Logo Polskiego Radia
Print

У Польшчы завяршаецца мясцовая выбарчая кампанія

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 16.10.2018 16:11
  • У Польшчы завяршаецца.mp3
У бліжэйшую нядзелю палякі пойдуць галасаваць за сваіх прадстаўнікоў у органах мясцовага самакіраваньня.
photo: www.pixabay.com

Хоць выбары і мясцовыя, выбарчую кампанію выкарыстоўваюць галоўныя палітычныя сілы краіны, каб высьветліць, які курс падтрымліваюць палякі.

21 кастрычніка ў Польшчы пройдуць мясцовыя выбары, на якіх абіраюцца дэпутаты мясцовых радаў, а таксама кіраўнікі вёсак, мэры гарадоў ды іншых органаў мясцовага самакіраваньня. Хоць выбары і маюць лякальны характар, іхныя вынікі будуць мець важнае значэньне. У першую чаргу таму, што гэта пачатак доўгага выбарчага маратону ў Польшчы. Пасьля мясцовых выбараў вясной 2019 года пройдуць выбары ў эўрапейскі парлямэнт, восеньню - парлямэнцкія выбары, а на пачатку 2020-га года пройдуць прэзыдэнцкія выбары. У зьвязку з гэтым, перамога на мясцовых выбарах важная для маралі палітыкаў. Пераможца атрымае новыя сілы, натхненьне да далейшай працы, таксама мабілізацыю выбарцаў, пішуць польскія СМІ.

Менавіта таму апошні тыдзень выбарчай кампаніі пачаўся з партыйных кангрэсаў, якія зладзілі шэраг палітычных партый у Польшчы, у тым ліку і дзьве найбольш папулярныя сілы - кіроўная партыя «Права і справядлівасьць» (ПіС) ды апазыцыйная партыя «Грамадзянская плятформа», якая на выбары ідзе ў грамадзянскай кааліцыі з партыяй «Сучасная».

Кіроўная партыя правяла свой выбарчы кангрэс у Кракаве. На сход прыехаў прэм’ер-міністар Матэвуш Маравецкі, які падсумаваў дзеяньні ўраду за апошнія гады. Паводле ягоных словаў, урад ПіС зрабіў эканоміку кіраванай, а таксама дамогся гістарычнай ды сацыяльнай справядлівасьці.

Матэвуш Маравецкі: Сацыяльная справядлівасьць – гэта наша вялікае дасягненьне, якое ў нас ніхто не забярэ. У гэтым нас хваляць міжнародныя ўстановы, сярод якіх Эўрапейская камісія, паводле якой мы зьменшылі галечу сярод дзяцей ды моладзі найхутчэй у Эўропе. У гэтым мы апераджаем Швэцыю, Францыю, Нямеччыну. Гэта іх дадзеныя, іх падлікі. Гэта наша вялікае дасягненьне.

«Права і Справядлівасьць» разьлічвае, што партыйныя кандыдаты перамогуць у большасьці рэгіёнах Польшчы, там, дзе не перамогуць, партыя лічыць на стварэньне кааліцый з прадстаўнікамі лякальных палітычных сіл. Пра гэта распавёў Польскаму радыё старшыня сталага камітэта Рады Міністраў Яцэк Сасін.

Яцэк Сасін: Я думаю, што ў многіх гарадах мы здабудзем кааліцыйную здольнасьць, аднак, мы ня пойдзем у кааліцыю з галоўнымі сіламі апазыцыі, якія выступаюць ва ўсім супраць нас. Мы хочам зьмяніць Польшчу, хочам ажыцьцяўляць добрыя зьмены, яны хочуць закансэрваваць усю тую паталёгію, якой абрасла Польшча за апошнія 20 год. Тут згоды ня будзе. Але ёсьць шмат розным мясцовых асяродзьдзяў, новых палітычных груп, якія могуць быць цікавым партнэрам для нас.

На перамогу разьлічвае таксама апазыцыйная «Грамадзянская кааліцыя». Найлепшая сытуацыя для кааліцыі склалася ў Варшаве, дзе, паводле сацапытаньняў, найбольшую падтрымку мае іхні кандыдат Рафал Тшаскоўскі. За яго гатова галасаваць 42% жыхароў сталіцы. Кіраўнік партыі «Грамадзянская плятформа» Гжэгаш Схэтына зьвярнуўся да выбарцаў з заклікам пайсьці на мясцовыя выбары, мабілізаваць усе пазытыўныя сілы, каб змагацца з прыватызацыяй дзяржавы з боку кіроўнай партыі.

Гжэгаш Схэтына: Сёньня мы гаворым вельмі выразна, што прыклад палітыкі захопу, прыватызацыі, напаўненьне сабе кішэняў – гэта сталая і абсалютная рыса палітыкі ПіС. З гэтай практыкай мы мусім скончыць і паказаць палякам, што больш ніколі ня будзе прыватных спраў у публічнай палітыцы.

Партнэры па кааліцыі з партыі «Сучасная» дадаюць, што прыватызацыя дзяржавы праяўляецца праз раздаваньне пасадаў асобам, зьвязаным з кіроўнай партыяй у дзяржаўных фірмах ды ўстановах. Гаворыць Міхал Ярас з партыі «Сучасная».

Міхал Ярас: Ёсьць шмат такіх розных спадароў, якія трапілі ў розныя дзяржаўныя фірмы, установы. На маю думку, гэтыя асобы нашай краіне не дапамагаюць, а хутчэй шкодзяць. Гэтых спадароў трэба выкурыць з нашых дзяржаўных устаноў, з дзяржаўных канцэрнаў. Яны прыносяць адны клопаты, а не дадатковую вартасьць.

21 кастрычніка ў Польшчы пройдуць мясцовыя выбары. На перамогу як у сталіцы, так і ў рэгіянальных цэнтрах на захадзе Польшчы лічыць апазыцыя. Кандыдаты ад кіроўнай партыі перамагаюць у Лодзі ды рэгіянальных цэнтрах на ўсходзе краіны. У меншых гарадах моцныя пазыцыі маюць лякальныя сілы.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт