Logo Polskiego Radia
Print

PKO BP і Польскі Фонд разьвіцьця ствараюць польскае вылічальнае воблака

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 30.10.2018 16:01
Зараз у Польшчы доля прадпрыемстваў, якія выкарыстоўваюць вылічальнае воблака, складае каля 10 працэнтаў.
Foto: pixabay.com

Банк PKO Bank Polski і Польскі Фонд разьвіцьця (Polski Fundusz Rozwoju) вырашылі сумесна стварыць польскае вылічальнае воблака.

Праект дазволіць польскім кампаніям і дзяржаўнай адміністрацыі атрымаць доступ да высокай якасьці ІТ-паслуг, зьвязаных з бясьпечным захоўваньнем і дыстанцыйнай апрацоўкай дадзеных.

Генэральны дырэктар PKO Bank Polski Збігнеў Ягела (Zbigniew Jagiełło), падкрэсьлівае, што гэта вельмі важны праект для польскай эканомікі.

З.Ягела: Абмяркоўваючы ўжо пэўны час пытантне польскага вылічальнага воблака і міграцыю фінансавых паслуг у воблака, мы вырашылі, што самым лепшым партнэрам нашай дзейнасьці, якая адначасова будзе вельмі карыснай для польскай эканомікі і польскай адміністрацыі, будзе арганізацыя Польскі фонд разьвіцьця.

Дырэктар PKO Bank Polski Ягела спадзяецца, што праект стане камэрцыйным посьпехам і, магчыма, увойдзе на Варшаўскую фондавую біржу.

Вылічальнае воблака будзе даступнае таксама малым і сярэднім прадпрыемствам.

Дырэктар другога ўдзельніка праекту, Польскага фонду разьвіцьця, Павал Борыс спадзяецца, што польскае вылічальнае воблака пачне дзейнічаць у наступным годзе.

П.Борыс: Першымі кліентамі будуць PKO Bank Polski i Польскі фонд разьвіцьця, і мы на сабе выпрабуем гэтыя вырашэньні. Мы спадзяемся, што малыя і сярэднія прадпрыемствы будуць карыстацца гэтым воблакам. Прапанаваныя намі вырашэньні абыдуцца прадпрымальнікам больш танна, яны гарантуюць больш высокую якасьць і бясьпеку, чым паслугі, даступныя цяпер на рынку.

Мяркуецца, што на працягу 5 гадоў польскія кампаніі ўкладуць у новую лічбавую сыстэму 24 млрд злотых.

Зараз у Польшчы доля прадпрыемстваў, якія выкарыстоўваюць вылічальнае воблака, складае каля 10 працэнтаў. У Эўропе лідэрамі ў гэтай галіне зьяўляюцца скандынаўскія краіны, у якіх гэтую тэхналёгію выкарыстоўвае 60-70 працэнтаў.

Вылічальнае воблака захоўвае дадзеныя, файлы і прыкладаньні ў воблаку – на сэрвэрах, разьмешчаных па ўсім сьвеце, за межамі лякальнай карпаратыўнай сеткі. Воблачныя вылічэньні зьяўляюцца неабмежаваным рэсурсам дадзеных, які дазваляе пазбавіцца ад выдаткаў на набыцьцё сэрвэраў.

яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт