Logo Polskiego Radia
Print

У Польшчы ўшаноўваюць людзей, якія ратавалі габрэяў у часы вайны

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 18.10.2018 16:11
  • праведнікі.mp3
За прыхоўваньне габрэяў палякам пагражала сьмяротнае пакараньне.
Выстава, прысьвечаная палякам, якія ратавалі габрэяўВыстава, прысьвечаная палякам, якія ратавалі габрэяўPAP/Darek Delmanowicz

З 17 па 19 кастрычніка ў Польшчы ў трэці ўжо раз адбываецца Зьезд палякаў, якія ратавалі габрэяў падчас Другой сусьветнай вайны. Гэта важная для польскай гістарыяграфіі старонка, паколькі няшмат людзей на сьвеце ведае, што ў часы вайны нямецкія акупанты ўвялі ў Польшчы вельмі жорсткія правілы, датычныя дапамогі асобам габрэйскага паходжаньня. За прыхоўваньне габрэяў або іншую форму дапамогі ім, палякам пагражала сьмяротнае пакараньне, здараліся выпадкі, калі забівалі ня толькі асобу, якая дапамагала габрэям, але таксама ўсю яе сям’ю.

Так жорстка фашысты каралі людзей, якія дапамагалі габрэям, толькі ў Польшчы, дзе перад вайной пражывала вельмі шмат асоб габрэйскага паходжаньня, многія былі глыбока асыміляваныя з палякамі, некаторыя нават ня ведалі мовы сваіх продкаў, сябравалі з палякамі, жаніліся з полькамі або выходзілі замуж за палякаў. І таму ў жорсткія ваенныя часы многія перажывалі вельмі трагічную дылему – дапамагчы габрэям, рызыкуючы жыцьцём, ці пакінуць іх на немінучую сьмерць?

Пасьля вайны, калі была створаная габрэйская дзяржава Ізраіль, самаахвярная дапамога габрэям з боку палякаў была высока ацэненая – у сьпісе праведнікаў народаў сьвету найбольш асоб польскай нацыянальнасьці. Праведнік народаў сьвету – гэта самая прэстыжная ізраільская ўзнагарода, такі тытул прысвойваецца чалавеку, які ратаваў габрэяў падчас вайны. У польскім горадзе Жэшаў у гэтыя дні адбываецца зьезд палякаў, якія ратавалі габрэяў. У ім удзельнічае каля 70 асоб, якія па прычыне пажылога ўзросту прыехалі пераважна са сваімі блізкімі. З Жэшава перадае Ялянта Данак.

Я. Данак: Біяграфіі ўсіх гэтых людзей маглі б стаць падставай для кінасцэнару. Трагічнага кінасцэнару, паколькі толькі ў Польшчы за прыхоўваньне габрэяў пагражала сьмяротнае пакараньне. Такім чынам страцілі жыцьцё 2,5 тыс. палякаў. Сярод іх – сям’я Ульмаў з вёскі Маркова (восем чалавек, у тым ліку шасьцёра дзяцей - рэд.). Іхняе імя носіць Музэй палякаў, якія ратавалі габрэяў падчас Другой сусьветнай вайны. Музэй знаходзіцца менавіта ў гэтай вёсцы на паўднёвым усходзе Польшчы. Удзел у зьезьдзе зьяўляецца для многіх ваенных герояў добрай нагодай, каб убачыць гэты музэй, паколькі ў пятніцу адбудзецца афіцыйнае адкрыцьцё Саду памяці. Гэта месца, прысьвечанае польскім праведнікам народаў сьвету. У рамках зьезду адбудзецца таксама ўручэньне дзяржаўных узнагарод, прысвоеных прэзыдэнтам Польшчы. Удзельнікі сустрэчу змогуць таксама ўбачыць спэктакль Жэшаўскага тэатру імя Ванды Сямашка пад назваю «Праведнікі – гісторыя сям’і Ульмаў».

Сад праведнікаў зьяўляецца інтэгральнай часткай музэю. Ён згадвае з аднаго боку любоў Юзэфа Ульма да садоўніцтва, а з другога боку прыгадвае Сад праведнікаў Інстытуту Яд Вашэм у Ерусаліме. Там, сярод зялёных дрэваў, знаходзяцца памятныя дошкі з прозьвішчамі асоб, якія ратавалі габрэяў. У сваю чаргу ў польскім садзе-музэі ўвага сканцэнтраваная толькі на мясцовасьцях Польшчы, дзе такая дапамога адбывалася. Агулам у краіне ў часы вайны было як мінімум 6700 праведнікаў, гэта самая вялікая колькасьць з усіх дзяржаў сьвету. Для прыкладу, у Беларусі зафіксавана каля 600 праведнікаў.

На памятных дошках у садзе напісаныя назвы тых мясцовасьцяў, дзе дзейнічалі польскія праведнікі народаў сьвету. Некаторыя назовы зьяўляюцца ўжо толькі гістарычнымі, паколькі дадзеныя населеныя пункты перасталі існаваць, але яны былі на мапе Польшчы перад вайной. Аўтары саду памяці адзначаюць, што ў сьпісе і прозьвішчаў і мясцовасьцяў, дзе дзейнічалі праведнікі, далёка ня ўсе асобы, якія дапамагалі габрэям і далёка ня ўсе месцы, дзе яны дзейнічалі. Па-першае, гэта вынік кансьпірацыйнага характару дзейнасьці праведнікаў, а з другога – некарысны ўплыў часу, паколькі па натуральных прычынах у жывых з кожным годам застаецца ўсё менш сьведкаў тых трагічных падзей.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт