасьць у ААН

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 28.09.2018 16:05
  • Польшча актывізуе.mp3
Польскія прэзыдэнт ды міністар замежных спраў зрабілі шэраг гучных дэклярацый падчас 73 сэсій Генэральнай Асамблеі ААН.
Foto: PAP/Radek Pietruszka

Раз у год лідары краін сьвету прыяжджаюць у Нью-Ёрк на паседжаньне Генэральнай Асамблеі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, якую называюць парлямэнтам краін сьвету.

Сёлета галоўнымі тэмамі сэсіі сталі атамнае разбраеньне ды глябалізм. З крытыкай апошняга выступіў амэрыканскі лідар, які заявіў, што ЗША будуць аказваць дапамогу толькі тым, хто іх шануе, а ў сваёй палітыцы будуць кіравацца патрыятызмам.

Падчас гэтай сэсіі ў Нью-Ёрку часта гучала таксама і польская тэматыка. Так, падчас свайго выступу два разы пра Польшчу згадваў прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп. Інтарэс да польскай замежнай палітыкі падагрэў сваім выступам і прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда.

Польскі лідар заявіў, што міжнародныя адносіны – гэта дабытак усяго чалавецтва і павінен ісьці на карысьць усім людзям на Зямлі.

Анджэй Дуда: Міжнародныя стасункі спрыяюць не толькі дзяржавам, яны павінны служыць усяму чалавецтву. У зьвязку з гэтым дзяржаўны сувэрэнітэт павінен быць наўпрост зьвязаны з адказнасьцю за выкананьне агульных нормаў на карысьць нас усіх. Парушэньне гэтых нормаў павінна выклікаць наступствы. Калі дзяржаўныя кіраўнікі парушаюць базавыя правы чалавека, катуюць ды перасьледуюць палітычных сапернікаў, карыстаюцца зброяй масавага зьнішчэньня, міжнародная грамадзкасьць, Рада Бясьпекі павінны хутка, рашуча ды станоўча рэагаваць.

Польскі прэзыдэнт агучыў канцэпцыю пазытыўнага мультылятэралізму, якая грунтуецца на суб’ектнасьці ды роўнасьці дзяржаў. На ягоную думку, апошні прынцып парушаецца ў ЭЗ.

Анджэй Дуда: Адраджэньне незалежнай, свабоднай і сувэрэннай дзяржавы стала рэальнасьцю дзякуючы тром чыньнікам: прагі польскай нацыі будаваць уласную дзяржаву, геройскай ахвярнасьці жаўнераў, рашучасьці ды сьмеласьці лідараў, якія пераканалі палітыкаў ва ўсім сьвеце, што без адраджэньня Польшчы Эўропа ня будзе бясьпечнай і справядлівай. Як некалі, так і цяпер без сувэрэннай Польшчы ня будзе бясьпекі ў Эўропе.

Узмоцнены інтарэс да польскай справы Анджэй Дуда выкарыстаў для правядзеньня шматлікіх асабістых сустрэч. Так, польскі прэзыдэнт размаўляў у Нью-Ёрку з прэм’ер-міністрам Ізраіля Бэньямінам Нэтаньяху. Іх размова доўжылася каля 50 хвілін.

Анджэй Дуда: У мяне няма ніякіх сумневаў, што нашыя стасункі вельмі добрыя цяпер. Калі і былі некаторыя ваганьні, яны даўно скончыліся. Мы выказалі задавальненьне, што Польшча ды Ізраіль падпісалі сумесную дэклярацыю. Заўсёды будуць людзі, каму гэты дакумэнт не спадабаецца, але ён канстатуе гістарычную праўду ды зьяўляецца важнейшым момантам у нашых адносінах.

У Нью-Ёрку польскае кіраўніцтва абвесьціла, што гатова ўдзельнічаць у мірных місіях ААН. Варшава хацела бы падтрымаць Аб'яднаныя Нацыі ў забесьпячэньні парадку ды разьвіцьця ў Афрыцы і на Блізкім Усходзе. Міністар замежных спраў Польшчы Яцэк Чапутовіч падпісаў мэмарандум з Міжнародным Чырвоным Крыжам. Польшча ўзяла на сябе абавязацельства павялічыць фінансавую дапамогу для гэтай арганізацыі ды пашырыць свой удзел у гуманітарных акцыях.

Яцэк Чапутовіч: Для нас істотнае значэньне маюць два тэрытарыяльныя абшары. Па-першае, усходняя Ўкраіна, дзе гуманітарную дапамогу аказвае Міжнародны Чырвоны Крыж. Па-другое, гуманітарная дапамога ў Сырыі. Польшча будзе дабівацца чалецтва ў Радзе праў чалавека ААН, калі скончыцца тэрмін нашага чалецтва ў Радзе Бясьпекі. Мы хочам быць увесь час актыўнымі ў сфэры папулярызацыі ды абароны правоў чалавека, гуманітарнага права.

У Нью-Ёрку завяршылася 73-ая сэсія Генэральнай Асамблеі ААН. Вельмі актыўна падчас сэсіі выступілі прадстаўнікі Польшчы – прэзыдэнт ды міністар замежных спраў.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт