Logo Polskiego Radia
Print

Студэнты вяртаюцца ў сьцены вышэйшых навучальных устаноў

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 01.10.2018 14:48
  • ВНУ.mp3
1 кастрычніка ў Польшчы таксама ўступае ў сілу новы закон аб вышэйшай адукацыі.
pixabay.com/CC0

40 тыс. студэнтаў першых курсаў сёньня пачалі ў Польшчы сваю прыгоду з вышэйшай адукацыяй. У краіне пачынаюць вучобу як першакурсьнікі, так і студэнты старэйшых курсаў. Таксама першага кастрычніка ўступае ў сілу новы закон аб вышэйшай адукацыі.

Улады практычна ўсіх ВНУ крыху занепакоеныя зьменамі, якія ўводзіць гэтак званая Канстытуцыя для навукі – новы закон аб сыстэме вышэйшай адукацыі, навукі і школьніцтва. Ён прадбачвае, між іншым, зьмену ў кампэтэнцыі ды ролі рэктара, спосабе атрыманьня вышэйшых навуковых ступеняў, мадэлі фінансаваньня вышэйшай адукацыі і навукі. У вышэйшых навучальных установах пачнуць таксама дзейнічаць новыя ўнутраныя органы – рады ВНУ.

Рэктар Варшаўскай палітэхнікі прафэсар Ян Шмідт (jan Szmidt) адзначыў падчас урачыстай інаўгурацыі новага навучальнага году, што цяпер важнейшая задача – прасоўваньне дадзенага закону, каб ён пачаў поўнасьцю дзейнічаць.

Ян Шмідт: Прасоўваньне гэтай рэформы ва ўсёй супольнасьці вышэйшых навучальных устаноў у Польшчы, у тым ліку рэфармаваньне Варшаўскай палітэхнікі – гэта самая важная і цяжкая задача пасьля 1989 году, з якой нам трэба справіцца.

Рэформа сыстэмы вышэйшай адукацыі прадбачвае шмат зьменаў, якія датычаць як мадэлі фінансаваньня гэтага сэктару асьветы, так і функцыянаваньня вышэйшых навучальных устаноў. Віцэ-міністар навукі і вышэйшага школьніцтва Пётр Мілер (Piotr Muller) адзначае, што падрыхтоўка новага закону праходзіла ў той год, калі Польшча сьвяткуе стагодзьдзе дзяржаўнай незалежнасьці.

П. Мілер: На маю думку, гэта найлепшае сьведчаньне таго, што акадэмічная супольнасьць дзякуючы калектыўнай працы прыняла Канстытуцыю для навукі. Гэта значыць, пачалося рэфармаваньне сыстэмы вышэйшай адукацыі ў Польшчы. Гэта наша прапанова, адзін з элемэнтаў адзначэньня стагодзьдзя незалежнасьці.

Учора міністар навукі і вышэйшай адукацыі, віцэ-прэм’ер Яраслаў Говін прыгадаў пра зьмены ў сыстэме вышэйшай адукацыі. Ён казаў, між іншым, пра павышэньне заработнай платы выкладчыкаў.

Я. Говін: Зь 1 студзеня 2019 году пачнецца раскладзены на пэрыяд трох гадоў працэс павышэньня заработнай платы супрацоўнікаў польскіх вышэйшых навучальных устаноў.

Новы студэнцкі год стаў таксама нагодай да больш агульных разважаньняў пра сыстэму падрыхтоўкі кадраў у ВНУ. Прэм’ер-міністар Матэвуш Маравецкі падчас урачыстасьці пачатку новага навучальнага году закрануў праблему выезду маладых лекараў за мяжу. Кіраўнік Рады міністраў прысутнічаў на ўрачыстасьці ў Мэдыцынскім унівэрсытэце ў Любліне. Матэвуш Маравецкі нагадаў, што цягам апошніх некалькіх дзясяткаў гадоў шматлікія дактары пакінулі Польшчу, многія з іх ніколі на айчыну не вярнуліся.

М. Маравецкі: За апошнія 20-25 гадоў паводле розных падлікаў з краіны зьехала каля 20-25 тыс. лекараў. Пераважна яны ўжо ніколі не вярнуліся і ня вернуцца. Адукацыя доктара каштуе ад паўмільёна да мільёна злотых. Гэта значыць, што нашай дзяржаве каштавала іх адукацыя нават 25 млрд. злотых. Некалькі дзясяткаў гадоў таму Польшча была яшчэ беднай краінай, і тады яна фінансавала багатым краінам Захаду нашых высокаадукаваных лекараў.

У сваю чаргу ў Познані пачатак новага навучальнага году быў выключны. Урачыстасьць зладжаная сумесна чатырма ўстановамі, якія выводзяцца з адной ВНУ – Познаньскага ўнівэрсытэту, што пачаў дзейнічаць неўзабаве пасьля абвяшчэньня Польшчай незалежнасьці. Цяпер Унівэрсытэт Адама Міцкевіча, Мэдыцынскі ўнівэрсытэт, Унівэрсытэт прыродазнаўства і Акадэмія фізычнай культуры адзначаюць разам гадавіну адкрыцьця той вучэльні. Прадстаўнікі ўладаў ВНУ таксама падкрэсьліваюць, што год будзе выключны, паколькі пачынае дзейнічаць закон аб вышэйшай адукацыі. Гаворыць рэктар унівэрсытэту Адама Міцкевіча праф. Анджэй Лесіцкі.

А. Лесіцкі: Зьмены даволі радыкальныя, і трэба іх ажыцьцявіць хутка. І таму абгрунтаваным можа быць называньне іх рэвалюцыйнымі зьменамі. Тым ня менш, навука, вышэйшая адукацыя – гэта такія галіны, якія павінны разьвівацца эвалюцыйнымі тэмпамі. Тут рэзкія перамены ніколі не бываюць добрымі. Канешне ж, такія рэчы, як статут, унутраныя распараджэньні можна паддаваць карэкціроўцы.

У будучым годзе выдаткі на сыстэму вышэйшай адукацыі і навукі павінны вырасьці на адзін мільярд 350 млн. злотых. Акрамя таго, урад перадасьць ВНУ дзяржаўную датацыю ў памеры 3 млрд. злотых. Гэтыя зьмены магчымыя дзякуючы прынятаму закону аб вышэйшай адукацыі.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт