Logo Polskiego Radia
Print

За што адзначаныя ляўрэаты Нобэлеўскай прэміі?

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 04.10.2018 17:49
  • 4.10_навука_Нобэлі.mp3
Сёлетнія ляўрэаты Нобэлеўскай прэміі адзначаны за вынахадоніцтвы, якія служаць абароне здароўя чалавека.
flickr.com/CC0

На гэтым тыдні сталі вядомыя ляўрэаты Нобэлеўскай прэміі. У панядзелак абвесьцілі ляўрэатаў па фізіялёгіі й мэдыцыне, у аўторак – па фізыцы і ў сераду – па хіміі. У прынцыпе, усе гэтыя тры ўзнагароды сёлета прызнаныя за вынаходніцтвы, якія выкарыстоўваюцца для лячэньня чалавека.

Нобэлеўскую прэмію па фізыцы прысудзілі навукоўцам, якія працавалі ў лазернай галіне і прыдумалі новы спосаб выкарыстаньня лазернага сьвятла.

Прэстыжную ўзнагароду атрымаў амэрыканскі навуковец Артур Эшкін за вынаходніцтва аптычных пінцэтаў і іх прымяненьне ў біялягічных сыстэмах.

Што гэта азначае на практыцы, тлумачыць польскі фізык Томаш Рожэк.

Т.Рожэк: Гэта здольнасьць такім чынам мадыфікаваць лазернае сьвятло, каб любы аб’ект, у тым ліку вельмі малы, можна было злапаць, і, як у фільме «Зорныя войны», у сілавым полі круціць іх на ўсе бакі і дасьледаваць з розных пэрспэктыў. Гэта небывалая прылада, якая выкарыстоўваецца ў біялягічных і мэдычных навуках, напрыклад, для вывучэньня фрагмэнтаў ДНК.

З дапамогай аптычнага пінцэту Артура Эшкіна можна маніпуляваць часьціцамі, атамамі, вірусамі, а таксама іншымі жывымі клеткамі.

Сёньня аптычныя пінцэты выкарыстоўваюцца для вывучэньня мэханізмаў жыцьця.

Другую частку Нобэлеўскай прэміі па фізыцы атрымалі францускі й амэрыканскі фізык Жэрар Муру й канадзкі навуковец Дона Стрыклэнд – за вынаходніцтва мэтаду генэрацыі ўльтракароткіх высокаінтэнсіўных аптычных імпульсаў.

Тлумачыць Томаш Рожэк: Гэта ўзнагарода за стварэньне мэтаду, які дазваляе на тое, каб прамень лазера быў вельмі інтэнсіўны і надзвычай кароткі. Падобным чынам дзейнічае фотаўспышка. Калі вы калі-небудзь рабілі здымкі з фотаўспышкай, то ведаеце, што моцная фотаўспышка дае магчымасьць паказаць на фота больш дэталяў. Калі нехта рабіў здымкі аб’ектаў у руху, то ведае, што трэба паставіць вельмі кароткі час фотаўспышкі, бо ў іншым выпадку фота будуць замазаныя. Падобна – хуткі лазерны імпульс дае магчымасьць фатаграфаваць і здымаць на відэа аб’екты, якія вельмі хутка мяняюцца, рухаюцца, напрыклад, падчас біяхімічнай унутрыклеткавай рэакцыі.

Тэхніка, вынайдзеная навукоўцамі, стала стандартнай для высокаінтэнсіўных лазераў. Яе выкарыстоўваюць, у прыватнасьці, у мільёнах апэрацый па карэкцыі зроку.

Нобэлеўскай прэміяй па мэдыцыне і фізіялёгіі за 2018 год уганараваны амэрыканец Джэймс Пі Элісан (James P. Allison) і японец Тасуку Хондзё (Tasuku Honjo) за стварэньне супрацьракавай тэрапіі з дапамогай інгібіраваньня адмоўнай рэгуляцыі імуннай сыстэмы.

У чым заключаецца вынаходніцтва, тлумачыць Томаш Рожэк: Нобэлеўская ўзнагарода па мэдыцыне зьвязаная з тым, што вучоныя знайшлі мэтад, як «угаварыць» нашую ўласную імунную сыстэму, каб яна змагалася супраць рака. Гэта вельмі важнае вынаходніцтва. У Польшчы ўжо таксама распрацаваныя тэрапіі, якія абапіраюцца на дасьледаваньні сёлетніх ляўрэатаў – гэтак званыя інгібітары кантрольных кропак. Ёсьць лякарствы, якія ўзьдзейнічаюць на рэцэптары леўкацытаў іммунай сыстэмы чалавека, і гэтыя лякарствы застаўляюць леўкацыты змагацца з пухлінай.

Нобэля ў галіне хіміі прысудзілі за вывучэньне фэрмэнтаў.

Амэрыканцы Фрэнсіс Арналд і Джорж Сьміт, а таксама навуковец з Кэмбрыджу Грэгары Ўінтэр сталі сёлетнімі ляўрэатамі Нобэлеўскай прэміі ў галіне хіміі. Яны былі ўдастоеныя за дасьледаваньне эвалюцыі фэрмэнтаў.

У чым сутнасьць вынаходніцтва? – Томаш Рожэк: У гэтым выпадку мы маем дачыненьне з выкарыстаньнем прынцыпаў, якія стварыла эвалюцыя. Навукоўцы вывучылі як мадыфікаваць фэрмэнты такім чынам, каб яны рабілі тое, што мы хочам.

Фэрмэнты - гэта пратэіны, якія зьяўляюцца каталізатарамі хімічных рэакцый.

Атрыманыя такім чынам фэрмэнты выкарыстоўваюцца ў працэсе вытворчасьці біяпаліва й лекаў.

Такім чынам можна сказаць, што сёлетнія ляўрэаты Нобэлеўскай прэміі па мэдыцыне, фізыцы і хіміі былі адзначаны за вынахадоніцтвы, якія служаць абароне здароўя чалавека.

яс/PR3

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт