Logo Polskiego Radia
Print

Польскі бізнэс лічыць беларускі рынак пэспэктыўным напрамкам

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 24.10.2018 14:16
  • бізнэс-форум.mp3
На Польска-беларускім бізнэс-форуме адбылося падпісаньне дамоваў паміж эканамічнымі партнэрамі.
Ілюстрацыйны здымакІлюстрацыйны здымакwww.pixabay.com/CC0 Creative Commons

У Варшаву прыбылі прадстаўнікі некалькіх дзясяткаў беларускіх прадпрыемстваў дзеля падпісаньня афіцыйных дамоваў аб супрацы паміж польскім і беларускім бізнэсам. На жаль, на бізнэс-форум не прыехаў старшыня Савета рэспублікі Нацыянальнага сходу Міхаіл Мясніковіч.

Польска-беларускі бізнэс-форум зладзіла Нацыянальная эканамічная палата Польшчы ў супрацоўніцтве з польскім Сэнатам, Міністэрствам прадпрымальніцтва і тэхналёгій ды Беларускай гандлёва-прамысловай палатай. Плянаваны візыт высокапастаўленага беларускага госьця мог сьведчыць аб тым, што абодва бакі намераныя сканцэнтравацца на эканамічным супрацоўніцтве, стараючыся не закранаць далікатных палітычных тэмаў.

Прысутны на форуме намесьнік старшыні Нацыянальнай эканамічнай палаты Польшчы Марэк Клочка (Marek Kłoczko) адзначыў, што ў бізнэсе найбольшае значэньне адыгрываюць асабістыя кантакты паміж бізнэсоўцамі, якія павінны пазнаёміцца, паразмаўляць, абмяняцца вопытам, і тады можна ладзіць канкрэтныя бізнэс-праекты.

М. Клочка: Такія форумы, як сёньняшні, зьяўляецца вельмі добрай нагодай, каб прадстаўнікі польскіх ды беларускіх прадпрыемстваў сустрэліся, паразмаўлялі пра розныя магчымасьці вядзеньня бізнэсу, і каб гэты бізнэс яны сумесна рабілі. І таму, акрамя афіцыйнай часткі, падпісаньня кантрактаў, якія даюць рамкі для супрацоўніцтва, вельмі важная таксама пазьнейшая бізнэс-частка, канкрэтныя рэзультаты. А тут, у залі, я бачу нямала маіх калег, у якіх вельмі добра складваецца супрацоўніцтва зь беларускім бокам, яны задаволеныя кантактамі зь беларускімі калегамі. А я ўсім жадаю, каб такога супрацоўніцтва было як мага больш.

Старшыня Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Ўладзімер Улаховіч распавёў аб тым, што супрацоўніцтва паміж польскім ды беларускім бізнэсам пашыраецца, чаму можа яшчэ больш паспрыяць між іншым прыняты нядаўна ў Беларусі дэкрэт аб падтрымцы малога і сярэдняга бізнэсу. У Польшчы назапашаны значны досьвед у гэтай галіне, таму беларускі бок мог бы шмат павучыцца ў польскіх калег.

У. Улаховіч: Беларусь і Польшчу многае злучае, у нас традыцыйна вельмі разьвітыя гандлёва-эканамічныя адносіны. Польшча заўсёды была для Беларусі важнейшым эканамічным партнэрам, яна ўваходзіць у пяцёрку інвэстараў у Беларусі. Летась мы правялі 35 сумесных прадпрыемстваў. Самае важнае, каб у выніку гэтых сустрэч падпісваліся камэрцыйныя дакумэнты. У нас пазытыўная дынаміка, мы можам адкрываць новыя нішы для супрацоўніцтва. У Беларусі ў гэтым годзе прыняты вельмі важны дэкрэт аб падтрымцы малога і сярэдняга прадпрымальніцтва. У нашых польскіх партнэраў ёсьць багаты досьвед у гэтай галіне, мы гатовыя скарыстацца гэтым досьведам і разам працаваць па дадзеным напрамку.

Прадстаўнік польскага Сэнату (вышэйшай палаты парлямэнту), старшыня сэнацкай Камісіі нацыянальнай эканомікі ды інвацыйнасьці Анджэй Станіславэк (Andrzej Stanisławek) прадставіў прысутным зварот маршала Сэнату Станіслава Карчэўскага. На жаль, сам старшыня Сэнату не прысутнічаў на форуме.

А. Станіславэк: Рост гандлёвага супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі сьведчыць пра вялікія магчымасьці ў гэтай галіне. Беларускі бок лічыць гэтае супрацоўніцтва магчымасьцю разьвіваць сваю прысутнасьць на рынках Заходняй Эўропы. Беларускія ўлады прымаюць адпаведныя крокі ў гэтай галіне, напрыклад, адмаўляюцца ад новых прэфэрэнцыйных крэдытаў для дзяржаўных прадпрыемстваў, праводзяць перагляд палітыкі працаўладкаваньня на дзяржаўных прадпрыемствах, зьмяншаюць маштаб дзяржаўнага фінансаваньня жыльлёвага будаўніцтва, павышаюць пэнсійны ўзрост. У Беларусі ды Польшчы багаты вопыт двухбаковага супрацоўніцтва. У 2017 годзе наш тавараабарот склаў 2,4 млрд. даляраў, польскія бізнэсмэны заінвэставалі ў Беларусі 325 млн. даляраў.

У кулюарах мы паразмаўлялі таксама з удзельнікамі форуму зь беларускага і польскага боку.

Сяргей Стэцюра, намесьнік старшыні прадстаўніцтва БПС-Сбербанка ў Польшчы: Польшча – вельмі важны гандлёвы партнэр Беларусі і па экспарту, і па імпарту. Важна дапамагаць дзелавым колам Польшчы і Беларусі ў разьвіцьці двухбаковых сувязяў, падтрымліваць з пункту гледжаньня банкаўскіх паслуг, каб бізнэс разьвіваўся, а гандаль паміж краінамі ставіў новыя рэкорды. Мы – суседзі, патэнцыял у нас вялізны. Ёсьць лічбы наконт супрацоўніцтва Беларусі з Расеяй, ёсьць – з Польшчай. Зразумела, супрацоўніцтва з Польшчай значна меншае, але ёсьць шмат магчымасьцяў яго разьвіцьця.

Зьбігнеў Садэцкі, старшыня «Mebis» – Таварыства інвэстыцыйных фондаў: Мы зацікаўленыя аказаньнем фінансавых паслуг у Беларусі. Усё залежыць ад таго, якія ў Беларусі законы. Мы іх вывучаем, разважаем пра магчымасьці вядзеньня бізнэсу. Рынак на пэўна пэрспэктыўны, мы знаходзімся на этапе падрыхтоўкі да супрацоўніцтва, разглядаем магчымасьць стварэньня польска-беларускага прадпрыемства для нашай дзейнасьці.

На бізнэс-форуме адбылося падпісаньне шасьці дамоваў паміж польскімі і беларускімі эканамічнымі партнэрамі. На жаль, мерапрыемства насіла менш прэстыжны характар, чым плянавалася раней, паколькі на яго ня прыбыў па невядомых прычынах старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Міхаіл Мясніковіч, адпаведна, не паявіўся на сустрэчы таксама яго польскі візаві, маршалак Сэнату Станіслаў Карчэўскі. У апошні момант удзел М.Мясніковіча ў форуме быў адменены. Паралельна з бізнэс-форумам у Варшаве праходзіць міжнародная прадстаўнічая канфэрэнцыя, прысьвечаная тэме бясьпекі. Магчыма, адмена прыезду Мясніковіча зьвязаная нейкім чынам з дадзенай падзеяй.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт