Logo Polskiego Radia
Print

У Варшаве ўзнагародзілі "вартаўнікоў памяці"

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 07.11.2018 13:16
  • strażnik pamięci.mp3
Прэмія ўручаецца асобам або ўстановам, якія займаюцца аднаўленьнем памяці пра польскую гісторыю.
на здымку: ксёндз Станіслаў Высоцкіна здымку: ксёндз Станіслаў ВысоцкіPAP/Rafał Guz

У самым сэрцы польскай сталіцы – у Каралеўскім замку – прайшла ўрачыстасьць уручэньня ўзнагарод пад назваю «Вартаўнік памяці» (Strażnik Pamięci). Прэмія ўручаецца асобам або ўстановам, якія займаюцца папулярызацыяй польскай гісторыі.

Урачыстае ўручэньне ўзнагарод «Вартаўнік памяці» зладзіў тыднёвік правай арыентацыі «Do rzeczy». Вартаўнікоў памяці выбіраюць кожны год, сёлета ўзнагарода ўручаецца ўжо шосты раз. Вартаўнікамі памяці сталі прафэсар Марэк Ян Хадакевіч, Польская энэргетычная кампанія (Polska Grupa Energetyczna) і Зьвяз ахвяр аўгустоўскай аблавы. Узнагарода была заснаваная з мэтаю ўшаноўваць людзей, установы ды мэцэнатаў, якія дзякуючы сваёй дзейнасьці спрыяюць аднаўленьню памяці пра польскую гісторыю.

Па катэгорыі «Асоба» быў адзначаны прафэсар Марэк Ян Хадкевіч, які пражывае ў Злучаных Штатах Амэрыкі. Галоўны рэдактар тыднёвіка «Do rzeczy» Павал Лісіцкі сказаў, што менавіта гэты гісторык паўплываў на выступленьне Дональда Трампа ў Варшаве, у якім амэрыканскі прэзыдэнт згадаў пра памяць герояў Варшаўскага Паўстаньня.

П. Лісіцкі: Такім чынам мы стараліся паказаць, што лічыцца ня толькі гісторыя, але і сучасныя падзеі. На маю думку, калі б ня дзейнасьць гісторыка Марэка Яна Хадакевіча, то гэтая прамова Трампа гучала б зусім інакш. І важныя для палякаў тэмы ім зусім бы не закраналіся.

Па катэгорыі «Інстытуцыя» прэміяй быў узнагароджаны Зьвяз ахвяр аўгустоўскай аблавы. Нагадаем, так у Польшчы называюць апэрацыю савецкіх войскаў ды НКВД, якія ў пасьляваенныя месяцы змагаліся з польскім антыкамуністычным падпольлем на паўночным усходзе Польшчы – у ваколіцах Сувалак і Аўгустава. Часам гісторыі кажуць пра аблаву «Малая Катынь». Ад імя актывістаў Зьвязу за ўзнагароду дзякаваў старшыня таварыства ксёндз Станіслаў Высоцкі.

С. Высоцкі: Мы выражаем сваю ўдзячнасьць, але пры гэтым мы спадзяемся, што вы дапаможаце адкрыць поўную праўду пра Аўгустоўскую аблаву. Ахвяры ўсё яшчэ крычаць: «Зямля, не скрывай нашай крыві!». І каб наш крык ня сьціх.

На
На здымку Г. Бараноўскі

Узнагароду па катэгорыі «Мэцэнат» атрымала Польская энэргетычная кампанія. Старшыня прадпрыемства Генрык Бараноўскі падзякаваў за прэмію і адзначыў, што яго фірма не заўсёды на першае месца ставіць фінансавыя пытаньні.

Г. Бараноўскі: Цяжка сабе ўявіць, што мы будзем сьмела глядзець у будучыню, калі мы ня будзем разумець наша мінулае і памятаць пра яго. Пра тое, хто мы і кім павінны быць.

на
на здымку прэм'ер-міністар М. Маравецкі

Прысутны на ўрачыстым вечары прэм’ер-міністар Матэвуш Маравецкі падкрэсьліваў, што памяць вельмі важная для пакаленьня палякаў, якія жывуць цяпер у Польшчы, а таксама дзеля магутнасьці дзяржавы. Ён дадаў, што памяць зьяўляецца неабходным элемэнтам эфэктыўнай дзейнасьці на міжнароднай арэне.

М. Маравецкі: Патрыятызм зьяўляецца плодам дрэва памяці. Гэтае дрэва нам вельмі патрэбнае. Я дзякую ўсім, хто палівае гэтае дрэва, клапоціцца аб ім. Толькі так, на гэтым фундамэнце мы можам адбудаваць памяць пра нашу вялікую гісторыю, будаваць нашу сучасную тоеснасьць. І тады, дзякуючы гэтым каштоўнасьцям, мы будзем яшчэ адважней глядзець у будучыню і дасягаць тыя мэты, якія перад сабою ставім.

Адмысловую ўзнагароду «Вартаўніка памяці» атрымала таксама прадпрыемства Польскія дзяржаўныя лясы за ўнёсак лясьнічых у змаганьне за поўную незалежнасьць Польшчы на працягу апошніх ста гадоў.

ІАР/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт