Logo Polskiego Radia
Print

Польскія валейбалісты заваявалі "золата" на чэмпіянаце сьвету

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 01.10.2018 15:43
  • Польскія валейбалісты заваявалі золата на чэмпіянаце сьвету.mp3
Гэта другі па ліку і наагул трэці залаты мэдаль у гісторыі нацыянальнай зборнай Польшчы.
PAP/Maciej Kulczyński

Учора ў фінале ў Турыне польская каманда перамагла бразыльцаў 3:0. Гэта другі па ліку і наагул трэці залаты мэдаль у гісторыі зборнай Польшчы.

Да перамогі прывёў іх галоўны атакуючы Барташ Курэк, які здабыў 24 балы.

У 1974 годзе ў Мэксыцы золата для Польшчы выйграла каманда трэнэра Губэрта Вагнэра. Чатыры гады таму Чэмпіянат сьвету па валейболу праходзіў у Польшчы і тады палякі заваявалі золата пад кіраўніцтвам трэнэра Стэфана Анцігі (Stephane Antiga). У гэтым годзе на пляцоўках Італіі і Баўгарыі золата заваявала нацыянальная зборная Польшчы пад кіраўніцтвам бэльгійца Віталя Гэйнэна (Vital Heynen).

Рышард Босэк, які быў у «залатой» польскай зборнай 44 гады таму, захоплены гульнёй маладых калег у фінальным матчы з бразыльцамі.

Р.Босэк: Нашая каманда была непераможнай ня толькі, калі казаць пра тэхніку гульні, індывідуальную гульню паасобных валейбалістаў, але таксама калі казаць пра баявы дух, характар, сілу волі, барацьбу… усё…

Рышард Босэк лічыць, што на перамогу палякаў паўплывалі два фактары.

Р.Босэк: Я думаю, што асноўнай была падача. Я не кажу пра яе сілу, але пра тактыку, якая зьяўляецца адметнасьцю кожнай каманды. Паводле мяне, галоўнымі, на самой справе, былі падача і прыняцьце падачы, якія дагэтуль у нас былі з пэўнымі хібамі, а тым часам у апошніх трох матчах ніхто нашых ня змог спыніць. Вядома, што ўсё іншае таксама было на высокім узроўні, але гэтыя два элемэнты былі вырашальнымі.

Босэк верыць, што палякі добра сябе пакажуць таксама праз два гады на алімпійскіх гульнях у Токіё.

Р.Босэк: Гэтая каманда маладая, найстарэйшым гульцам 30 гадоў. На алімпіядзе двум будзе 32 гады. Яны будуць у вельмі добрай форме. Трэнэр прыме пэўна 2-3 новых гульцоў. Я ўпэўнены, што гэтая зборная добра сябе пакажа. Гэта добрыя і вопытныя гульцы. Я лічу, што па колькасьці валейбалістаў самага высокага клясу, няма лепшай каманды, чым наша.

Самым лепшым гульцом на чэмпіянаце быў абраны паляк Барташ Курэк. Спартовец расказвае, што перамога на чэмпіянаце сьвету для яго незвычайны момант.

Б.Курэк: Мы зьдзейсьнілі нашыя мары. Мы зрабілі тое, для чаго мы сустрэліся пяць месяцаў таму. Гэта неймаверная прыгода, шалёная дарога праз Баўгарыю ў Турын, якая закончылася найлепшым з магчымых вынікам. Мы вельмі добра папрацавалі, і пра гэта трэба пастаянна казаць, бо я адзін без калег не зрабіў бы нічога. Калі мне ўручалі ўзнагароду, я імкнуўся ім гэта сказаць, што я адзін нічога бы не дасягнуў. З такімі калегамі і з іх падтрымкай можна зрабіць усё.

Барташ Курэк падкрэсьлівае, што бразыльская каманда была небясьпечным праціўнікам.

Б.Курэк: Я думаю, што ў іх былі шанцы, былі небясьпечныя моманты, але мы здолелі іх перамагчы. Мы ведалі, што яны не здадуцца, нават калі ў нас будзе вялікая перавага, не перастануць змагацца. Я думаю, што гэта быў наш дзень.

Барташ Курэк здабыў для бела-чырвоных 24 балы. 12 – заваяваў Міхал Кубяк, 10 Артур Шальпук.

23-гадовы вінг-спайкер Шальпук плянуе пампэзна сьвяткаваць перамогу на чэмпіянаце.

А.Шальпук: У мінулым мы з маім калегам Олекам Сьліўкам (таксама ў нацыянальнай зборнай- рэд.) заваёўвалі мэдалі на моладзевых спаборніцтвах, а цяпер нам адразу ўдалося здабыць першы «дарослы». Я сёньня ня думаю спаць. Я буду сёньня радавацца гэтым мэдалём, бо ня ведаю, ці калі-небудзь яшчэ ў мяне будзе такая нагода.

Акрамя ўзнагароды Барташа Курэка, як самага лепшага гульца на чэмпіянаце сьвету па валейболе 2018 г., палякі атрымалі яшчэ тры ўзнагароды: адным з двух лепшых вінг-спайкераў абраны Міхал Кубяк, адзін з двух самых лепшых цэнтральных блякуючых – Пётр Навакоўскі і лібэро – Павал Заторскі.

Срэбра на італьянска-баўгарскім чэмпіянаце міру па валейболе здабылі бразыльцы, бронзу заваявала амэрыканская зборная, якая ў Турыне перамагла сэрбаў у матчы за трэцяе месца.

Польская нацыянальная зборная замест раніцою, вярнулася з Італіі вечарам, таму што самалёт, якім спартоўцы павінны вяртацца ў Польшчу, зачапіў у аэрапорце аўтамабіль, які забірае багаж з самалётаў.

яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт