Logo Polskiego Radia
Print

У Польшчы ўшаноўваюць памяць ахвяр Галакоста

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 15.10.2018 15:52
  • памяць ахвяр.mp3
У гадавіну паўстаньня ў нямецкім канцлягеры Сабібор польскія ды ізраільскія палітыкі заклікалі зрабіць сьвет вольным ад нянавісьці.
Foto: PAP/Wojciech Pacewicz

На месцы масавай трагедыі прайшла супольная малітва сьвятароў розных канфэсій.

14 кастрычніка 1943 года пачалося паўстаньне ў нацысцкім канцэнтрацыйным лягеры ў Сабіборы. Вязьні перарэзалі тэлефонныя кабелі, пашкодзілі трансфарматар ды напалі на нямецкіх вартаўнікоў ды кінуліся ўцякаць. Ад куль ды мінаў загінула каля ста чалавек, дзьвесьце змаглі ўцячы. Вайну перажылі некалькі дзясяткаў чалавек.

У 75-гадавіну тых падзей у Сабіборы прайшла ўрачыстае мерапрыемства памяці паўстаньня. Ва ўрачыстасьці ўзялі ўдзел прадстаўнікі польскага ўраду, сьвятары, сьведкі гісторыі ды прадстаўнікі дзяржаў, чые грамадзяне загінулі ў нацысцкім канцлягеры.

Урачыстасьці пачаліся з прадстаўленьня ліста ад прэзыдэнта Польшчы Анджэя Дуды, які прачытаў міністар з прэзыдэнцкай канцылярыі Войцех Калярскі.

Войцех Калярскі: Паўстаньне мела вялізарнае значэньне, у першую чаргу гэта дазволілі вырвацца на волю 300 вязьням. Таксама яно стала дэманстрацыяй таго, што злачынцы з нямецкіх канцэнтрацыйных лягераў не застануцца без пакараньня, настане для іх час заплаты за іх жудасныя злачынствы.

Падчас урачыстасьці адбылося адзначэньне Камандорскім крыжам Ордэна Адраджэньня Польшчы аднаго з лідараў паўстаньня ў канцлягеры – Леона Фэльгэндлера – пасьмяротна. Віцэ-прэм’ер і міністар культуры Польшчы Пётр Глінскі заявіў, што паўстаньне ў Сабіборы – гэта геройскі вычын ды папярэджаньне для сучасьнікаў.

Пётр Гліньскі: Сёньняшні дзень – гэта сьвята памяці пра герояў ды ахвяраў Сабібору. Але ня толькі, гэта напамін для нас, чым пагражае расізм ды злачынная нянавісьць ды стэрэатыпы ў дачыненьні да іншых. Незалежна ад таго на якім фундамэнце такая нянавісьць будуецца: ідэалягічным, рэлігійным, этнічным ці нацыянальным. Нас абавязвае маральны імпэратыў, каб рабіць усё, каб сьвет быў вольны ад гэтай нянавісьці. Заклікаю ўсіх далучыцца да гэтага звароту.

Амбасадара Ізраіля ў Польшчы Ганна Азары падкрэсьліла, што памяць пра тыя трагічныя падзеі трэба перадаваць наступным пакаленьням.

Ганна Азары: Адсюль, з гэтага жудаснага месца, дзе яшчэ пахаваны прах людзей, мы мусім выступіць супраць нянавісьці. Мы мусім перадаць моладзі гісторыю Сабібору, каб яны ведалі, да чаго можа прывесьці неталерантнасьць.

Урачыстасьць завяршыліся сумеснай экумэнічнай малітвай за ахвяры канцлягеру каталіцкага, праваслаўнага, пратэстанцкага сьвятароў ды галоўнага рабіна Польшчы.

Дапаможны біскуп люблінскай архідыяцэзіі Мечыслаў Цісла, заявіў, што важна захоўваць памяць пра Сабібор.

Мечыслаў Цісла: Памяць і папярэджаньне. Памяць пра ахвяры ды злачынствы, і папярэджаньне, каб ніколі больш не было ідэалёгіі сьмерці, нянавісьць у дачыненьні да людзей, якая нараджаецца з шавінізму ды расізму. Гэта пасланьне дадзенага месца.

Галоўны рабін Польшчы Майкл Шчудрых зазначыў, што сустрэчы на месцы нацысцкіх канцлягераў вельмі патрэбныя, бо гэта ўшанаваньне памяці ўсіх ахвяр нацысцкага генацыду.

Майкл Шчудрых: Адзін са спосабаў на ўшанаваньне памяці – гэта сумесна малітва. Быць тут разам – гэта яшчэ адзін моцны ды эфэктыўны спосаб, як можна ўшанаваць памяць пра тыя падзеі. Памятаць трэба, калі мы не хочам, каб гэта здарылася зноў.

У канцэнтрацыйным лягеры Сабібор падчас вайны ў 1942-43 гадах у рамках праграмы «Канчатковага вырашэньня габрэйскага пытаньня ў Эўропе» нацысты забілі недзе 200 тысяч чалавек, у асноўным габрэяў з розных закуткаў Эўропы.

Цяпер у Сабіборы вядуцца працы над стварэньні Музэю канцлягера, якая будзе філіялам дзяржаўнага музэя ў Майданку. Адкрыцьцё ўстановы заплянавана на вясну 2020-га года.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт